«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 11. Каштоўнасці турэмнікаў: Лубянка галаўнога мозгу

У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала, як следчы Мілеўскі спрабаваў спаведаваць мяне ў пакоі святара, чаму ўмовы ўтрымання ў Навінках горай, чым у ШІЗА, і як і чаму турэмнікі вучаць асуджаных не згарэць у полымі. Сёння распавяду пра сустрэчу з фігуранткай «справы Гайдукевіча», як першая шлюбная ноч палітзняволенай ператварылася ў пекла і як цыбуля можа прывесці ў штрафны ізалятар.

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas_1_1_1_1_1_1_1_1.webp

«Расстреливать таких надо»

— Калі вызвалімся, зраблю табе класны манікюр, — Воля Вайцяховіч задаволена ўсміхнулася. — Трэба верыць, што ўсё абавязкова скончыцца добра, што не будзем мы сядзець доўга. 

Валадарка. Снежань 2021 года. Мы з Воляй у прагулачным дворыку следчага ізалятара. Прыспешваем крок, каб не змерзнуць, размаўляем і адначасова чытаем надпісы на снезе і сценах. Воля спадзяецца знайсці паведамленні ад сына ці мужа. 

І знаходзіць. На сцяне. Сын напісаў, у якой сядзіць камеры. 

Вайцяховічы — фігуранты гучнай справы аб падпале дома адыёзнага дэпутата Гайдукевіча. За кратамі цяпер знаходзіцца ўся сям’я. Літаральна на днях Воля, яе муж, сын і нявестка атрымалі жахлівыя тэрміны. Сяброўку асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі, мужа Віталя — да 19, іх сына Уладзіслава — да 21, яго жонку — да 11 гадоў калоніі.

Да арышту жанчына працавала майстрам па манікюры ў Барысаве. У сям’і трое дзяцей. Малодшаму сыну 9 гадоў. Паследак, улюбёнец бацькоў. 

Гэтая тэма для сяброўкі была самай балючай. Яна плакала, калі распавядала пра яго, часта паказвала яго здымкі.

— Калі нас прывезлі ў КДБ, адзін з супрацоўнікаў кінуў у мой адрас: «А это мать семейства? Расстреливать таких надо!» — з болем успамінала перажытае Вольга.

Жанчына так і не зразумела, за што яе арыштавалі. Разам з тым на справядлівае расследаванне не спадзявалася, але надзея на тое, што прысуд не будзе звязаны з пазбаўленнем волі, у яе тлела.

Як аказалася, марна.

Гомельскі ГУЛАГ: без права людзьмі звацца


Аператыўнікі гомельскай калоніі

Аператыўнікі гомельскай калоніі

ПК-4 не падобная ні на адзін следчы ізалятар. За час знаходжання за кратамі мне давялося прайсці праз пяць СІЗА — жодзінскае, Валадарка, гомельскае (праездам), баранавіцкае і брэсцкае. Але ў ніводным следчым ізалятары я не трапляла ў карцар, у гомельскай жа калоніі я не вылазіла з ШІЗА і ПКТ.

Норавы ў ПК-4 зусім іншыя, ціск — пастаянны, стаўленне — жорсткае. Гомельская калонія — гэта сучасны ГУЛАГ. 

Там няма месца літасці, чалавечнасці. Іх не праяўляюць у дачыненні да цябе, і ты таксама не маеш права гэтыя пачуцці паказваць. За спагаду, салідарнасць, дабрыню цябе караюць. А калі ты да таго ж трымаешся незалежна, цвёрда, маеш сваё меркаванне і, крый божа, яшчэ яго агучваеш, — цябе знішчаюць. 

Махавік рэпрэсій унутры пенітэнцыярнай сістэмы працуе зладжана — гэтак жа, як і звонку. 

Усё адсочваецца, задушваецца, караецца. Суцэльнае падпарадкаванне, знішчэнне тваёй індывідуальнасці, ламанне твайго духу, волі, дезарганізацыя тваёй псіхікі — гэта галоўная мэта сістэмы. І ў адміністрацыі калоніі для яе рэалізацыі ёсць правераныя, дзесяцігоддзямі апрацаваныя метады. 

Калі ў сакавіку 2021 года туды пачалі заязджаць палітвязні, турэмнікі разгубіліся. «А што калі карныя захады на іх не будуць уздзейнічаць, што калі яны астатніх тут на бунт узнімуць, што тады рабіць?» — чухалі рэпу служкі. 

На ўсялякі выпадак вырашылі самым непакорлівым са старту ламаць хрыбты. Метад пугі і перніка таксама выкарыстоўваўся. Часамі гэтыя прыёмы чаргаваліся. Фальшывая спагада «добрага паліцэйскага» выклікала толькі ўсмешку.  

— Оля, да напиши ты уже эту помиловку наконец. Ну что с тебя, корона свалится? Об этом никто не будет знать. Фигу в кармане скрутила и написала, — спрабаваў неяк «гладзіць мяне па галаве» намеснік начальніка калоніі Кавалёў

— Ну вы же адекватная, взрослая, умная дама, — падтаквала падпалкоўнік Лукомская. — Ну тюрьма ведь это не то место, где должна находиться женщина. Вас дома семья ждет. Подумайте о своих родителях, детях. 

Маніпуляцыі, шантаж, пагрозы, дыскрэдытацыя, абясцэньванне, стварэнне і ўмацаванне пачуцця віны, суцэльнай бездапаможнасці, комплексу непаўнавартасці — гэты разбуральны арсенал у дачыненні да палітычных выкарыстоўваецца службоўцамі штодня.

Апроч іншага, чалавека стараюцца максімальна выматаць фізічна, ад’есці яму ўсе вантробы, нанесці як мага большы ўрон яго здароўю. Разлік турэмнікаў: знясіленым і хворым вязнем прасцей маніпуляваць. 

«Шарендо для нас уже отработанный материал», — выказаўся аднойчы пра нязломную палітзняволеную Кавалёў. Паліне тады прысудзілі новы тэрмін за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі», і людзі ў пагонах не хавалі сваёй злараднасці з гэтай нагоды. 

«О, свежее мясо приехало», — казалі турэмнікі пра новы этап. Чула гэта на ўласныя вушы. Горла ціснулі спазмы. Ад агіды хацелася ванітаваць. 

Для гэтых цэрбераў мы — не людзі, не жанчыны, нават не жывыя істоты. Мы — ворагі. Ці папросту мяса, як яны самі выказаліся. 

Я часта думала: калі б ім далі яшчэ больш паўнамоцтваў і дазволілі нас расстрэльваць, ці пайшлі б яны на такі крок? 

Я прыйшла да высновы, што так. 

Прычым, большасць з іх рабіла б гэта з відавочнай асалодай.

Спецаперацыя «Цыбуля» 

У калоніі нельга сябраваць. Гэта — загана. Сяброўства — пачуцце высакароднае, узвышанае. А зняволенаму забаронена быць высакародным, бо тады ён апрыёры будзе адрынаць гэтую бесчалавечую, бязглуздую сістэму, будзе ёй супрацьстаяць. 

Сістэме трэба, каб вязень цалкам згубіў чалавечае аблічча, апусціўся і апусціў рукі, апускаў іншых, аскацініўся — тады выхаваўчая мэта дасягнутая. Маральныя каштоўнасці чалавека ў целагрэйцы ў такім разе цалкам супадаюць з каштоўнасцямі ўлады. Менавіта такі народ і патрэбны Лукашэнку.

За сяброўства ў калоніі вельмі жорстка караюць. Тычыцца гэта ўсіх вязняў — і палітычных, і асуджаных па побытавых артыкулах. 

— Когда я сказала оперативнику, что не откажусь от общения с политическими, он ответил, что это, мол, мы еще посмотрим. Через несколько дней на меня по доносу составили рапорт: якобы, я взяла луковицу у осужденной. К «расследованию» подключилось сразу несколько оперативных сотрудников. Они подняли даже мои чеки из отоварки и с удовольствием ткнули меня: мол, лук в салат ты нарезала, но в чеках отоварки его нет. Мне пришили отчуждение-присвоение и лишили свидания с семьей, — распавядала мне пра спецаперацыю службоўцаў асуджаная па эканамічным артыкуле. 

Жанчына так і не адмовілася ад кантактаў з палітвязнямі. І цану ёй за гэта давялося заплаціць высокую. Штрафны ізалятар, інфаркт, пазбаўленне пасылак і спатканняў.

Бунтаршчыкі сярод звычайных асуджаных — з'ява рэдкая, і такіх людзей у калоніі па пальцах адной рукі можна было пералічыць. Але яны былі. І годна, салідарна праходзілі з намі, палітвязнямі, праз усе колы гомельскага пекла. 

Тактыка суцэльнага расчалавечвання спрацоўвае не для ўсіх.

Хітры прыжмур жалезнага Фелікса

— Ты только глянь: что тут у нее! Костюм медсестры для ролевых игр! — зарагаталі аператыўнікі Зюзін і Трушкін, выцягваючы з пакета Віталіі Бандарэнка ніжнюю бялізну. 

Палітзняволеная Віталія акурат выйшла замуж, рэгістрацыя шлюбу адбылася ў калоніі. Пасля цырымоніі маладыя атрымалі законнае спатканне. Ім далі ўсяго суткі. «Ворагам народа» больш не належыць. 

Аператыўка з гэтай нагоды вырашыла пазабавіцца і зрабіла са спаткання Віты з мужам агіднае шоу. Сямейнай пары літаральна не давалі пабыць сам-насам. Турэмнікі ўвесь час увальваліся ў пакой для спатканняў, здзекаваліся, прыніжалі маладых, перарывалі іх асабістыя рэчы. 

Да гэтага Віталіі з мужам доўга не дазвалялі пабрацца шлюбам. На пытанне дзяўчыны, чаму так адбываецца, аператыўнік Зюзін, маючы на ўвазе будучага мужа Віталіі, адказаў: «Потому что он наш враг».

Апера калоніі — асобная тэма. Яны ўсе як адзін садысты, цынікі і пашлякі. Гэта асаблівая катэгорыя супрацоўнікаў — самая жорсткая, самая подлая. Пра іх маральныя каштоўнасці і задачы яскрава сведчыць адзін толькі партрэт Дзяржынскага на ўсю сцяну ў адным з кабінетаў і іх пазыўныя — «Лубянка». 

— А вы знаете, что у осужденной Бахваловой проблемы с ориентацией? — чыхвосціў аднойчы перад усім атрадам палітзняволеную Кацю Бахвалаву аператыўнік Кузняцоў-Джасаў.

Віна Каці палягала ў тым, што ў часе працоўнага перапынку на фабрыцы яна падышла да мяне. Мы паразмаўлялі, пасмяяліся, абмяняліся навінамі, а развітваючыся, абняліся і, перапоўненая радаснымі пачуццямі, я цмокнула Кацю ў шчаку.

Факт нашай камунікацыі зняволеныя адразу ж даклалі аператыўцы. І Кацю вырашылі такім вось чынам правучыць, прынізіць — каб назаўсёды адбіць ахвоту сябраваць са мной і ўвогуле з кім-кольвек. 

На наступны пасля перфомансу Джасава дзень мы выпадкова сустрэліся з Кацяй каля санчасткі. Чуллівую дзяўчыну шасцёркі аператыўкі і сама аператыўка давялі настолькі, што, убачыўшы мяне, яна заплакала. 

Не асабліва адрознівалася ад аператыўнікаў у стылі паводзінаў і начальніца чацвёртага атраду Марыя Шумігай:

— Совсем уже на уровень животных опустились! Это же надо, в тапках в локальный участок выходить!

Я глядзела на яе і думала: адкуль у яе, такой маленькай і худзенькай, столькі злосці і нянавісці? І куды гэта ўсё толькі ўмяшчаецца? 

І хітра і задаволена паглядаў са сцяны жалезны Фелікс. 

Мне нават падалося аднойчы, што ён мне падміргнуў. 

Ідэйны натхняльнік сучасных турэмнікаў, бясспрэчна, сваімі вучнямі задаволены. 

У цемры вельмі лёгка растварыцца, за яе лёгка схавацца. Але любая цемра — не назаўсёды. І пра гэта маўчаць метадычкі аператыўнікаў.

Працяг будзе