Абазвалі «беларускамоўнай малпай»: гэта здзек ці ўжо этнацыд?

Фактаў, калі праваахоўнікі пераследуюць грамадзян на падставе ўжывання імі беларускай мовы, сабралася так шмат, што гэта дае магчымасць вызначыць з'яву як сістэмную.

_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Варожае стаўленне ў міліцыі і спецслужбах, а таксама ў калоніях і турмах да палітычных вязьняў, якія размаўляюць на беларускай мове, набыло сістэмны характар. Пра гэта разважае журналіст і палітык Сяргей Навумчык на старонках «Св*боды».

Вось былыя вязьні гомельскай жаночай калёніі расказваюць «Н*шай н*ве» пра намесьніка начальніка калёніі, які выяўляе асаблівае стаўленьне менавіта да беларускамоўных: «...любіць рэгулярна спыняць палітычных і чапляцца да іх, выпытваючы, як па-беларуску будзе якое-небудзь слова, напрыклад „стрекоза“».

І яшчэ:

«Ён вельмі любіў беларускамоўных дзяўчат, рэгулярна падзываў іх, каб яны падыходзілі і проста гаварылі яму нешта па-беларуску.... Пастаянна падзываў да сябе адну дзяўчыну, якая выдатна размаўляла на беларускай мове і ведала мноства твораў і вершаў. Той камандаваў ёй: „А вось раскажы мне верш Максіма Багдановіча“. А потым на наступны дзень: „А вось зараз хачу пачуць верш Янкі Купалы“. І так працягвалася штораз».

Бясспрэчна, гэта ніякая не праява шчырай любові да беларускай літаратуры, а вытанчаны, пачварны зьдзек з жанчын, якія цалкам залежаць ад чалавека ў пагонах і ня могуць яму адмовіць.

Бяз права перапіскі

Алег Кулеша з Пружанаў, які адседзеў за кратамі год і сем месяцаў, за сваё права размаўляць па-беларуску змагаўся ня толькі з адміністрацыяй СІЗА і калёніі. Вось некалькі фрагмэнтаў зь ягонага інтэрвію «Н*шай н*ве».

У Берасьцейскім СІЗА «за тое, што я беларускамоўны, мяне заткнулі ў „хату“, дзе сядзеў „нізкі сацыяльны статус“. Адразу здагадаўся, куды трапіў, дзесьці дзьве гадзіны біў у дзьверы, мяне вывелі і перавялі ў „камэру сьмяротнікаў“».

«Нізкі сацыяльны статус» — гэтае азначэньне ў турмах прымяняюць да тых, з кім забаронена вітацца, у каго «турэмны кодэкс» забараняе браць якія заўгодна рэчы, хто выконвае самую брудную працу (чысьцяць прыбіральні, напрыклад).

«Прыходзіў „хазяйка“, я запытаўся, чаму мае лісты не выходзяць зь СІЗА, дык ён адказаў, што ў іх перакладчык зь беларускай мовы ў адпачынку».

Атрымліваецца, зьняволенага пазбавілі права на перапіску таму, што выкарыстоўваў беларускую мову. У выпадку, калі тлумачэньне было праўдзівым, трэба прызнаць, што цэнзар не валодае дзяржаўнай мовай.

І такі (па сутнасьці, не прыдатны для працы ў дзяржаўнай установе) службовец ня толькі ў Берасьцейскім СІЗА, але і ў Бабруйскай калёніі № 2:

«Як прыяжджаеш туды, вядуць у маленькі дворык, і там сустракае намесьнік „хазяйкі“. Трэба назваць імя, прозьвішча, артыкул і далей адказаць — „мужык“ ці „нізкі сацыяльны статус“. Я раблю яму справаздачу па-беларуску, ён мяне спыняе, кажа, што ён расіянін і ў яго пашпарт Расейскай Фэдэрацыі, што „я паважаю вашу мову, але не разумею“. Адкуль у закрытай установе грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі?».

Уражвае: лёсы асуджаных беларускіх грамадзян (у тым ліку і палітычных вязьняў) у бабруйскай калёніі вызначае грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі!

Зрэшты, у тым жа інтэрвію Алег Кулеша прыгадвае, што паводле Паўла Разановіча (пазьней асуджанага ў «справе Аўтуховіча» на 19 гадоў зьняволеньня) у кабінэтах супрацоўнікаў КДБ, куды Разановіча вазілі на допыт, вісяць партрэты Пуціна і стаяць сьцягі РФ. Зьдзіўляцца хіба што сапраўды няма чаму: пры Лукашэнку грамадзяне РФ займалі пасады намесьнікаў старшыні КДБ Беларусі, некаторыя экс-старшыні КДБ пасьля адстаўкі пераехалі ў Маскву (разам з усімі «дзяржаўнымі сакрэтамі», якія гэтак пільнуе КДБ ад «калектыўнага Захаду»).

Але вернемся да беларускай мовы. Вось яшчэ адзін успамін Кулешы:

«Мяне нібыта выклікаюць да опэра, заводзяць, а пасьля кажуць вяртацца самому. Пачынаецца дождж, даходжу да брамы, там „вертухай“. Кажу: „Адчыніце, калі ласка, браму“. „Скажи по-русски“, — адказвае. І я 40 хвілінаў стаяў пад дажджом. Так неаднойчы было».

«Беларускамоўная малпа»

І нарэшце: начальнік калёніі публічна гаварыў пра палітвязьня: «У мяне ёсьць вось такая беларускамоўная малпа».

Калі б недзе ў краме ці ў аўтобусе вас назвалі «малпай», вы мелі б поўнае права ўспрыняць гэта як абразу, зрабіць адпаведныя крокі, і крыўдзіцеля судзілі б за абразу.

Калі б звычайны чалавек назваў вас «беларускамоўнай малпай» — суд, калі ён сапраўды быў бы аб’ектыўным, мусіў бы кваліфікаваць гэта як зьнявагу па нацыянальнай прыкмеце альбо распальваньне варожасьці па нацыянальнай прыкмеце.

Як вядома, абвінавачаньне ў «распальваньні варожасьці» зрабілася адным з найбольш частых сярод тых, паводле якіх праціўнікам рэжыму прысуджаюць рэальныя тэрміны пазбаўленьня волі. І ідуць адбываць пакараньне яны ў тым ліку ў тую самую калёнію, начальнік якой ужывае фразу «беларускамоўная малпа». А фраза гэтая, акрамя таго, што нясе абразу і, кажучы словамі пракурораў, «распальвае варожасьць», лёгка можа быць сыгналам для афіцэраў-падначаленых да цкаваньня зьняволенага, стварэньня яму невыносных умоваў існаваньня.

Фактаў, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў і пэнітэнцыярнай сыстэмы перасьледуюць грамадзян на падставе ўжываньня імі беларускай мовы, у праваабаронцаў і журналістаў сабралася так шмат, што гэта дае магчымасьць вызначыць зьяву як сыстэмную.

Могуць сказаць: а што тут новага? Ад рэфэрэндуму 1995 году працэс вынішчэньня беларускай мовы зь дзяржаўнага і грамадзкага ўжытку ішоў шпаркімі тэмпамі; правы тых, хто жадаў карыстацца беларускай мовай альбо вучыць на ёй сваіх дзяцей, нязьменна звужаліся. Пра нацыянальную дыскрымінацыю беларусаў напісаны сотні артыкулаў (зразумела, у незалежных СМІ), выдадзеныя кнігі (ясна, у незалежных выдавецтвах).

Згодны: нічога новага. Прыкрая, але, на жаль, ужо традыцыйная практыка.

Але тое, пра што расказваюць палітычныя вязьні, якія выйшлі на волю, на мой погляд, выводзіць тэму на зусім іншы якасны ўзровень. І ня толькі таму, што ў абставінах пазбаўленьня свабоды чалавек значна больш востра ўспрымае нанесеныя яму крыўды. Ва ўмовах цяперашняй лукашэнкаўскай пэнітэнцыярнай сыстэмы моўная дыскрымінацыя можа быць прычынай, паводле якой вязень рызыкуе страціць здароўе і нават жыцьцё (бо, як сьведчаць былыя вязьні, незадаволенасьць начальніка пагражае зьмяшчэньню зьняволенага ў невыносныя з маральнага і фізычнага пункту гледжаньня ўмовы).

Катаваньне па этнічнай прыкмеце?

У грамадзтве часам узьнікае дыскусія: ці можна лічыць перасьлед па моўнай прыкмеце этнацыдам? Існуюць розныя трактоўкі гэтага паняцьця. Калі зьвернемся да Вікіпэдыі, прачытаем, што «этнацы́д (ад грэц. ἔθνος — народ і лац. caedo — забіваю) — палітыка зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, самасьвядомасьці народу». А саму нацыянальную ідэнтычнасьць Вікіпэдыя расшыфроўвае як «пачуцьцё нацыі як злучанага цэлага, прадстаўленага ўнікальнымі традыцыямі, культурай і мовай».

Зазначым: згаданая ў тым ліку і мова.

Беларускія праваабаронцы неаднаразова адзначалі, што пазбаўленьне зьняволеных перапіскі падпадае пад катэгорыю катаваньняў. Якія, адпаведна, лічацца злачынствам супраць чалавечнасьці і ня маюць тэрміну даўнасьці.

І вось пытаньне: чым лічыць пазбаўленьне перапіскі ў месцах зьняволеньня з тае прычыны, што вядзецца яна на беларускай мове (якая зьяўляецца дзяржаўнай і выкарыстаньне якой абсалютна ва ўсіх сфэрах дзяржаўных і грамадзкіх стасункаў гарантаванае дзейным заканадаўствам)? Ці ня ёсьць гэта ня што іншае, як катаваньне, якое зьдзяйсьняецца па этнічнай прыкмеце?

Калі так — тады цяперашняя практыка беларускіх СІЗА, калёній і турмаў трапляе ў катэгорыю дзеяньняў, якія былі асуджаныя бадай што самым гучным судовым працэсам у гісторыі чалавецтва.