Хронікі рэпрэсій за 24 траўня: Аблава ў Наваполацку і «пакаяльныя відэа» студэнтаў

Навіны пра затрыманні, суды, аблавы. Галоўнае за дзень.

omon_logo_1.jpg


***

У Наваполацку і Полацку сёння раніцай прайшлі затрыманні. Усяго было затрымана 10 чалавек. Сярод іх — вядучая выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў ПДУ Алена Храмцова, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі і турызму той жа ВНУ Віктар Чараўко і супрацоўніца рэпазіторыя Ксенія Зуева.

Храмцову абвінавачваюць у падпісцы на «экстрэмісцкі» Тэлеграм-канал. Ёй інкрымінавалі артыкул 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі»). Таксама жанчыну абвясцілі сведкай па крымінальнай справе, каб на гэтай падставе правесці ператрус і забраць тэхніку.

***

Суд у Маскве разгледзіць справу аб перадачы Соф'і Сапега для адбыцця пакарання ў Расію. Пра разгляд справы паведамляецца на сайце Прэсненскага суда Масквы. У раскладзе паказаны артыкул — ч. 1 арт. 179 КК.

Раней паведамлялася, што суд павінен устанавіць тэрмін адбыцця пакарання Соф'і на радзіме. Пасля гэтага яе перадача ў іншую краіну стане тэхнічна магчымай.

Нагадаем, Соф'ю затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — самалёт «Ryanair», на якім яны ляцелі, быў вымушаны прызямліцца ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Пазней яе прысудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі, а Пратасевіча памілавалі.

***

Студэнта юрфака БДУ прымусілі на камеру каяцца ў дыскрэдытацыі ўніверсітэта і БРСМ. 24 траўня з'явіўся ролік, на якім студэнт-трэцякурснік юрфака на камеру прызнае сваю віну. На відэа ён кажа, што «дазволіў сабе публічна распаўсюджваць звесткі, якія дыскрэдытуюць адміністрацыю юрфака, а таксама звесткі, што ганяць імідж БРСМ юрфака».

На камеру малады чалавек назваў сваё імя, прозвішча, курс, а таксама агучыў прэтэнзіі, якія ўзніклі да яго ў «актывістаў».

— Сваю віну прызнаю цалкам, каюся. На падставе сваіх памылак рэкамендую моладзі старанна сачыць за тым, што, каму і ў якіх сітуацыях яны кажуць, а таксама працаваць на карысць нашай краіны, — прамовіў трэцякурснік.

Пасля студэнта знялі яшчэ ў адным відэа. У ім малады чалавек зноў называе сваё імя, прозвішча і курс і кажа, што хоча «даць тлумачэнні па нядаўна ўзніклай сітуацыі, звязанай з публічным выбачэннем».

«Я як мужчына, які дазволіў сабе публічную абразу, хачу прынесці свае публічныя прабачэнні. Усе, хто не навучаецца ў дадзеным універсітэце, не маюць дачынення да дадзенай дзяржавы — прашу звяртаць увагу не толькі на Крымінальны кодэкс, але і Грамадзянскі кодэкс. Я люблю сваю краіну і зраблю ўсё дзеля таго, каб яна квітнела», — кажа ён.

Студэнт таксама просіць «збеглых, якія спахапіліся, а таксама некампетэнтных праваабаронцаў мяне і мой факультэт не турбаваць».

***

Да журналіста Анатоля Гатоўчыца ўчора вечарам ужо шосты раз прыйшлі міліцыянты. Як стала вядома, гэта былі супрацоўнікі роты патрульна-паставой службы РАУС Гомеля.

Паводле слоў сяброў журналіста, іх цікавіла, ці падпісаны Гатоўчыц на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Пры гэтым яны паказалі загад начальніка РАУС Валерыя Зданевіча, дзе міліцыянтам прадпісвалася высветліць, ці здаецца кватэра.

Чатыры папярэднія візіты міліцыянтаў былі з ператрусамі і адабраннем тэлефонаў, камп'ютараў, фотаапаратаў, дыктафонаў.

***

Былога палітвязня Елісея Кузняцова затрымалі па новай крымінальнай справе. 19-гадовы хлопец нядаўна адбыў пакаранне па палітычнай крымінальнай справе. Яго паказальна ўзялі пад варту ў Высокаўскім аграрным каледжы на Брэстчыне, разам з Елісеем затрымалі яшчэ аднаго навучэнца — па абвінавачанні ў «здзеках з дзяржсімвалаў Беларусі» (арт. 370 КК).

Санкцыю на затрыманне навучэнцаў зачытаў пракурор у прысутнасці вучняў. Як паведаміла Генпракуратура, хлопцы нібыта ў начны час з 14 на 15 траўня сарвалі тры дзяржсцягі.

***

Гомельскі абласны суд 23 траўня завяршыў разгляд крымінальнай справы юрыста-прадпрымальніка Дзмітрыя Багачэнкі. Яго абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (паводле ч. 1 арт. 130 КК).

Судовы працэс, які пачаўся яшчэ 27 красавіка, вёў суддзя Руслан Царук.

Сутнасць абвінавачання і акалічнасці справы, апроч таго, што Дзмітрый пакідаў у сацыяльных сетках каментары, праваабаронцам пакуль невядомыя.

Суд прызнаў 45-гадовага прадпрымальніка вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.

***

У судзе Савецкага раёна Мінска 30 сакавіка асудзілі Руслана Мяцельскага паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Аляксандр Воўк прызначыў Руслану два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мужчыну абвінавацілі ва «ўдзеле ў пратэсных акцыях у Мінску ў 2020 годзе» і ў «выхадзе на праезную частку». Ён цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.

***

26 красавіка суддзя Аляксандр Супічэнка прызначыў тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») Дзянісу Давыдаву. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 КК).

Давыдаў цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым. Дзяніса апазналі па фотаздымках у Facebook, якія сілавікі знайшлі ў вынятым тэлефоне. На фота мужчына знаходзіцца на пратэснай акцыі і трымае ў руках беларускі нацыянальны сцяг.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1516 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1787 чалавек. Сярод іх — 206 жанчын і 7 непаўнагадовых.