«Кіберпартызаны» мяняюць інфармацыю на 50 палітвязняў
«Кіберпартызаны» заявілі, што ўзламалі БДУ. Вярнуць даныя гатовы за выпуск 50 палітвязняў, піша «Люстэрка».
![photo_2023_07_04_17_26_52.jpg photo_2023_07_04_17_26_52.jpg](/img/v1/images/photo_2023_07_04_17_26_52.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Кіберпартызаны» паведамілі, што пачалі працу над атакай на Белдзяржуніверсітэт пасля выхаду пакаяннага відэа са студэнтам, якое знялі ў ВНУ. Спатрэбіўся час, каб укараніцца ў сетку і надзейна там замацавацца. Цяпер ад наступстваў кібератакі «БДУ не адновіцца яшчэ доўга», заявілі «Кіберпартызаны».
Паводле «Кіберпартызан», у выніку атакі пашкоджаны дамен-кантралёры, зашыфраваны працоўныя станцыі, выпампавана больш за 3 тэрабайты даных, выдалены базы супрацоўнікаў, студэнтаў, абітурыентаў. А таксама зачышчана ўся бухгалтэрыя, воблачныя сэрвісы, пошты, файлаабменнікі, знішчаны бэкапы.
У выніку ўсе сайты bsu.by недаступныя. «Кіберпартызаны» апублікавалі скрыншоты сайта і запампаваных даных, а таксама ўзор характарыстыкі выкладчыка, дзе пазначана: «антыдзяржаўных праяў на працоўным месцы... не было».
![photo_2023_07_04_14_34_41.jpg photo_2023_07_04_14_34_41.jpg](/img/v1/images/photo_2023_07_04_14_34_41.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Кіберпартызаны» распавялі, што першапачаткова атрымалі лагін-пароль аднаго са студэнтаў, які «займае адказныя пасады ў БРСМ і мае доступ да некаторых сістэм». Таму ім удалося зайсці праз яго акаўнт на сайт БДУ. Мяркуючы па скрыншотах, студэнта завуць Уладзімір Бараноўскі. Ён актыўны ў сацсетках і вядзе блог у TikTok.
«Затым мы атрымалі доступ да пошты і воблачнага сэрвісу БДУ, а таксама да іх сайтаў. А пасля праніклі на серверы і ва ўнутраную сетку», — падзяліліся «Кіберпартызаны». Да атакі прыступілі ў ноч з 3 на 4 ліпеня.
Глядзіце таксама
![Навошта полк Кастуся Каліноўскага аб'яднаўся з "Кіберпартызанамі"? Супрацоўніцтва ПКК з «Кіберпартызанамі» паўплывае на ўдзел у вайне](/img/v1/images/_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Установа адукацыі, якая зганьбілася дзеяннямі ў стылі карных органаў, атрымлівае па заслугах, — гаворыцца ў паведамленні «Кіберпартызан». — Наша пасланне для ўсіх арганізацый і структур Беларусі: дзейнічаеце як карнікі — атрымліваеце як карнікі. Тады вы становіцеся для нас цэллю як памагатыя дыктатуры і гвалту».
«У абмен на вызваленне 50 палітвязняў мы гатовы адправіць адмінам БДУ 3 тэрабайты звестак, якія ў іх выпампавалі», — заявілі «Кіберпартызаны».
Нагадаем, як пісаў «НЧ», напрыканцы 2022 года Беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), які ваюе на баку Украіны, і група хакераў-актывістаў «Кіберпартызаны» заявілі, што аб'ядноўваюць свае намаганні ў змаганні з дыктатурай.