Хронікі рэпрэсій. Паліна Шарэнда-Панасюк на Валадарцы, чарговыя прысуды за каментары

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 6 ліпеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1_logo.jpg_logo.webp

Суд Наваполацкага раёна вынес прысуд мясцовай жыхарцы Кацярыне Леў, абвінаваціўшы яе ў абразе прадстаўнікоў улады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Яе пакаралі пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады і штрафам у 3700 рублёў. Справу разглядала суддзя Сняжана Калінічэнка.

У судовым працэсе ў якасці абражаных прадстаўнікоў улады выступілі намеснік начальніка УУС Мінскага аблвыканкама Віталь Казлоў, кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Раман Мельнік, а таксама першы намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Падвойскі.

Гэтая тройца трапіла ў скандал, калі ў лютым 2022 года «Кіберпартызаны» апублікавалі зліў іх размовы з верасня 2020 года. Тэлефонная гутарка Падвойскага, Мельніка і Казлова стала доказам таго, што міліцыя ўказвае суддзям, якія рашэнні выносіць удзельнікам мірных пратэстаў.

Суд Пінскага раёна і горада Пінска 22 чэрвеня ў выязным рэжыме разгледзеў справу супраць пінчука Кірыла Барысава. Маладога чалавека абвінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК і асудзілі на два гады «хіміі».

Справу разглядала суддзя Яўгенія Мельнік, у якасці дзяржабвінаваўцы выступаў Ілля Гузарэвіч.

Пра прысуд стала вядома з відэа мясцовага дзяржаўнага тэлебачання. Так, закадравы голас паведамляе, што падставай для крымінальнай справы стаў тэлеграм-каментар пра Лукашэнку з нецэнзурнай лексікай.


Глядзіце таксама

У судзе Дзяржынскага раёна да аднаго года «хатняй хіміі» асудзілі 46-гадовую Таццяну Залатар. Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за ўдзел з шарыкамі і кветкамі ў акцыі пратэсту 14 жніўня 2020 года ў Фаніпалі.

Справу разглядала суддзя Таццяна Фядчук, а дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў пракурор Уладзімір Пятровіч.

Паводле версіі абвінавачання, Таццяна «з мэтай нагнятання незадаволенасці і напружанасці дэманстравала паветраныя шарыкі, кветкі белых колераў, якія выкарыстоўваліся ў якасці сімвалаў пратэснага руху».

Суддзя суда Лёзненскага раёна Аляксей Лапушынскі 19 чэрвеня за распаўсюджанне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў пастанавіў пакараць штрафам у памеры 1110 рублёў работніка ААТ «Нафтан» жыхара Полацка Мікіту Белавусава, а таксама канфіскаваць прыладу адміністрацыйнага правапарушэння  — мабільны тэлефон мужчыны.

Наяўнасць у тэлефоне «экстрэмізму» была выяўлена раніцай 17 чэрвеня памежнікамі на пункце пропуску, размешчаным на 42-м км аўтадарогі Р21 Віцебск — Лёзна — мяжа Расійскай Федэрацыі каля в. Заольша. Пра наяўнасць у тэлефоне падпіскі на тэлеграм-канал выдання «Люстэрка» памежнікі паведамілі ў Лёзненскае аддзяленне міліцыі, дзе на Белавусава быў складзены пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзена з «Навінак» на Валадарку. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда.

«Хутчэй за ўсё псіхіатрычная экспертыза скончылася. Але нам нічога не вядома пра яе вынікі, таксама нам нічога не вядома аб стане здароўя Паліны, — напісаў Андрэй. — Для Паліны пачаўся ўжо шосты цяжкі этап. Гэта два-тры тыдні дарогі, бясконцыя вобшукі, распаленыя ад спёкі аўтазакі, і рукі, анямелыя ад кайданкоў. Такое адчуванне, што бясконцымі этапамі хочуць канчаткова высмактаць сілы і здароўе.

Роўна праз месяц 6 жніўня ў Паліны сканчваецца ўжо другі прысуджаны ёй тэрмін зняволення. Зразумела, што яе не выпусцяць, а будуць наноў судзіць. Такім чынам, тэрмін зняволення для Паліны становіцца бясконцым».

Нагадаем, што рашэнне накіраваць палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк на судова-псіхіятрычную экспертызу было прынята пасля яе адмовы ў канцы траўня ад беларускага грамадзянства.


Глядзіце таксама

Адвакатку Юлію Юргілевіч будуць судзіць разам з Паўлам Мажэйкам.

Нагадаем, Юргілевіч працавала адвакатам амаль 18 год. Яна абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцэра, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Яна ўтрымліваецца пад вартай ужо больш за 10 месяцаў.

Павел — журналіст,  каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», якая выдавала кнігі аўтараў з Горадні і пра Горадню, а таксама кіраўнік гарадзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця». Яго затрымалі ў адзін дзень з Юргілевіч.

Цяпер іх вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК). Суд над імі распачнецца 10 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Максім Філатаў.

Палітвязня Сяргея Трацюка хочуць перавесці на турэмны рэжым.

Сяргей — жыхар Брэста, да зняволення працаваў токарам, мае непаўнагадовую дачку. Яго асудзілі паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках») за ўдзел у акцыі пратэсту ў Брэсце ў жніўні 2020 года.

8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста агучылі прысуд пятай частцы абвінавачаных па справе аб «масавых беспарадках». Сяргею прызначылі 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Са студзеня 2022 года Сяргей адбываў тэрмін у івацэвіцкай калоніі №22.

Цяпер стала вядома, што ў Івацэвічах 7 ліпеня адбудзецца суд па замене Трацюку рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Васіля Аўрусевіча яго могуць перавесці на турэмны рэжым.