Амаль ваенная хунта. Генералы і палкоўнікі на пасадах у Беларусі

Некалькі дзён таму стала вядомае імя новага дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі — ім стаў генерал Алег Воінаў. Мы паглядзелі, на якіх пасадах у краіне знаходзяцца генералы і палкоўнікі — і іх вельмі шмат.

heneraly.jpg

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

Кіруе генерал-маёр Алег Воінаў. Знаходзіцца пад санкцыямі. Ён нарадзіўся ва Украіне, у Дняпры. Пасля пачатку вайны 2022 родны брат генерала Глеб Воінаў запісаў відэазварот да яго з заклікам не ваяваць супраць радзімы і роднай маці, якая жыве там жа, ва Украіне. Пра адказ будучага галоўнага гісторыка інфармацыі не было.

vojnau.jpg

Музей Гісторыі Вялікай айчыннай вайны

Кіруе палкоўнік Уладзімір Варапаеў. Мае каля двух дзясяткаў медалёў. Як сцвярджаецца, мае творчую натуру. У 2004-м узначаліў Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных сілаў Беларусі. На афіцыйным сайце музея вайны пра яго напісана даслоўна так: «Сапраўды шматгранная творчая асоба — таленавіты кіраўнік, яркі музыка і кампазітар, які стварыў больш за 35 твораў пра Радзіму, Вялікую Айчынную вайну і армію, Уладзімір Сяргеевіч сваёй дзейнасцю зрабіў неацэнны ўнёсак у фармаванне маральнага духу народа Беларусі».

varapaeu.jpg

Беларуская федэрацыя футбола

Кіруе палкоўнік Уладзімір Базанаў. Знаходзіцца пад санкцыямі. Пры ім беларускі футбол дасягнуў дна. У прыватнасці, скіравана душыцца недзяржаўны футбольны клуб «Крумкачы», прадстаўнікі якога адкрыта выступаюць супраць гвалту карнымі органамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020. Напрыканцы 2021-га разам з жонкай затрыманы ў Чэхіі і дэпартаваны ў Сінявокую.

bazanau.jpg

Беларуская федэрацыя хакея

Кіруе падпалкоўнік Аляксандр Багдановіч. Колішні чэмпіён Алімпійскіх гульняў 2008, пасля спартовай кар’еры пайшоў на працу ў Палату прадстаўнікоў. У 2021-м змяніў Дзмітрыя Баскава, меркавана датычнага да забойства Рамана Бандарэнкі, на пасадзе старшыні хакейнай федэрацыі.

bahdanovicz_5.jpg

Беларуская федэрацыя валейбола

Кіруе генерал-лейтэнант Уладзімір Вашчанка. У 2020-м з'яўляўся міністрам па надзвычайных сітуацыях. Для кагосьці такая сітуацыя надзвычайная — калі людзі вывешваюць сцяг. Яго супрацоўнікі выязджалі на выклікі і цягнуліся да высокіх месцаў. У валейболе сетка высокая, вось і паставілі куратарам.

vaszczanka.jpg

Міністэрства замежных спраў

Кіруе палкоўнік Уладзімір Макей. Асоба, якая мела рэпутацыю ледзьве не празаходняга чальца ўрада пры рэжыме Лукашэнкі, з гучным роскатам звалілася ў звычайнага чыноўніка з падтанцоўкі. Спробы весці інстаграм па-беларуску са здымкамі ў вышыванках у яго біяграфіі спалучаліся з чаканнем бургера на адкрыцці рэстарацыі расійскага рэп-выканаўцы Цімаці. Макей быў афіцэрам ГРУ. Як вядома, супрацоўнікі гэтых арганізацыяў шукаюць ворагаў, а міністр замежных спраў па ідэі мусіць шукаць сяброў.

makej_7.jpg

Берасцейскі гарвыканкам

Кіруе палкоўнік Аляксандр Рагачук. Удакладнім — палкоўнік расійскае арміі.

Народжаны ў Кобрынскім раёне, Рагачук для развіцця кар’еры абраў армію, саманазваную «другой мацнейшай арміяй свету». У 2000-м вярнуўся на Бацькаўшчыну ў родны Кобрынскі райвыканкам, дзе ўвёў незвычайную рэч — кожная серада ў выканкаме абвяшчалася цалкам беларускамоўнай. Потым ужо даслужыўся да старшыні выканкама абласнога цэнтра — Берасця. У 2020-м быў даверанай асобай Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.

rahaczuk.jpg

Камітэт дзяржаўнай бяспекі

Кіруе генерал-лейтэнант Іван Церцель. Знаходзіцца пад санкцыямі. Паходзіць з каталіцкай сям’і, і гэтую еднасць веравызнання адчуў у тым ліку кіраўнік каталіцкага касцёла арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якому напрыканцы 2020-га было забаронена вяртацца ў Беларусь. Адзін з галоўных арганізатараў рэпрэсіўнай дзейнасці ў апошнія гады.

cercel.png

Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях

Кіруе палкоўнік Сяргей Шлычкоў. Дацэнт-палкоўнік раней узначальваў Беларускі інстытут сыстэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы.

 

szlyczkou.jpg

Міністэрства спорту і турызму

Кіруе палкоўнік Сяргей Кавальчук. Знаходзіцца пад санкцыямі. Былы ахоўнік Лукашэнкі. Пры ім спартоўцы, якія падпісалі знакаміты «Адкрыты ліст супраць гвалту», пачалі зазнаваць ціск і пераслед. Шматлікія спартоўцы і трэнеры былі звольненыя. Кавальчук быў адным з фігурантаў скандалу на Алімпійскіх гульнях у Токіа 2021, падчас якога давялося эвакуяваць у Польшчу беларускую спартоўку Крысціну Ціманоўскую пасля пагрозаў з боку нацыянальнай алімпійскай каманды.

kavalczuk.jpg

Інспектар па Гарадзенскай вобласці

Кіруе генерал-лейтэнант Юры Караеў. Знаходзіцца пад санкцыямі. Хто такі інспектар (ці па-іншаму — памочнік Лукашэнкі па канкрэтнай вобласці) — пытанне цікавае, пры дзейных старшынях аблвыканкамаў. У двух словах: інспектар павінен прыглядаць за даверанай тэрыторыяй. У свой час узначаліў брыгаду АМАПу з сумнавядомай вайсковай часткі 3214, пасля яшчэ больш сумнавядомага палкоўніка Паўлічэнкі. Падчас выбараў 2020 быў міністрам унутраных спраў, аддаваў загады па выкарыстанні гранатаў, агнявой зброі, вадамётаў супраць мірных пратэстоўцаў. Пры ім былі скалечаныя і закатаваныя тысячы беларусаў у засценках на Акрэсціна і іншых падобных месцах. Гарадзенская вобласць спіць спакойна.

karaeu.jpg

Інспектар па Берасцейскай вобласці

Кіруе генерал-лейтэнант Валеры Вакульчык. Знаходзіцца пад санкцыямі. Паспеў пакіраваць КДБ, Следчым камітэтам. Быў і дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі Беларусі. Чалавек, адказны за гвалт над пратэстоўцамі ў 2020-м. Беларускі біятлон пад прыкрыццём прыцэла Вакульчыка, бо ён адначасова з наглядам за вобласцю спраўляецца з пасадай старшыні Назіральнай рады Беларускай федэрацыі біятлона.

 

vakulczyk.jpg

Інспектар па Менску

Кіруе генерал-лейтэнант Аляксандар Барсукоў. Знаходзіцца пад санкцыямі.

Быў намеснікам Караева ў МУС падчас разгону мірных пратэстоўцаў у 2020-м. Барсукоў вядомы яшчэ з 1999-га, калі падчас расследавання трагедыі на Нямізе пайшоў у адстаўку з пасады намесніка старшыні цэнтральнага РУУС, бо яго міліцэйскае аддзяленне мела непасрэднае дачыненне да арганізацыі бяспекі на мерапрыемстве.

barsukou_1.jpg

Інспектар па Менскай вобласці

Кіруе генерал-маёр Уладзімір Калач. Знаходзіцца пад санкцыямі. Былы намеснік Вакульчыка ў КДБ.

kalacz.jpg

Памочнік Лукашэнкі па агульных пытаннях

Кіруе палкоўнік Мікалай Латышонак. Такую пасаду атрымаў былы старшыня асабістай аховы Лукашэнкі. У 2020-м, падчас адной з пратэсных акцый па нядзелях, выйшаў да людзей. Пра яго вядома няшмат. Можна вылучыць гульнявы нумар Латышонка, пад якім ён катаецца ў хакейнай камандзе сына Лукашэнкі — 13. Бездакорна служыць свайму працадаўцу, пра што сведчаць тры медалі «За бездакорную службу».

 

latyszonak_1.jpg

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях

Кіруе генерал-маёр Вадзім Сіняўскі. Лаўрэат конкурсу юных цымбалістаў вырашыў не засяроджвацца на музыцы, а пайшоў у Саратаўскую вайсковую вучэльню імя Дзяржынскага. Па вяртанні ў Беларусь працаваў у міліцыі. Кіраваў УУС у Гарадзенскай вобласці падчас маніфестацый 2020. Публічна прынёс выбачэнні за дзеянні некаторых супрацоўнікаў сваіх органаў, што, на жаль, далей не пацягнула ніякіх наступстваў.

sinjauski.jpg

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі

Кіруе падпалкоўнік Канстантын Шульган. Знаходзіцца пад санкцыямі. Перад праверкай сувязі працаваў у Аператыўна-аналітычным цэнтры пры Лукашэнку.

szulhan.jpg

Міністэрства юстыцыі

Кіруе генерал-маёр Сяргей Хаменка. Знаходзіцца пад санкцыямі. Калі разабраліся з футболам, узяліся і за міні-футбол. Акрамя кіравання Міністэрствам юстыцыі Хаменка з'яўляецца старшынём гэтай асацыяцыі. У год апошніх прэзідэнцкіх выбараў — намеснік Караева ў МУС.

hamenka_1.jpg

Дзяржаўны памежны камітэт

Кіруе генерал-лейтэнант Анатоль Лапо. Знаходзіцца пад санкцыямі. У свой час скончыў вучэльню КДБ, а потым, у 2001-м — Акадэмію федэральнай памежнай службы Расіі. Пад яго кіраўніцтвам адбывалася знішчэнне дзяржаўнай маёмасці ў памежных пунктах пропуску мігрантамі і масавае парушэнне дзяржаўных межаў Беларусі гасцямі з іншых краінаў.

lapo.jpg

Адміністрацыя Лукашэнкі

Кіруе генерал-лейтэнант Ігар Сяргеенка. Знаходзіцца пад санкцыямі. Усё жыццё прапрацаваў у КДБ, у 2020-м быў намеснікам старшыні гэтай арганізацыі. У 2013-м менавіта Сяргеенка быў тым, хто распавядаў журналістам аб выніках расследавання аперацыі «Плюшавы дэсант», калі шведскія пілоты скінулі на парашутах некалькі цацак у выглядзе мядзведзянят з улёткамі ў абарону свабоды слова ў Беларусі. Крымінальная справа была закрытая праз год пасля інцыдэнту.

sjarheenka.png

Міністэрства ўнутраных спраў

Кіруе генерал-лейтэнант Іван Кубракоў. Знаходзіцца пад санкцыямі. За два гады бездакорнай службы Кубракоў у 2018-м стаў генерал-маёрам, а ўжо ў 2020-м — генерал-лейтэнантам. З такой дынамікай у гэтым годзе варта чакаць найвышэйшага звання — генерал-палкоўнік. Пры ім беларускія кіберпартызаны змаглі атрымаць доступ да вялікай колькасці базаў міліцыі.

kubrakou.jpg

Міністэрства абароны

Кіруе генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін. Знаходзіцца пад санкцыямі. Менавіта ён даў загад аб выкарыстанні вайскоўцаў у здушэнні акцый супраціву ў 2020-м. Шырока вядомым стала выказванне Хрэніна пра Святлану Ціханоўскую: «Яна кажа нам не выконваць злачынныя загады. Гэтая жанчына заклікае нас да здрады, парушэнне закона — не выконваць загады. Злачынны ён ці не злачынны — мы людзі вайсковыя».

hrenin.jpg