Чаму Дзень Незалежнасці ў Беларусі адзначылі так сціпла?
Апошні Дзень Незалежнасці (ці Дзень Рэспублікі), які Лукашэнка ў 1996 годзе перанёс на 3 ліпеня, прайшоў ціха і незаўважна. Без традыцыйных ваенных парадаў, без гучных пагроз у адрас Захаду, без надзвычайных здарэнняў падчас святочных салютаў. Чаму так сціпла? Сваім меркаваннем падзяліўся гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
— Лукашэнка да гэтага выказаў усе галоўныя мэсэджы, гісторыя пра Прыгожына нарабіла шуму. Дадатковыя клопаты яму не патрэбны, таму і вырашылі правесці гэты дзень досыць лаканічна, — мяркуе Аляксандр Фрыдман. — Сціплай аказалася і прамова, без дадатковых эмоцый — прахадная, бляклая, нават без традыцыйных пагроз у адрас Захаду. Усё выглядала досыць дзіўна: звычайна Лукашэнка паводзіць сябе іншым чынам.
Магчыма, Лукашэнка спрабуе захаваць пэўны баланс: ён вырашыў устрымацца ад ядзернай рыторыкі напярэдадні саміту NATO, які пройдзе 11-12 ліпеня ў Вільні — навошта дадаткова правакаваць Захад? Усё, што трэба, ужо і так абвастрылі, не варта настолькі перагінаць палку. Усё галоўнае сказана і зроблена, а звяртацца яшчэ і 3 ліпеня да тэмы ядзернай зброі ўжо не трэба. Таму і вырашылі правесці сваё святкаванне сціпла, без асаблівага пафасу і надрыву.
— Можа быць, да Лукашэнкі ўжо дайшло, што менавіта ён паставіў незалежнасць краіны пад пагрозу ліквідацыі?
— Здаецца мне, ён ніколі пра гэта не думаў. Ён заўсёды падыходзіў да свят досыць прагматычна: што можна выкарыстаць, якую тэму ўзняць, якія вяршкі можна зняць. Думаю, проста вырашыў для сябе, што ўсе сігналы пасланы і няма сэнсу дадаткова гаварыць на гэту тэму.
Паўтаруся, Лукашэнка лічыць патрэбным захоўваць пэўны баланс, ягоная гульня складаецца не толькі з адных пагроз. Пагрозы – гэта фактычнае запрашэнне да перамоў: я вам даў інфармацыю – разважайце.
Я не думаю, што Лукашэнка ўвогуле разважае пра незалежнасць: усе тыповыя наратывы, звязаныя з гэтым святам, паўтораны ў ягоным выступленні 3 ліпеня. Проста за апошнія два-тры тыдні, нават з пачаткам гісторыі пра ядзерную зброю, мы прызвычаіліся, што ад Лукашэнкі ідуць суцэльныя правакацыі і пагрозы. Усё досыць празаічна: хай будзе свята, лакальнае свята, як звычайна. Проста не было ніякіх сенсацый, хаця ўвесь лукашэнкаўскі набор прысутнічаў.