«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 10: Следчы ў пакоі святара. Як мяне спяшаліся засудзіць да Новага года
У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала, як замест пакарання адміністрацыя калоніі нечакана аб'явіла мне падзяку, як палітвязні заступіліся за гонар бульбы і якія відэаролікі мараць зняць пра палітычных аператыўнікі. Сёння распавяду, як прайсці экспертызу ў Навінках і не звар'яцець, як следчага з Брэста не спынілі нават іконы і як турэмнікі вучаць асуджаных не згарэць у полымі.
Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай
Калі за мною прыйдуць санітары
— Доўга мы яшчэ тут сядзець будзем? Хацелася б ужо і ў прыбіральню схадзіць, — звяртаюся да канваіра.
Мінула багата часу з моманту, як мы пад'ехалі да Навінак — псіхіятрычнага шпіталя, дзе праводзіцца ў тым ліку і стацыянарная экспертыза зняволеных. Я змерзла, аўтазак, вядома, не ацяпляўся, зіма. Ледзяное сядзенне, здавалася, зраслося з целам.
Канваір выгукнуў са злосцю:
— С*ы в карман!
Каб хоць неяк пераключыцца і не думаць пра холад і прыбіральню, пачала спяваць. Палітзняволеная Каця Хулхачыева, з якой ехалі ў аўтазаку ў адной будцы, адразу ж падхапіла «Муры» і дадала да нашага спеву спецэфекты — пачала грукаць рукамі ў дзверы і сцены «стакана».
Канваіра ўзяло шаленства:
— А ну быстро тишину сделали! Совсем уже берега попутали?
— Дык а што там з прыбіральняй? — удакладняю ў службоўцы. — Гэта ж катаванне сапраўднае.
— Я тебе уже ответил. Можешь жаловаться прокурору, куда хочешь, если что-то не устраивает. А за то, как вы себя ведете, будете сидеть здесь еще долго! — канваір задаволена прыцмокнуў.
Снежань 2021 года. Супраць мяне ўзбудзілі новую крымінальную справу — за нібыта абразу ў інтэрнэце брэсцкага міліцыянта Хвесюка. І, паколькі я адмовілася даваць паказанні і праходзіць псіхіятрычную экспертызу ў калоніі, Следчы камітэт даслаў мяне на стацыянарную ў Навінкі.
У прыёмным пакоі ў нас з Кацяй забралі амаль што ўсе рэчы: вопратку, касметыку, нават каву і гарбату. Выдалі піжамы і халаты неабсяжнага памеру.
У палаце мы апынуліся разам. Адразу кінулася ў вочы адсутнасць унітазу і крану. Ні ў прыбіральню табе схадзіць, ні вады папіць. У маленькае акно ў замураваных дзвярах увесь час зазіралі санітары і міліцыянты.
Я заспявала «Муры».
Гульня без правіл
Умовы ўтрымання ў Навінках мяне, загартаванага чалавека, здзівілі і абурылі. У палаце не было самага галоўнага: прыбіральні і вады. Нават у штрафным ізалятары і ПКТ гэта прадугледжана ў кожнай камеры, а дзе, здавалася б, можа быць горай?
Мною апанаваў адчай. «Толькі б не звар'яцець», — паўтарала я сабе.
У прыбіральню нас выводзілі раз у дзве гадзіны, а ўначы, пачынаючы з 21.00, не выводзілі ўвогуле.
— Дык а куды нам, прабачце, спраўляць свае патрэбы? І адкуль піць? — цікаўлюся ў працаўнікоў.
Мажны санітар працягвае вядро і пустыя пластыкавыя бутэлькі. Ваду ў іх мы набіралі падчас наведвання прыбіральні. Туды ж мы выносілі і апаражнялі вядро кожную раніцу.
— Вы лічыце такія ўмовы нармальнымі, гуманнымі? — пытаюся ў маладога доктара.
— А что я могу сделать?! — з раздражненнем адрэагаваў той.
— Ну вы ж урач, — заплакала Каця.
— Раз я здесь работаю, значит, принял правила игры и не оспариваю их, — псіхіятр збянтэжана адвярнуўся і выйшаў прэч.
Гэты доктар пасля пісаў па мне экспертнае заключэнне. Супраца ў нас не пайшла, я катэгарычна адмовілася браць удзел у экспертызе і адказваць на якія-кольвек пытанні.
— Почему вы не хотите мне помочь? — наракаў чалавек у белым халаце.
— А чаму я павінна? Сваё змяшчэнне ў псіхіятрычны стацыянар лічу незаконным і ўсе спробы ціску з вашага боку разглядаю як карную псіхіятрыю, — адказваю яму.
Доктар выйшаў з сябе:
— Да как вы смеете! Вы назвали меня убийцей! Я вас что, закалываю тут чем-то до смерти?!
— Сёння не, але заўтра, не выключаю, што пачнеце гэта рабіць. Даверу да вас няма, — адказваю суразмоўцы.
У Навінках мяне пратрымалі ўсяго некалькі дзён — замест абяцаных двух тыдняў. Пасля я даведалася, што следчы Мілеўскі, які вёў маю справу, дужа хацеў скончыць з расследаваннем да Новага году. Паказаць свайму кіраўніцтву прыгожую гадавую статыстыку.
Следчы пад абразамі
Брэст. Аўтазак. У клетцы насупраць — мужчына, вочы стомленыя. Паміж намі завязваецца размова.
— Не паверыце, але мяне арыштавалі за смайлік. Паставіў пад каментаром. Зараз еду ў кайданках. А майго сябра ўвогуле арыштавалі за тое, што паставіў знак Оскара. Вось прыедзе ён на зону, запытаюцца ў яго: «За што сядзіш?» А ён адкажа: «За Оскара». Ну хіба не абсурд? — запытвае мяне знясілены палітвязень.
Тым часам следчы Мілеўскі тэлефанаваў і ва ўсе ізалятары, праз якія мяне везлі транзітам, і патрабаваў, каб з маім этапам не марудзілі.
Не паспела я прыехаць у баранавіцкае СІЗА, як мяне адразу ж тузанулі на новы этап. У брэсцкім СІЗА мяне забралі на сустрэчу з Мілеўскім наўпрост з транзітнай камеры.
Наглядчык падвёў мяне да пакою з шыльдай «Комната священника». «Што яшчэ за жарты такія», — падумала я сабе.
Унутры — іконы, свечы, алтар. Сярод гэтых святыняў з гордым выглядам сядзіць Мілеўскі:
— А потому что все остальные комнаты заняты были. Но я постарался и выбил эту. С уголовным делом будете ознакамливаться? Даю вам несколько часов.
— Во як вам не церпіцца хутчэй мне новы тэрмін наматаць. І чаму такая спешка? — пытаюся ў таго.
— А вы знаете, сколько у меня еще таких дел в сейфе лежит? Вы думаете, вы у меня одна такая? Мне надо все закончить к Новому году, — задаволена ўсміхнуўся служка.
— Хто б сумняваўся. Канвеер рэпрэсій працуе без збояў. Знайшлі, чым ганарыцца. Душыце свой народ і атрымліваеце ад гэтага маральную асалоду. Брыдка з вамі нават у адным пакоі знаходзіцца, — з агідай кінула я Мілеўскаму. — І майце на ўвазе, што на азнаямленне з крымінальнай справай у мяне ёсць месяц.
— Спешу вас огорчить. У вас его нет. Уже завтра дело будет направлено прокурору для передачи суд. И мне неважно, будете вы с ним ознакамливаться или нет, оно все равно скоро будет в суде, — адрэзаў той.
Сваё слова Мілеўскі стрымаў. На наступны дзень справа была перададзеная пракурору і неўзабаве паступіла ў суд.
Да гэтых часоў часта ўсплывае перад вачыма карціна: алтар, іконы, свечкі, цьмянае асвятленне і сярод усяго гэтага — задаволены мучыцель.
Што адбываецца ў Беларусі? Няўжо ў іх насамрэч ужо нічога святога не засталося?
«Ищут пожарные, ищет милиция»
— Если не успеваем за десять минут, заносим все вещи обратно и все начинаем заново! — завіскатала супрацоўніка рэжымкі Пырх.
Гэтая кабета — начны кашмар многіх асуджаных.
Алена Пырх вядомая актыўным удзелам у правакацыях супраць палітычных. Яна — верны цэрбер адміністрацыі, выконвае ўсе яе замовы на палітвязняў.
Калі камусьці з нашых падкідвалі забароненыя рэчы, таблеткі, увесь гэты набор «знаходзіла» менавіта Пырх. Адразу ж складала рапарты, а на камісіях па пакаранні заўсёды хадайнічала аб штрафным ізалятары.
Гэтым разам Пырх ладзіла ў чацвёртым атрадзе (мясціўся ў адным бараку з нашым трэцім) так званыя супрацьпажарныя вучэнні. Насамрэч гэта ніякія не вучэнні, а «воспитательная мера» ад адміністрацыі, форма ціску.
Турэмнікі і самі пра гэта адкрыта кажуць: ну што, маўляў, будзеце сябе добра паводзіць ці правядзем супрацьпажарнае вучэнне? Такія захады выкарыстоўваюцца, калі, напрыклад, асуджаныя вяла здаюць грошы ў фонд атраду і не ўдзельнічаюць у іншых паборах з боку адміністрацыі.
У той дзень Пырх зладзіла сапраўднае катаванне для чацвёртага атраду. Наш трэці акурат вяртаўся з працы з фабрыкі, але ўнутр бараку мы трапілі не адразу. Нас доўга трымалі ля ўваходу.
Тое, што мы ўбачылі, у нармальнага чалавека папросту выклікае шок: усюды бегаюць і крычаць людзі, у паветры над галовамі лятаюць каробкі і матрацы. У гэтай страшэннай цісканіне хтосьці страціў прытомнасць, шмат у каго пачаліся панічныя атакі. Людзі плакалі. Пырх падахвочвалася яшчэ больш і раўла яшчэ гучней.
— Оля, я солдат. Делаю то, что прикажут, — сказала мне неяк начальніца аддзялення (вельмі дзіўная пасада, да гэтых часоў не магу зразумець, што гэта значыць) Галіна Федзюковіч.
Яна напрошвалася на спагаду. У тым ліку, калі складала рапарты на нас з Наташай Хершэ і калі замінала маёй сустрэчы з адвакатам.
— Якой рэакцыі вы ад мяне чакаеце, якога адказу? — запытваюся ў Федзюковіч.
— Ну пойми меня, — вінаватым голасам сказала тая.
Чамусьці захацелася прапанаваць ёй схадзіць на споведзь да следчага Мілеўскага.
Працяг будзе.