Маці «здала» сілавікам сына, які знішчыў чатыры сцягі. Хлопца адправілі ў калонію

У судзе Барысаўскага раёна 23 чэрвеня разглядалася крымінальная справа электраманцёра Міхаіла Анціпава, якога абвінавацілі ў знявазе дзяржаўнай сімволікі (арт. 370 КК). У справе ёсць незвычайная акалічнасць – у міліцыю пра пашкоджанне сцягоў паведаміла ягоная маці, а сам ён мае ўкраінскае грамадзянства.

Ілюстрацыйнае фота «Вясны»

Ілюстрацыйнае фота «Вясны»

Справу разглядала суддзя Таццяна Шыман, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле следства, уначы 20 сакавіка 20-гадовы хлопец сарваў чатыры дзяржаўныя сцягі ў аграгарадку Лошніца. Ён пашкодзіў палотнішчы сцягоў і разламаў дрэўкі.

Парушальніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Высветлілася, што ён грамадзянін Украіны, які мае від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Прыехаў у нашу краіну каля 10 гадоў таму, атрымаў бясплатную адукацыю і па размеркаванні працуе на адным з прадпрыемстваў Мінскай вобласці.

Свае дзеянні Анціпаў здымаў на тэлефон, а фота выкладваў на старонку ў сацыяльнай сетцы.

Абвінавачанне заяўляе, што знаходзячыся ў аграгарадку Лошніца, Анціпаў наўмысна, нажом адрэзаў фрагмент палотнішча ад дзяржаўнага сцяга, замацаванага на будынку крамы, затым нажом зрэзаў вяроўку флагштока, з другога сцяга адарваў фрагмент палотнішча і зламаў дрэўка. У справе чатыры эпізоды.

Сведкай у судзе выступіла маці абвінавачанага. Падазраючы, што сын здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да сцягоў, запатрабавала ад таго звярнуцца ў міліцыю, а таксама сама паведаміла аб тым, што адбылося ўчастковаму інспектару.

Суд пастанавіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

 

Глядзіце таксама

Паводле даных праваабаронцаў, суды Беларусі штотыдзень разглядаюць крымінальныя справы за знявагу дзяржаўнай сімволікі, у ролі якой найчасцей выступае чырвона-зялёны сцяг. Як правіла, па такіх справах выносяцца абвінаваўчыя прысуды, звязаныя з пазбаўленнем волі.

Напрыклад, напрыканцы чэрвеня паведамлялася, што суд Савецкага раёна Мінска асудзіў на два месяцы і адзін дзень калоніі ва ўмовах строгага рэжыму Вадзіма Мякінніка за знявагу дзяржаўнай сімволікі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса. Прысуд вынесла суддзя Алена Жуковіч яшчэ 23 сакавіка.

Па матэрыялах абвінавачання, Вадзім Мякіннік каля адміністрацыйнага будынка адной з сярэдніх школ Мінска убачыў на металічным кранштэйне на сцяне ля галоўнага ўваходу чырвона-зялёны сцяг. Рукой схапіўшыся за сцяг, ён сарваў яго з кранштэйна, пасля чаго, утрымліваючы ў правай руцэ дрэўка са змешчаным на ім дзяржаўным сцягам, схаваўся і накіраваўся ў невядомым кірунку, тым самым публічна зняважыў дзяржаўны сімвал. Гэтыя дзеянні былі зафіксаваныя камерай назірання.

Установе адукацыі быў нанесены ўрон у суме 25 рублёў 20 капеек.

Суд пастанавіў пакараць Мякінніка арыштам на два месяцы, аднак паколькі ў мужчыны мелася ранейшае неадбытае пакаранне, канчаткова прызначана пазбаўленне волі тэрмінам на два месяцы і адзін дзень у калоніі строгага рэжыму.