Хронікі рэпрэсій за 14 ліпеня

Навіны з беларускіх ізалятараў, калоній і турмаў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Сёння працягнуўся судовы працэс над палітзняволенымі Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч. Прайшлі спрэчкі, падчас якіх прагучала пракурорская пазіцыя: пракурор запытаў для журналіста і адвакаткі па 6 гадоў зняволення.

20 ліпеня палітвязням дадуць выступіць з апошнім словам.

***

Віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Нікола Бір выступіла з прамовай у сувязі з 2-гадовай гадавінай з моманту затрымання праваабаронцаў Алеся БяляцкагаВалянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

Як паведамляюць калегі палітвязняў, яна заклікала ўлады Беларусі забяспечыць доступ да комплекснай медыцынскай дапамогі і адвакатаў для беларускіх палітвязняў, паскорыць адкрыццё беларускіх амбасад у краінах Еўропы і ўвесці шырокія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Нікола Бір звярнулася да грамадзянскай супольнасці: «Наш заклік ясны — мы вас не пакінем і будзем рашуча на вашым баку».

***

У Мінску затрымалі прадпрымальніка за «Пагоню» на нумарах машыны. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што нагодай для затрымання стала «Пагоня» на нумарной рамцы.

Праўладны тэлеграм-канал назваў гэта «дэманстрацыяй забароненай сімволікі на асабістым аўто».

***

У Гродне на працоўным месцы за каментары затрыманы супрацоўнік транспартнай кампаніі. Сілавікі апублікавалі відэа, дзе мужчына кажа, што яго затрымалі з«а абразу Лукашэнкі, кіраўніцтва вобласці і МУС» — нібыта ён напісаў каля 700 каментароў. Цяпер мужчына знаходзіцца ў СІЗА.

***

У Гомельскім абласным судзе пачаўся судовы працэс над Віктарам Залатарэўскім, якога абвінавачваюць па двух «экстрэмісцкіх» артыкулах. 28-гадовага палітвязня затрымалі 3 сакавіка каля вёскі Воранава Гродзенскай вобласці, калі ён спрабаваў выехаць з Беларусі ў Літву. Пры аглядзе ягоа мабільнага тэлефона сілавікі выявілі падпіскі на Telegram-каналы, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі».

Вядома, што раней Віктар працаваў у Мінску ў адной з дзяржаўных арганізацый і жыў у інтэрнаце. Пасля затрымання яго адтуль звольнілі.

***

Грамадзяніна Польшчы прысудзілі да 3 гадоў турмы за «абразу Лукашэнкі», паведамляюць праваабаронцы. 54-гадоваму паляку Роберту Тампалу выставілі абвінавачанне паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса («Абраза Лукашэнкі») і арт.369 КК («Абраза прадстаўнікоў улады»). Яго справу слухала суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Анжэла Касцюкевіч.

Паляка прысудзілі да 3 гадоў калоніі, яго ўжо перавялі ў наваполацкую калонію. Роберт Тампала, верагодна, працаваў менеджарам па агульных пытаннях у ТАА «Арыён Світ» (Беларусь). Гэта адкрытае акцыянернае таварыства, мяркуючы па інфармацыі на яго сайце, займаецца вытворчасцю кандытарскіх вырабаў.

***

У «Спіс экстрэмістаў» МУС дадало прозвішчы яшчэ 32 чалавек. Сярод іх — Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і грамадзянін Польшчы Роберт Тампала, стрыечны брат прадстаўніка палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука Сяргей Франчук, палітык Андрэй Дзмітрыеў. Цяпер у «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» 3048 чалавек.

***

Паводле інфармацыі ініцыятывы klopat.by, на дадзены момант няма аніякай інфармацыі пра вядомых палітвязняў: Максіма Знака (155 дзён), Марыю Калеснікаву (150 дзён), Мікалая Статкевіча (156 дзён), Ігара Лосіка (145 дзён), Сяргея Ціханоўскага (127 дзён), Віктара Бабарыку (78 дзён).

***

На сённяшні дзень у спісах «Вясны» налічваецца 1479 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1744 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 16 палітвязняў былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.