Назад у будучыню. Чаму немагчыма «заблюрыць» гісторыю

«У крамы завезлі фальшывыя елачныя цацкі. Выглядаюць яны, як звычайна, але радасці ад іх ніякай», — менавіта гэтая показка мне ўзгадалася ў сувязі са звышсціплым святкаваннем так званага «Дня незалежнасці». Канечне, гэта ніякі не дзень незалежнасці — таму і адчування свята не было.

Фота з vk.com

Фота з vk.com

Эрзац, ад якога няма радасці

Нават у эфіры прапагандысцкага тэлебачання вядучая абурылася абыякавасцю беларусаў да лукашэнкаўскага «дня незалежнасці». Маўляў, беларусы «за горадам адпачываюць, і, ужо прабачце за шчырасць, асабліва пра Дзень незалежнасці не думаюць».

Ну і, нібыта ў помсту, прапанавала зрабіць гэтае «свята» працоўным днём.

Шчыра кажучы — не маю нічога супраць ані працоўнага, ані выходнага дня. Але хацелася б заўважыць агульны ход думак, што пануе ў прапагандыстаў. Калі беларусы не хочуць святкаваць іх святы, што рабіць? Зрабіць святы цікавейшымі? Можа, вынайсці новыя іх фарматы? Больш разнайстайную і прывабную святочную праграму? Не, трэба адабраць выходны. То-бок думкі — толькі ў бок рэпрэсій.

Гэтая «заточанасць на пакаранне» не здзіўляе. Імаверна, у глыбіні душы сама прапагандыстка разумее, што нельга зрабіць добрага свята з эрзацу. Застаецца толькі «прымусіць людзей радавацца».

«Перапісванне гісторыі», якое цяпер пануе ў Беларусі ў якасці дзяржаўнай ідэалогіі, робіць ад пачатку правальнымі такія дзяржаўныя святы. Сапраўды, ці дзень незалежнасці — 3 ліпеня? Гэта дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ён не мае анічога агульнага са словам «незалежнасць». З такім жа поспехам можна было назваць днём незалежнасці і 26 лістапада. У гэты дзень у 1943 годзе, то-бок за год да Мінска, быў вызвалены Гомель.

А чаму не? І 1943-ці глядзіцца ў гістарыяграфіі лепш, чым 1944-ты. На год раней жа?

Але ўсё гэта — не пра незалежнасць. Пра незалежнасць — гэта 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта і 27 ліпеня 1990 года, калі была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. Але менавіта гэтыя падзеі не ўкладаюцца ў сённяшнюю «саўковую» гістарыяграфію, таму іх і спрабуюць падмяніць высмактаным з пальца эрзацам.

Эрзац не вельмі працуе ў народнай свядомасці. Не ўмацоўваюцца выдуманыя даты ў розумах людзей, якія ўсё роўна, на інстынктыўным узроўні ведаюць — «свята несапраўднае». І працягваюць адзначаць сапраўдныя, блізкія ім, святы. Нават калі не адзначаць — то памятаць.

У 2018 годзе 100-годдзе з дня абвяшчэння БНР наведала, па падліках арганізатараў, 50 тысяч чалавек. Па больш сціплых падліках — ад 15 да 25 тысяч. Але нават сціплыя падлікі, — гэта без усялякага прымусу, без накіравання туды вайскоўцаў і школьнікаў, без «разнарадак» па навучальных установах і дзяржаўных прадпрыемствах. І людзі прыйшлі, нават нягледзячы на тое, што свята было ціпа «апазіцыйным», што трапіць «пад раздачу» было проста.

Чаму ж прыйшлі? Таму што дата была дарэчы.

А 3 ліпеня ў якасці дня незалежнасці — недарэчнае свята. Таму людзі і разбягаюцца па лецішчах, замест таго, каб «урачыста адзначыць».

Самі сабе насвінячылі

Нельга не адзначыць, што «перапісванне гісторыі» ўвесь час робіцца пасткай для саміх «перапісантаў». І не ў тым справа, што, узяўшыся за расследаванне «генацыду беларускага народа», гэтыя расследавальнікі «выйшлі на саміх сябе». Проста абясцэньваючы адныя падзеі, «ідэалагічна няправільныя», яны дакладна гэтак жа абясцэньваюць і свае, «ідэалагічна слушныя» падзеі і святы.

Памятаеце, колькі разоў у свой час Лукашэнка паўтараў наконт незалежнасці Беларусі: «Што гэта за слова, «незалежнасць»? Незалежнасць ад каго?» Маўляў, не можа быць у сучасным свеце ні ад каго незалежных дзяржаў, кожная ад каго-небудзь у чым-небудзь і залежыць.

І вось гэтая рыторыка цяпер прыляцела яму па ілбе. Сапраўды, калі няма ніякай незалежнасці, дык што святкаваць?

І канечне ж, беларусы — людзі не дурныя. «Народ шэры, але мудры», — сказаў адзін з герояў у кнізе братоў Стругацкіх «Цяжка быць богам». Гэты мудры народ, паглядзеўшы на тое, што творыцца ў Беларусі — расійскія войскі, «Вагнер», чужая ядзерная зброя і 70 працэнтаў экспарту ў Расію — сапраўды не адчувае, што мы незалежныя. А тут яшчэ і ў вышэйшых еўрапейскіх калідорах загаварылі пра «мяккую анексію» Беларусі Расіяй. Зрабілі, так бы мовіць, падаруначак на Дзень незалежнасці… Дык сапраўды, што святкаваць?


Глядзіце таксама

Ну і, безумоўна, наклалася і тое, што адзначаць дзяржаўныя святы пасля 2020 года — проста «не камільфо». Памятаеце Новы год з 2020-га на 2021-шы? Калі ўсе гэтыя елачкі, расстаўленыя, як звычайна, па раёнах, аказаліся ў сумнай адзіноце? А людзі святкавалі ў сябе на раёнах, слухаючы віншаванне Ціханоўскай, з шашлыкамі, дыскатэкамі, феерверкамі і сябрамі? Як высвятляецца, праз два з паловай гады рэпрэсій гэты настрой нікуды не падзеўся.

І можа быць, цяпер гэта не такі асэнсаваны байкот дзяржаўных святаў. Але ўсё роўна ў чалавека нешта непрыемнае на душы, калі ён стаіць пад чырвона-зялёным сцягам. Няма таго душэўнага цяпла, як пад БЧБ, праўда?

І народ паехаў па лецішчах. І слушна зрабіў.

Назад у будучыню

А вы, дарэчы, заўважылі, што з лексікона «гісторыкаў у пагонах» раптам знікла такая з’ява, як «паліцаі»? У гэтым плане савецкая гістарыяграфія была нават больш сумленная. Там прызнавалі, што не ўсе беларусы былі задаволеныя той самай савецкай уладай, і некаторыя з іх супрацоўнічалі з нацыстамі. І гэта былі не маладзёны з СБМ. А ў сённяшнім беларускім «генацыдзе» яны зніклі. Мажліва, таму, што ўяўна прасочваюцца паралелі з тым, чым займаліся «паліцаі» талы, і з чым нашыя «слабавікі» займаюцца цяпер?

Але да чаго гэта ўсё? Да таго, што перапісванне гісторыі б’е па самім «гісторыкам у пагонах». Колькі не кажы, што дзень незалежнасці — гэта 3 ліпеня, ад гэтага ён сапраўдным днём незалежнасці не стане. Колькі не сцвярджай, што «злачынны Захад» наладзіў «генацыд беларускага народа», савецкая калектывізацыя ўсё роўна будзе страшнейшая. Колькі не забараняй Машэрава, не вычышчай з бібліятэкаў Быкава і Алексіевіч, усё роўна знойдуцца тыя, хто ці памятае, ці наноў адкрые іх для сябе ў будучыні. Абавязкова з’явіцца які-небудзь умоўны Уладзімір Караткевіч, які цікава, дасціпна і з імпэтам распавядзе, што сапраўды схавана ў гісторыі.

І гэта будзе цікавы час. Як у 1990-х, калі мы наноў адкрывалі для сябе і Салжаніцына, і Замяціна, і Шаламава, і Жылку з Дубоўкам, і Аляхновіча з Пясецкім, і ўвогуле вельмі багаты пласт забароненай да тых часоў культуры.

А 3 ліпеня нават і тады трэба будзе пакінуць выходным днём. Каб людзі, седзячы на шашлыках на лецішчы ўзгадвалі, як дыктатар марна змагаўся з гісторыяй.