Беларуская мова становіцца "непажаданым кантэнтам"

У Беларусі «асаблівае стаўленне» рэжыму выклікаюць не толькі яго палітычныя апаненты і ўдзельнікі пратэстаў, але і тыя, хто размаўляюць па-беларуску. «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» сабраў факты дыскрымінацыі беларусаў па моўнай прыкмеце, піша budzma.org.

Набярэжная Брэста. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Набярэжная Брэста. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» падрыхтавала агляд сітуацыі з беларускай мовай у Беларусі за 1 студзеня — 30 чэрвеня гэтага года, у якім зафікасаваныя выпадкі моўнай дыскрымінацыі.

У маі 2023 года Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) апублікаваў вынікі свайго даследавання «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі», у фокусе якога была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове.


Глядзіце таксама

Асноўныя вынікі:

  1. Так, у сферы адукацыі даследчыкі адзначылі наяўнасць моўнай дыскрымінацыі ў дачыненні да беларускай мовы. 77,8% апытаных сутыкаліся з перашкодамі пры ўжыванні беларускай мовы, а 88% адчувалі асаблівае стаўленне да сябе праз тое, што размаўляюць па-беларуску. 86,9% апытаных у дзіцячых садках выхоўваліся па-руску; у 82,4% удзельнікаў апытання прадметы ў ВНУ і ўстановах ССА выкладаліся па-руску. Аднак 95% рэспандэнтаў пры наяўнасці альтэрнатывы абралі б мовай адукацыі беларускую.
  2. У сферы інфармацыі аўтары даследавання адзначаюць, што з пачатку 2000-х гадоў у Беларусі пераважная большасць асноўных СМІ выходзіла на рускай мове. У 2011-м на каналах нацыянальнага тэлебачання беларускамоўныя праграмы складалі ўсяго 4% эфіру. На цяперашні час усе агульнанацыянальныя газеты, за выключэннем газеты «Звязда», выдаюцца на рускай мове.
  3. Не лепшая сітуацыя склалася ў сферы абслугоўвання. Так, 99,4% рэспандэнтаў паведамілі, што не могуць камунікаваць па-беларуску ў лякарнях і медыцынскіх установах; 98,1% беларусаў — у рэстарацыях і кавярнях; 98,5% — у крамах з прадаўцамі і кансультантамі; 99,2% — у дзяржаўных установах.

Праваабаронца Ігар Случак у інтэрв’ю Budzma.org адзначыў, што ў Беларусі мае месца стыгматызацыя беларускай мовы. Ігар лічыць, што беларуская мова стала маркерам нелаяльнасці да ўладаў, мовай «ворагаў народа».


Глядзіце таксама

За першае паўгоддзе 2023 года з адкрытых крыніц выяўленыя наступныя выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы:

  • Падчас судаводства ў судзе Ленінскага раёна Мінска 5 студзеня 2023 года праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і яго паплечнікі праваабаронцы Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч заявілі хадайніцтвы аб тым, каб судаводства вялося на беларускай мове. Суддзя Марына Запаснікхадайніцтвы адхіліла. Пасля чаго Алесь Бяляцкі заявіў хадайніцтва аб прызначэнні яму перакладчыка з рускай на беларускую для поўнага разумення прад’яўленага абвінавачання. І гэтае хадайніцтва таксама было адхіленае судом.
  • 10 студзеня 2023 года стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч», якое выпускала кнігі на беларускай мове, было пазбаўленае ліцэнзіі. У рашэнні суда пералічаныя выдадзеныя «Янушкевічам» друкаваныя выданні, якія прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта кніга Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» і кніга вершаў Іосіфа Бродскага для дзяцей «Балада пра маленькі буксір».
  • 26 студзеня 2023 года стала вядома, што беларускамоўнаму абвінавачанаму па «справе карагодаў» Міколу Папеку суд Брэсцкага раёна адмовіў у азнаямленні з матэрыяламі справы на беларускай мове.
  • 2 лютага 2023 года затрымалі адміністратара тэлеграм-канала «Па-беларуску» Андрэя Філіпчыка. Яму інкрымінавалі ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а таксама адміністраванне тг-канала «Па-беларуску», дзе публікаваліся жарты і мемы на беларускай мове. Паводле меркавання сілавікоў, Андрэй Філіпчык такім чынам папулярызаваў «лацінку і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы».
  • У Браціславе да Дня роднай мовы амбасада Беларусі зладзіла выставу беларускай кнігі. Аднак большасць прадстаўленых кніг былі перакладзены на рускую мову. Таксама былі выстаўлены некалькі стэндаў з інфармацыяй і фота рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага.
  • Чыноўнікі на Гродзеншчыне выказаліся супраць польскай мовы ў касцёлах Беларусі. Напрыклад, у Іўі назвалі польскую мову ў касцёле незаконнай падчас сустрэчы раённых уладаў з духавенствам, дзе абмяркоўваліся праблемныя пытанні. Аднак духавенства адзначыла, што ў беларускай каталіцкай царквы дзве афіцыйныя мовы: беларуская і польская. Гэта нават замацавана ў дакументах Каталіцкай царквы ў Беларусі.
  • 1 красавіка на ютуб-канале «Жизнь-малина» выйшла інтэрв’ю з Аляксандрам Івуліным у якім ён расказаў, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 22, у якой адбываў пакаранне мастак Алесь Пушкін, стварала яму вельмі жорсткія ўмовы адбывання пакарання праз тое, што Алесь размаўляў выключна па-беларуску, канваіры здзекаваліся з яго, прымушалі размаўляць па-руску, нібыта не разумеючы беларускай мовы.
  • 4 красавіка 2023 года дзяржава адмяніла выкарыстанне беларускай лацінкі. Адмены лацінкі раней дабіваліся прарасійскія актывісты.
  • 30 чэрвеня Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод новых яго фігурантаў — культурніцкі інтэрнэт-рэсурс budzma.me і тэлеграм-канал budzmaby. І сайт, і тэлеграм-канал з’яўляюцца беларускамоўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі кампаніі «Будзьма беларусамі!», скіраванай на папулярызацыю беларускай культуры. Галоўная ідэя кампаніі — аб’яднаць беларусаў праз станаўленне павагі да сябе, сваёй культуры, мовы, гісторыі і ўсведамлення сваёй адметнасці.
  • Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы ўпакоўкі» прадпісвае, што «інфармацыя павінна быць выкладзена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы — сябра саюза пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-чальцоў». Аднак наяўнасць выбару звяло сітуацыю да таго, што руская мова ў маркіроўцы прадукцыі стала абавязковай, а беларуская — не. У адказ на гэта праваабаронца Ігар Случак звярнуўся да беларускіх вытворцаў прадукцыі з прапановамі пазначаць сваю прадукцыю па-беларуску. Некаторыя вытворцы з ім пагадзіліся, але большасць адмовілася і ўвогуле спыніла ліставанне.


Глядзіце таксама

«На нашу думку, вельмі важна збіраць і публікаваць выпадкі дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, бо сёння як ніколі беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Мы працягнем пільна сачыць за станам беларускай мовы і рабіць падобныя агляды не радзей за раз на паўгода. Таму, калі ў вас ёсць прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не ўвайшлі ў гэты агляд, калі ласка, дасылайце іх на наш адрас — naszamova@gmail.com», — гаворыцца ў аглядзе «Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў».

Цалкам з маніторынгам можна азнаёміцца тут. Поўная версія агляду на англійскай мове – тут.