Навошта расійскія ўлады публікуюць здымкі з «палаца» Прыгожына?

Расійскія СМІ апублікавалі фатаграфіі, зробленыя падчас ператрусаў у доме заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына. На фотаздымках раскошныя інтэр'еры з золатам, пачкі грошай, зброя. У адным з пакояў стаіць вялізнае кавадла з надпісам «на выпадак важных перамоў». Дзеля чаго расійскай уладзе спатрэбілася апрылюдніваць гэтыя фотаздымкі?

photo_2023_07_05_20_06_32.jpg

Федэральнае тэлебачанне і блізкія да Крамля СМІ ўвечары 5 ліпеня апублікавалі «кадры ператрусаў», якія сілавікі праводзілі ў офісах Яўгена Прыгожына і ў катэджным пасёлку Паўночны Версаль у Санкт-Пецярбургу.

Ператрусы рабіліся падчас арганізаванага Прыгожыным 24 чэрвеня бунту ПВК «Вагнер».

Фатаграфіі і відэа дэманструюць інтэр'еры і тэрыторыю «палаца» Прыгожына: верталёт, пакой «для малітваў», медыцынскі кабінет, а таксама знойдзеныя пры ператрусах зброя, парыкі, пачкі валюты, залатыя зліткі і фальшывыя пашпарты.

photo_2023_07_05_20_19_19.jpg
photo_2023_07_05_20_14_12.jpg

Частка гэтых фатаграфій, у тым ліку кадры са зліткамі, пашпартамі і белым парашком, першым апублікавала яшчэ 24 чэрвеня выданне «Фонтанка». Але пасля таго, як у Крамлі заявілі, што крымінальная справа Прыгожына аб мяцяжы будзе спынена, публікацыя з сайта і тэлеграм-канала выдання была выдалена. Выдалены быў і акаўнт, на якім былі выкладзены фатаграфіі, але ў сацсетках захаваліся перапосты гэтых фота.

Дэманстрацыя выяўленай у Прыгожына раскошы і каштоўнасцей стала свайго роду пацвярджэннем здагадкі экспертаў аб тым, што замест спыненай ФСБ справы аб узброеным мяцяжы Прыгожыну можа пагражаць іншая крымінальная справа — аб эканамічных злачынствах.

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін пасля бунту ўпершыню прызнаў, што дзяржава фінансавала ПВК «Вагнер» праз камерцыйныя структуры Прыгожына, і паабяцаў разабрацца, ці была скрадзена частка гэтых сродкаў.

Прапагандыст Дзмітрый Кісялёў у эфіры тэлеканала «Расія 1» сцвярджаў, што агульныя выдаткі на ПВК «Вагнер» з 2014 года склалі суму «пад два трыльёны» рублёў. Сам Прыгожын не хаваў, што плаціў наймітам ПВК «Вагнер» наяўнымі. 10 мільярдаў рублёў, канфіскаваныя ў яго ў дзень бунту, сілавікі, як паведамлялі СМІ, Прыгожыну вярнулі. 

photo_2023_07_05_20_06_32__2_.jpg

Як будуць «разбірацца» з Прыгожыным у Крамлі?

Пуцін не мог пакараць «вагнераўцаў »за мяцеж — ён паабяцаў іх не чапаць, і «пацанскае» слова павінен будзе трымаць, кажа адзін з апытаных ВВС юрыстаў. Да таго ж, дзяржава іх фінансавала; гэта значыць, як спяваў Барыс Грабеншчыкоў, «по новым данным разведки, мы воевали сами с собой», дадае ён.

Таму крымінальную справу аб узброеным мяцяжы ПВК «Вагнер», за якім назіраў увесь свет, ФСБ на гэтым тыдні закрыла. Хоць толькі за арганізацыю і ўдзел у мяцяжы пагражае да 20 гадоў калоніі, а за фінансаванне падрыхтоўкі і здзяйснення бунту можна атрымаць і пажыццёвы тэрмін.

Але калі Пуцін не можа пакараць гэтых людзей за паўстанне, гэта не азначае, што іх нельга пакараць за нешта іншае. Абяцанне Пуціна «разабрацца» з фінансаваннем «Вагнера» і «Канкорда» — гэта фактычна прамое папярэджанне Прыгожыну, мяркуе адзін з юрыстаў.

Новая справа можа закрануць людзей, якія выконвалі загад пераганяць грошы для ПВК «Вагнер» усімі магчымымі шляхамі, кажа ён. Паводле яго прагнозу, калі сам Прыгожын яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, тэарэтычна могуць дастаць і яго: напрыклад, Лукашэнка скажа, што абяцаў выратаваць яго ад пакарання за мяцеж, а за крадзеж не абяцаў.

Такі падыход, з ягоных слоў — гэта звыклы мodus operandi (вобраз дзеяння) для расійскай дзяржаўнай сістэмы. «Нельга было пакараць Кірыла Сярэбранікава за тое, што ён кагосьці зачапіў і кагосьці раздражняе — можна яго «злавіць» за крадзеж. Нельга злавіць карупцыянера, таму што ў карупцыі многія задзейнічаны — ловяць на глупстве і дробязях», — тлумачыць эксперт. І зона камфорту для такіх расследаванняў, з ягоных слоў — эканамічныя злачынствы.

Справы могуць распачаць настолькі хутка, наколькі хутка сілавікі знойдуць лёгкі шлях да таго, каб пакараць максімальную колькасць стрэлачнікаў і захаваць максімальную колькасць «галоў сур'ёзных людзей» з блізкага атачэння, разважае юрыст.

photo_2023_07_05_20_06_35.jpg

Паводле яго слоў, адзіны роўнааддалены план і ад 25 тысяч «вагнераўцаў», якія могуць сябе абараняць са зброяй, і ад тых, хто рэальна іх фінансуе, — сказаць, што Прыгожын усё раскраў, так што адказнасць нясе толькі ён і пяць-дзесяць яго падначаленых.

«Іх зробяць злачынцамі і нягоднікамі не за тое, што яны ваявалі, забівалі, збілі самалёты, знішчалі суайчыннікаў і жыхароў іншых краін — усё гэта не будзе заўважана», — адзначае суразмоўца ВВС.

«Такіх спраў — сотні ў Расіі, — пацвердзіў ВВС партнёр адвакацкага бюро «Барталіус» Юлій Тай. — Калі трэба прыціснуць, яны раптам пачынаюць правяраць, куды сыходзяць грошы. Першы плацеж заўсёды легальны, белы, а потым раўчукі ператвараюцца ў кэш і расцякаюцца куды трэба і каму трэба. Вінаваты будзе той, хто ператварыў дзяржаўныя сродкі ў кэш, нават калі ён выдаткаваў іх выключна на тое, на што атрымліваў».

Юрысты, з якімі пагаварыла ВВС на ўмовах ананімнасці, лічаць, што гучная «эканамічная» справа Прыгожына можа з'явіцца няхутка, паколькі расследаванне можа закрануць занадта многіх датычных да гэтага асоб. «Думаю, што асноўная мэта пакуль — сюжэты на федэральных тэлеканалах. Каб падарваць папулярнасць Прыгожына, маўляў, вось хто нашага Шайгу абвінавачваў», — адзначыў адзін з суразмоўцаў ВВС.


photo_2023_07_05_20_06_34.jpg

Паводле ВВС