Наталля Пінчук: Пакутныя выпрабаванні прыпалі не толькі на долю праваабаронцаў, але і ўсяго беларускага народа
Два гады таму, 14 ліпеня, былі затрыманы старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Чатыры месяцы таму за праваабарончую дзейнасць у «Вясне» іх асудзілі да жорсткіх тэрмінаў — ад 7 да 10 гадоў зняволення.
Трох праваабаронцаў накіравалі адбываць тэрміны ў калоніі на Магілёўшчыне. Да гадавіны затрымання «вясноўцаў» праваабарончы партал «Вясна» паразмаўляў з жонкай Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук і абмеркаваў апошнія навіны з калоніі пра праваабаронцу, смерць яго блізкага сябра Алеся Пушкіна і працяг справы мужа.
«Цяжка сказаць, у якім стане, з якім здароўем і ці наогул здолеюць выйсці на волю нашы блізкія»
Гэтыя два гады для сям’і Алеся, як і для іншых сваякоў палітвязняў, сталі цяжкімі часамі выпрабаванняў і новых выклікаў у жыцці. Пры гэтым Наталля ўзгадвае першы арышт мужа ў 2011 годзе, калі яго затрымалі і асудзілі да чатырох з паловай гадоў. У зняволенні ён прабыў амаль тры гады і быў адпушчаны датэрмінова ў сувязі з амністыяй.
«Гэтыя гады — новыя выпрабаванні, якія можна дзесьці параўноўваць з тымі гадамі, калі Алесь сядзеў свой першы тэрмін у бабруйскай калоніі. Гэты час не лягчэйшы. Перш за ўсё цяжка ўспрымаецца невядомасць: калі няма з ім сувязі ці яна перапыняецца, калі не даходзяць да мяне яго лісты і наадварот. Усё гэта трымае мяне ў вялікім напружанні. Я думаю, што гэта таксама стварае маральныя праблемы для Алеся».
Наталля параўновае часы першага і цяперашняга зняволення праваабаронцы:
«Ёсць як і нешта падобнае, так і адрозненні. Вялікае адрозненне мы бачым у тэрмінах. Цяпер Алесю прысудзілі аграмадны тэрмін — 10 гадоў. Ва ўмовах, у якіх утрымліваюць вязняў у турмах, гэта тэрмін на ўсё жыццё. Цяжка сказаць, у якім стане, з якім здароўем і ці наогул здолеюць выйсці на волю нашы блізкія. Яшчэ адно адрозненне з першым тэрмінам у тым, што такія пакутныя выпрабаванні прыпалі не толькі на долю праваабаронцаў, але і на долю ўсяго беларускага народа. Цяпер, каго б мы з вамі не спыталі ў Беларусі, ён заўсёды знойдзе ў блізкім асяроддзі чалавека, які патрапіў пад рэпрэсіі».
«У лістах узгадвае сітуацыі з вольнага жыцця»
На пачатку траўня 2023 года Алеся Бяляцкага перавялі ў горацкую калонію строгага рэжыму №9, якая лічыцца, паводле сведчанняў былых вязняў, адной з самых жорсткіх у Беларусі:
«Пасля таго, як Алеся перавялі, вестак ад яго не было каля месяца. Потым ён стаў дасылаць мне лісты. Наколькі я разумею па іх, не было зваротнай сувязі, ад мяне Алесь не атрымліваў лістоў. Таму ёсць падставы меркаваць, што на яго аказваецца новы псіхалагічны ціск, які абрывае сувязь з роднымі і робіць яго знаходжанне ў турме яшчэ больш цяжкім».
Наталля распавядае, што цяпер, пасля месячнага перапынку, ад Алеся нарэшце прыйшоў ліст, датаваны трэцім ліпеня.
«І зноўку з гэтага ліста я разумею, што маіх лістоў ён не атрымлівае. Па лістах настрой Алеся нельга назваць аптымістычным, хаця, можа, я так успрымаю... Ён спрабуе трансляваць мне, быццам у яго ўсё нармальна. Але я разумею, наколькі гэта можа быць «нармальна» ў цяперашніх умовах турмаў. Ды і былыя зняволеныя яшчэ да 2020 года сведчылі, што ў калоніі №9 вельмі жорсткія ўмовы, распавядалі, як нацкоўваюць «крымінальны элемент» на палітычных вязняў, пра збіццё ў душавых... Таму я магу меркаваць па сведчаннях былых вязняў горацкай калоніі, якія там умовы.
Алесь перажывае, каб я не хвалявалася за яго. У асноўным у лістах ён узгадвае, як жылі раней, і сітуацыі з вольнага жыцця. Змест ягоных лістоў нешырокі».
Праваабаронца працуе цяпер у калоніі на дрэваапрацоўцы. Наталля адзначае, што ў лістах Алесь асабліва не піша пра сваё здароўе, але часам праскоквае, што яно пагаршаецца.
«І гэта мяне вельмі-вельмі непакоіць».
«Алесь Пушкін для Алеся быў яркім прыкладам сапраўднага беларуса і мастака»
Ноччу 11 ліпеня памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін, які адбываў пяцігадовы тэрмін за карціну ў гродзенскай турме. Ён быў блізкім сябрам Алеся Бяляцкага. Наталля вельмі хвалюецца за стан мужа, калі ён дазнаецца гэтую жахлівую навіну:
«Баюся ўявіць, што будзе адчуваць Алесь, калі даведаецца гэтую навіну. Як ён гэта перажыве… У мяне ў самой рука не падымаецца пісаць пра гэта яму... Для Алеся гэта будзе мацнейшы ўдар. Я сама не тое што не магла паверыць, а адмаўлялася ў гэта верыць, і да гэтага часу не магу з гэтым прымірыцца.
Гэта вельмі блізкія людзі, адных поглядаў на жыццё і на ўсё, што адбываецца навокал. Гэта людзі, адданыя Беларусі. Алесь Пушкін для Алеся быў яркім прыкладам сапраўднага беларуса і мастака».
Наталля адзначае, што смерць Алеся Пушкіна ў тым ліку з'яўляецца паказчыкам таго, якім чынам ставяцца да палітычных зняволеных у турмах:
«Алесь Пушкін да канца адмаўляўся пераходзіць на рускую мову нават у гэтых жахлівых умовах зняволення, за што пацярпеў таксама. На жаль, і да гэтага часу ў нашай краіне працягваюцца ганенні на беларусаў і беларускае ў такіх жахлівых формах. Тых, хто да канца стаіць за беларускую мову, па сутнасці вынішчаюць».
«Я павінна рабіць хаця б тое, што магу, не толькі для Алеся, а для ўсіх»
Наталля дзеліцца, што для таго, каб беларускае пытанне цяпер гучала ў свеце на старонках замежных СМІ, успрымалася і чулася ў коле палітыкаў, трэба прыкладаць шмат намаганняў. І Наталля стараецца гэта рабіць. Так, напрыканцы чэрвеня Наталля выступіла ў падкамітэце па правах чалавека Еўрапейскага парламента, дзе распавяла пра сітуацыю ў Беларусі, палітзняволеных і пра тое, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца ў месцах зняволення і якая дапамога ім неабходна.
«Акрамя гэтага тэрору супраць народа яшчэ адбываецца па сутнасці палітыка этнацыду, калі навязваюцца руская мова і наратывы, перарабляецца гісторыя. Тысячы людзей пакутуюць як унутры Беларусі, так і за яе межамі, мусіўшы ўцякаць ад гэтага тэрору са сваёй краіны. Лукашэнка ўводзіць краіну ў гэты «рускі мір», не дапускаючы жывой беларускай дзейнасці ўнутры краіны. Усе арганізацыі, скіраваныя на развіццё і адраджэнне беларускай мовы і культуры, былі закрытыя. Гэта ўсё характарызуе тую антыбеларускую палітыку, якую праводзіць Лукашэнка ў нашай краіне. І гэта таксама парушэнне правоў беларусаў».
Наталля Пінчук у Еўрапарламенце: «Беларускі народ не скарыўся, падзеі 2020 года не забыты»
У падкамітэце па правах чалавека Еўрапейскага парламента 28 чэрвеня абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека і палітвязнямі ў Беларусі. На абмеркаванне беларускіх праблем запрасілі Наталлю Пінчук, жонку палітзняволенага заснавальніка і старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
Наталля распавядае, што па зразумелых прычынах у міжнародных журналістаў і палітыкаў на першым месцы пытанне наконт Беларусі звязана з Украінай і вайной.
«Але не трэба забываць, што Беларусь — важная частка геапалітыкі, якую трэба адстойваць. Бо дэмакратычная Беларусь — гэта, па сутнасці, гарантыя міру для Украіны і для ўсёй Еўропы. Таму Беларусь трэба трымаць пад пільным наглядам і рабіць усё магчымае, каб панаванне гэтай дыктатуры было зведзена на нішто».
Цяпер Наталля фактычна працягвае справу мужа, стаўшы не толькі яго голасам, а голасам многіх беларусаў:
«Лічу, што ў гэтай страшнай сітуацыі я павінна рабіць хаця б тое, што магу, не толькі для Алеся, а для ўсіх. Гэта дае мне адчуванні таго, што маё існаванне недарэмнае, таму што магу займацца нейкай дзейнасцю на карысць нашых людзей».
Напрыканцы размовы Наталля адзначае, што дэмакратычныя пераўтварэнні і змены ў Беларусі — адна з найважнейшых мэт, якой мы мусім дасягнуць абавязкова.