Беларускія вайскоўцы жывуць фэйкамі? Начальнік беларускага ГРУ распавёў аб мэтах у Польшчы для ракетных удараў

У выпадку ваеннага канфлікту паміж еўрапейскімі краінамі і Расіяй Беларусь нанясе ракетныя ўдары па цэлях у Польшчы. Пра гэта заявіў начальнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Руслан Касыгін.

photo_2021_09_13_08_50_44.jpg


Кіраўнік вайсковай выведкі пералічыў першачарговыя аб'екты для ракетнага ўдару на тэрыторыі Польшчы: цэнтры прыняцця рашэнняў, элементы сістэмы кіравання, пункты сталай дыслакацыі ўзброеных сіл, арсеналы і базы, а таксама крытычна важныя аб'екты эканомікі і транспартнай інфраструктуры, піша REFORM.by.

«Перш за ўсё менавіта польскаму кіраўніцтву трэба разумець, што ў выпадку пачатку ваеннага канфлікту тэрыторыя Польшчы з яе ваеннай інфраструктурай становіцца першачарговым аб'ектам удару, а менавіта: цэнтры прыняцця рашэнняў, элементы сістэмы кіравання, пункты пастаяннай дыслакацыі нацыянальных узброеных сіл, арсеналы і базы, а таксама крытычна важныя аб'екты іх эканомікі і транспартнай інфраструктуры. Як ужо не раз гаварыў кіраўнік нашай дзяржавы, адказ будзе імгненным. Менавіта па іх будуць нанесеныя ўдары, калі толькі паспрабуюць размаўляць з нашай дзяржавай з пазіцыі сілы», — заявіў Касыгін.

Ён адзначыў, што Беларусь не з'яўляецца прыхільніцай такога сцэнару, а ва ўсім вінаватыя «паслядоўнікі Алена Далеса».

«Беларусь не з'яўляецца прыхільніцай такога сцэнару, у гэтым зацікаўлены толькі паслядоўнікі Алена Далеса. Гэта яны арганізоўвалі і зрыналі непажаданыя ўрады, выкарыстоўваючы самыя перакручаныя спосабы і метады гібрыднай вайны з ужываннем звычайных узбраенняў, дзе чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці пры дасягненні пастаўленых мэтаў», — мяркуе кіраўнік ГРУ.

Імаверна, высокапастаўлены вайсковы чыноўнік мае на ўвазе выдуманы расійскімі канспіролагамі «План Далеса» (Ален Далес, кіраўнік ЦРУ ў 1953-1961 гадах). Упершыню тэкст «Плана Далеса» быў апублікаваны ў адным з выступаў мітрапаліта Санкт-Пецярбургскага і Ладажскага Іаана (Снычава) у газеце «Советская Россия» 20 лютага 1993 года. Мэтай гэтага «плана» нібыта з'яўлялася знішчэнне СССР метадамі прапаганды, скіраванай на раз'яднанне нацыянальнасцяў і сацыяльных груп, страту традыцый, маральных каштоўнасцяў, маральнае разлажэнне насельніцтва краіны.

Відавочна, канспіралагічныя тэорыі, народжаныя ў расійскім чарнасоценскім асяроддзі, папулярныя ў беларускіх чыноўнікаў. Пра «план Далеса» ў канцы 2020 года студэнтам БДУ распавядала Наталля Качанава.

Руслан Касыгін, ураджэнец украінскага Гурзуфа, шырокай грамадскасці стаў вядомы яшчэ ў 2015 годзе, калі ў сваіх сацыяльных сетках адкрыта падтрымліваў расійскую агрэсію супраць Украіны. Дзякуючы сваёй прарасійскай пазіцыі зрабіў імклівую кар'еру і ў ліпені 2020 года ўзначаліў ГРУ ГШ УС Беларусі.