Супрацоўніцтва ПКК з «Кіберпартызанамі» паўплывае на ўдзел у вайне

І полк Каліноўскага, і «Кіберпартызаны» ў анансаваным аб'яднанні пераследуюць свае мэты. Якія — высвятляла «DW».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), які ваюе на баку Украіны, і група хакераў-актывістаў «Кіберпартызаны» аб'ядноўваюцца. Пра гэта іх прадстаўнікі заявілі ў аўторак, 6 снежня, на сумеснай прэс-канферэнцыі ва «Украінскім крызісным медыя-цэнтры» ў Кіеве. Акрамя таго, гаворка ішла пра магчымае ўступленне Беларусі ў вайну супраць Украіны на баку Расіі і пра наступствы гэтага рашэння для рэжыму Лукашэнкі. Закранулі і ўзаемадзеянне ПКК з беларускай апазіцыяй.

«Кіберпартызаны»: «У Украіны і Беларусі адзін вораг — крамлёўскі рэжым»

«У Украіны і Беларусі адзін вораг — імперыялістычны пуцінскі крамлёўскі рэжым. Мы робім усё магчымае, каб выгнаць яго з нашых зямель, каб абараніць незалежнасць Украіны і Беларусі», — заявіла падчас прэс-канферэнцыі адзіная публічная прадстаўніца аб'яднання «Кіберпартызаны» Юлія Шэметавец. Цяпер яна будзе ўваходзіць і ў штаб ПКК. Паводле слоў Шэметавец, цяпер праз полк хакеры-актывісты змогуць перадаваць больш даных украінскім ведамствам.


Шэметавец таксама нагадала, што з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне «Кіберпартызаны» правялі шэраг атак на рэсурсы «Беларускай чыгункі», каб запаволіць рух расійскіх вайсковых цягнікоў у бок Украіны.
«Адна з апошніх атак таксама была на расійскую структуру — цэнзурны цэнтр «Раскамнагляду», які сочыць за расійскай грамадзянскай супольнасцю, беларускімі і ўкраінскімі медыя, — расказала прадстаўніца «Кіберпартызанаў». — Мы працуем таксама над забеспячэннем бяспекі — над дадаткамі, якія людзі могуць выкарыстоўваць у Беларусі і на акупаваных расійцамі ўкраінскіх тэрыторыях». У сваю чаргу прадстаўнікі ПКК заявілі, што ў іх ёсць план сумеснай дзейнасці з «Кіберпартызанамі» і што такое супрацоўніцтва вельмі паўплывае на іх удзел у вайне.

У складзе ПКК — 80% палітычных актывістаў

Між тым журналістаў хвалявалі і іншыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю палка Кастуся Каліноўскага, у прыватнасці, палітычныя амбіцыі вайсковага падраздзялення, а таксама перспектывы ўступлення Беларусі ў вайну супраць Украіны. Намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук адзначыў, што стратэгічныя планы ПКК не змяніліся: абарона тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, разгром войска РФ на тэрыторыі Украіны, а пры спрыяльных умовах — «дэакупацыя» Беларусі і звяржэнне рэжыму Лукашэнкі, а таксама стварэнне ўмоў «для пераходу да дэмакратыі і свабодных выбараў».


«Я беларус па нацыянальнасці, з беларускім грамадзянствам, гэтага права мяне ніхто не можа пазбавіць — ні рэжым Лукашэнкі, ні нават тое, што я падпісаў кантракт з УСУ. А тое, што мы ў пэўным сэнсе закранаем палітычныя пытанні цяпер, вайну — гэта працяг палітыкі, толькі іншымі сродкамі», — пракаментаваў Кабанчук. На пытанне пра супрацоўніцтва з Аб'яднаным пераходным кабінетам, створаным Святланай Ціханоўскай, ён адказаў, што ПКК супрацоўнічае з усімі людзьмі, якія на баку Украіны хочуць «ваяваць, валанцёрыць і дапамагаць».

ПКК: «8 з 10 беларускіх вайскоўцаў не хочуць ваяваць ва Украіне»

Што тычыцца магчымага ўступлення ў вайну Беларусі на баку Расіі супраць Украіны, то, паводле слоў Кабанчука, гэта будзе азначаць канец рэжыму Лукашэнкі. Таксама намеснік камандзіра ПКК лічыць, што 8 з 10 беларускіх вайскоўцаў не хочуць ваяваць ва Украіне. «У беларускага войска няма баявога досведу, мы дакладна ведаем настроі, якія пануюць у беларускім войску, яны не цалкам лаяльныя да рэжыму Лукашэнкі. 8 з 10 вайскоўцаў не хочуць ваяваць ва Украіне. Калі такая атака і здарыцца, то яна скончыцца вельмі хутка частковай дэмаралізацыяй, разгромам, палонам і пераходам на наш бок часткі гэтых вайскоўцаў», — упэўнены Кабанчук.


Ён адзначыў, што ў цэлым «насельніцтва Беларусі мае генетычны страх вайны». Народ разумее, «у якую авантуру іх уцягвае Лукашэнка разам з Пуціным» і, у большасці сваёй, не падтрымлівае гэта. У сваю чаргу, прадстаўнік ПКК Мікола Дземідзенка расказаў, што полк з самага пачатку вайны адсочвае актыўнасць беларускіх войскаў. «Безумоўна, у сакавіку-красавіку рызыка таго, што яны апынуцца ва Украіне, была больш высокай, усе чакалі моманту гэтай агрэсіі. У нас была вялікая колькасць запытаў ад беларускіх вайскоўцаў пра тое, як правільна здацца ў палон і як можна будзе далучыцца да палка. Думаю, галоўная прычына таго, што беларускія войскі ў пачатку вайны не апынуліся ва Украіне — разуменне рэжымам, што гэта будзе фіяска», — падзяліўся Дземідзенка.