СААЗ: Колькасць заражэнняў каронавірусам у свеце за два тыдні вырасла амаль на 30%

Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус паведаміў аб рэзкім скачку захворвання на COVID-19 ва ўсім свеце. За мінулыя два тыдні, адзначыў ён, колькасць заражэнняў вырасла амаль на 30%, што абумоўлена распаўсюдам падвідаў мікрону. Апроч існуючых мадыфікацый штаму выяўляюцца і новыя.

__large___medium___medium_32_211117_332836fc70.jpg.jpg.jpg.jpg


У Еўропе і Амерыцы, па словах Гебрэесуса, большасць выпадкаў захворвання — штамы BA.4 і BA.5. Паралельна з гэтым у Індыі з’явіўся чарговы варыянт мікрону, яго назвалі BA.2.75. Ён валодае мацнейшай за папярэднія падвіды здольнасцю ўздзейнічаць на імунітэт, таксама ёсць даныя аб яго больш высокай заразнасці.

За апошнія суткі ў Італіі зарэгістравалі 132 тысячы новых выпадкаў каронавірусу. Аналагічным чынам сітуацыя складваецца ў Германіі, дзе інфекцыю выявілі ў 130 тысяч пацыентаў, а ў Францыі заразіліся амаль 119 тысяч грамадзян.

У Беларусі прырост з 11 траўня па 1 ліпеня склаў 11 170 чалавек. За паўтара месяца памерлі 140 чалавек з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй. Ачунялі 10 тысяч чалавек.