У Беларусь адправілася толькі нязначная частка «вагнераўцаў» — NАТO
Енс Столтэнберг сказаў, што сілы «Вагнера» застаюцца актыўнымі ў Афрыцы і ўдалечыні ад лініі фронту ва Украіне, але не так шмат іх прыбыло ў Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка дамовіўся з расійскім кіраўніцтвам пра тое, каб Прыгожын накіраваўся ў сваю краіну пасля няўдалага мяцяжу ў Расіі, што выклікала асцярогі адносна магчымай будучай прысутнасці «Вагнера» ў рэгіёне. Але пакуль да Беларусі даехалі толькі нешматлікія «вагнераўцы».
Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг заявіў, што толькі частка наймітаў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» адправілася ў Беларусь пасля няўдалай спробы бунту ў Расіі, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Такую ацэнку Столтэнберг прывёў у інтэрв'ю выданню «Politico».
Генеральны сакратар Альянсу адзначыў, што сілы «Вагнера» працягваюць дзейнічаць у Афрыцы і далёка ад лініі фронту ва Украіне, у той час як у Беларусь пакуль прыбыло не так шмат наймітаў.
«Мы бачылі пэўную падрыхтоўку да размяшчэння сіл «Вагнера». Але мы пакуль не бачылі, каб іх прыбыло досыць шмат. Мы, вядома, уважліва сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі», – падкрэсліў Столтэнберг.
Генеральны сакратар быў асцярожным у прагнозах наконт далейшага лёсу ПВК «Вагнер» і заявіў, што рабіць канчатковыя высновы пакуль рана: «Думаю, пакуль рана рабіць нейкія канчатковыя высновы аб наступствах апошніх падзей для «Вагнера».
Нагадаем, у канцы чэрвеня кіраўнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» Яўген Прыгожын жорстка крытыкаваў расійскае вайсковае кіраўніцтва. А затым за адзін дзень пачаў і скончыў свой мяцеж — збройны паход на Маскву па «справядлівасць» — і пагадзіўся разам з часткай наймітаў перадыслакавацца ў Беларусь.
Паводле www.politico.eu