З 9 ліпеня Польшча спрашчае атрыманне дазволу на часовае пражыванне беларусаў з гуманітарнай візай

Ад заўтра, 9 ліпеня, Польшча спрашчае працэдуры атрымання дазволу на часовае пражыванне для грамадзян Беларусі з гуманітарнай візай

Фота polsza.info

Фота polsza.info

Умовай выдачы дазволу на часовае пражыванне з'яўляецца знаходжанне грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі Польшчы на падставе польскай гуманітарнай візы непасрэдна перад падачай заявы на атрыманне дазволу.

З 9 ліпеня Варшава спрашчае працэдуры атрымання дазволу на часовае пражыванне для грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе т. зв. гуманітарнай візы, паведамляецца на ўрадавым сайце. Гэта яшчэ адна праява асаблівай падтрымкі з боку Польшчы беларускага грамадства, якое церпіць рэпрэсіі ў сваёй краіне са жніўня 2020 года.

9 ліпеня 2022 года ўступае ў сілу пастанова, якая дазволіць грамадзянам Беларусі звяртацца за новым відам дазволу на часовае пражыванне. Гэта датычыцца асоб, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе нацыянальных віз з наклейкай «D 21».

Умовай выдачы дазволу на часовае пражыванне з'яўляецца знаходжанне грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі Польшчы на падставе польскай гуманітарнай візы непасрэдна перад падачай заявы на атрыманне дазволу.

Гэта таксама будзе датычыцца выпадкаў, калі тэрмін знаходжання і тэрмін дзеяння нацыянальнай візы падоўжаны ў сувязі са станам эпідэмічнай пагрозы, а грамадзянін Беларусі працягвае знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы на падставе падоўжанай гуманітарнай візы.

Новы спосаб легалізацыі знаходжання для грамадзян Беларусі дае наступныя перавагі:

- дазвол выдаецца тэрмінам на 3 гады

- выдача дазволу будзе вызвалена ад гербавага збору

- уладальнік гэтага віду на часовае пражыванне будзе вызвалены ад абавязку мець дазвол на працу

- з 1 студзеня 2023 г. уладальнік такога віду дазволу на часовае пражыванне зможа хадайнічаць аб выдачы польскага падарожнага дакумента для замежніка.

Дазвол на часовае пражыванне выдаецца ваяводам па месцы знаходжання грамадзяніна Беларусі. У ваяводскіх упраўленнях такімі справамі займаюцца аддзелы па справах грамадзян і іншаземцаў, а ў Мазавецкім, Малапольскім і Вялікапольскім ваяводскіх упраўленнях — аддзелы па справах іншаземцаў. Хадайніцтва аб атрыманні дазволу на часовае пражыванне падаецца разам з асабістай яўкай у ваяводскую ўправу. Інфармацыю аб арганізацыі працы ваяводскіх упраўленняў і прыёме імі заявак можна атрымаць непасрэдна ў гэтых установах.

Паводле Польскага радыё