«Даходзяць звесткі пра пагаршэнне здароўя». Што вядома пра Марыю Калеснікаву

У Берліне нагадалі пра беларускіх палітвязняў. Нямецкія і беларускія палітыкі і актывісты распавялі, што цяпер адбываецца з асуджанымі. Пра падрабязнасці піша «DW».

Фота «Спутніка»

Фота «Спутніка»

167 палітвязняў на мільён чалавек — так на сёння выглядае маштаб рэпрэсій у Беларусі. Для параўнання, у Расіі, дзе апошнім часам узмацніліся арышты за грамадзянскую пазіцыю, на адзін мільён прыпадае чатыры палітвязні.

Аднак у Еўропе пра масавыя рэпрэсіі супраць беларусаў наўрад ці заходзіць гаворка. Каб вярнуць Беларусь у навінавы парадак дня заходніх СМІ, згуртаванне беларусаў у Нямеччыне «Razam» правяло сустрэчу з журналістамі, на якой сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч і былая адвакатка Марыі Людміла Казак распавялі пра ізаляцыю палітвязняў і пагаршэнне ўмоў іх утрымання, а нямецкія палітык Робін Вагенер і праваабаронца Марка Фібер — пра тое, як Захад можа падтрымаць беларусаў.

Што чуваць з беларускіх турмаў? Рэха цішыні

Паводле даных «Вясны», у Беларусі на дадзены момант 1496 чалавек знаходзяцца ў зняволенні па палітычна матываваных справах. Інфармацыя пра ціск, нечалавечыя ўмовы ўтрымання і нават катаванні рэгулярна прасочваецца ў СМІ. Аднак у апошнія месяцы пра многіх зняволеных невядома абсалютна нічога. Адсюль і назва мерапрыемства — «Рэха цішыні».

Сярод тых, з кім даўно няма сувязі — Марыя Калеснікава. Яе сястра Таццяна Хоміч на сустрэчы ў Берліне распавяла, што ўжо амаль пяць месяцаў ад Марыі няма вестак. Сям'і нават не паведамляецца, у камеры якога тыпу яна знаходзіцца. Апошні ліст ад яе прыйшоў 15 лютага. Бацьку, які жыве ў Беларусі, бачыцца з Марыяй не даюць: «На нашы запыты прыходзіць адказ, што яна ні з кім не хоча мець зносіны». Падобная сітуацыя з Максімам Знакам, Ігарам Лосікам, Віктарам Бабарыкам, Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Статкевічам. «Гэта стратэгія ізалявання», — кажа Хоміч.

Ананімныя крыніцы ў СІЗА паведамілі сям'і Марыі Калеснікавай, што яна знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), што азначае больш строгі рэжым утрымання на тэрмін да шасці месяцаў. «Мы не ведаем, калі яе туды адправілі і наколькі. А ўлічваючы, што ад іншых зняволеных мы чуем, што яны наогул не бачаць Марыю, я магу выказаць здагадку, што яна можа нават знаходзіцца ў камеры-адзіночцы».


Глядзіце таксама

Прагулкі па 30 хвілін на дзень і ізаляцыя

Калі Калеснікава знаходзілася ў звычайнай камеры, працавала, як і ўсе — шэсць дзён на тыдзень па сем гадзін на дзень. Тыя, хто знаходзіцца ў ПКТ, павінны працаваць асобна ад іншых асуджаных. Як цяпер праходзіць дзень Марыі, невядома. Калі абапірацца на заканадаўства, вынікае, што яна можа выходзіць на прагулкі максімум па 30 хвілін на дзень, атрымліваць толькі адну бандэроль або маленькую пасылку на працягу шасці месяцаў. Сустрэчы і званкі са сваякамі забаронены.

«Марыя заўсёды хацела атрымліваць як мага больш інфармацыі, хай нават гэта былі толькі дзяржаўныя крыніцы. Яна выпісвала газеты, глядзела тэлевізар. Але, я думаю, цяпер у яе і гэтага няма», — кажа сястра Калеснікавай.

У лістападзе мінулага года Марыю шпіталізавалі з перытанітам з-за прабадной язвы. Тады ёй зрабілі аперацыю. На фоне хваробы Калеснікава страціла каля 15 кілаграмаў. Пра тое, як яна сябе адчувае цяпер, дакладна таксама невядома. Таццяна Хоміч кажа, што з калоніі да яе даходзіць інфармацыя пра пагаршэнне здароўя сястры: «Ёй трэба дыетычнае харчаванне, ёй не падыходзіць ежа ў калоніі, але мы нічога не можам перадаць».

Адвакаты палітвязняў пад пастаянным ціскам

Сустрэцца з Марыяй не ўдаецца нават адвакату. Яму кажуць, што яна не напісала заяву на спатканне, без якой сустрэча немагчымая. «Сітуацыя складаная. Мы разумеем, што гэта (абараняць Марыю) небяспечна для адвакатаў, — кажа Таццяна. — Цяпер цяжка ўявіць, што адвакат будзе публічна і актыўна казаць пра сваю дзейнасць».

Людміла Казак, якая была адвакаткай Марыі Калеснікавай на стадыі расследавання, пакуль яе не пазбавілі ліцэнзіі, распавяла, што з пачатку 2020 года ў Беларусі колькасць адвакатаў скарацілася з 2200 да 1650. Каля ста чалавек былі пазбаўлены ліцэнзіі, восем — самі падвергліся крымінальнаму пераследу. «Многія палітвязні проста пазбаўлены права на абарону», — кажа Казак.


Глядзіце таксама

Як еўрапейскія краіны могуць дапамагчы беларусам?

Нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, а дапамагаць грамадзянскай супольнасці становіцца ўсё складаней, дэпутат нямецкага парламента ад партыі «Зялёных» Робін Вагенер перакананы, што заходнія краіны не павінны забываць пра нашу краіну.

Увосень 2021 года Вагенер стаў сімвалічным хросным журналіста Ігара Лосіка, асуджанага да 15 гадоў пазбаўлення волі. У бундэстагу палітык імкнецца распаўсюджваць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, прасоўваючы ідэі падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Сярод іх — спрошчаныя ўмовы для выдачы гуманітарных віз беларусам, стыпендыі і гранты для навучання і навуковай дзейнасці ў Германіі.

«Нельга перастаць чуць людзей. — лічыць ён. — Магчыма, менавіта тыя, каму мы дапаможам, змогуць потым аднавіць Беларусь».

Самае вострае і пакуль нявырашанае пытанне падчас дыскусіі было пра тое, ці варта весці перамовы з беларускім рэжымам, каб дапамагчы выйсці на волю палітвязням. І калі так, ці не стане гэта падставай для новых рэпрэсій, каб гандлявацца з Еўропай за паслабленне санкцый? Таццяна Хоміч лічыць: «Калі ў турме твой блізкі, ты глядзіш на гэту сітуацыю па-іншаму. І табе ўсё роўна, якімі спосабамі: блізкія палітвязняў хочуць, каб яны апынуліся на волі і ў бяспецы».