Ціханоўская, Блінкен, Лукашэнка пра 3 ліпеня
Былая кандыдатка на прэзідэнта, самаабвешчаны прэзідэнт і кіраўнік Дзярждэпу ЗША выказаліся пра дзень 3 ліпеня.
“У гэты дзень у 1944 годзе Мінск быў вызвалены ад фашысцкай акупацыі. Мы па-ранейшаму змагаемся за свабоду — цяпер пад патройнай пагрозай, якая паходзіць ад Лукашэнкі, Пуціна і Прыгожына. Мы змагаемся за дзень, калі Беларусь будзе адзначаць новы Дзень Незалежнасці, вольны ад тыраніі і расійскага імперыялізму», напісала ў твітары Святлана Ціханоўская, суправадзіўшы паведамленне архіўнай фатаграфіяй вяртання жыхароў у вызвалены Менск у ліпені 1944-га.
«Гэтае свята — даніна пакаленням беларусаў, якія на працягу стагоддзяў адстойвалі права жыць на роднай зямлі і самастойна вызначаць уласны лёс. Ён захоўвае памяць аб бяспрыкладным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дэманструе гістарычную сталасць, нацыянальную годнасць і цвёрдую волю спадчыннікаў народа-пераможцы ўмацоўваць сваю дзяржаўнасць», — сказаў самаабвешчаны.
«Абраўшы шлях пераемнага развіцця, мы захавалі і прымножылі лепшыя дасягненні савецкага перыяду, асвойваем сучасныя высокатэхналагічныя галіны эканомікі. Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя выклікі часу, забяспечваем сацыяльныя гарантыі і магчымасці для самарэалізацыі кожнаму грамадзяніну, — заявіў Лукашэнка.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен перадаў беларусам ад амерыканцаў "самыя цёплыя пажаданні" з нагоды Дня незалежнасці нашай краіны. У сваім віншаванні ён узгадаў пра палітвязняў і захапіўся настойлівасцю беларусаў у абароне правоў чалавека і асноўных свабод.
“Ваша мужнасць, стойкасць і настойлівасць у імкненні да дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай будучыні Беларусі натхнілі свет. З турмаў, у гарадах, у якіх вы апынуліся ў выгнанні, і ў сваіх дамах у Беларусі вы працягваеце выступаць за сапраўды незалежную і дэмакратычную будучыню вашай краіны , дзе вы можаце жыць без рэпрэсій і дзе вы зможаце вызначыць курс вашай уласнай будучыні”, - адзначае Блінкен.
Ён удакладніў, што ЗША "высока ацэньваюць і падтрымліваюць нястомныя намаганні беларусаў па абароне ўнікальнай мовы, культуры і самабытнасці Беларусі".
"Мы захапляемся вашай настойлівасцю ў абароне правоў чалавека і асноўных свабод. Мы заклікаем да безумоўнага вызвалення ўсіх больш чым 1500 беларускіх палітвязняў і да спынення рэпрэсій, якія працягваюцца ў Беларусі, — заявіў дзяржсакратар ЗША. — Злучаныя Штаты выступаюць за дэмакратычную, незалежную і суверэнную Беларусь больш за 30 гадоў. Гэта абавязацельства застаецца непахісным".