Выпіў — сарваў сцяг. Пра што сведчаць частыя выпадкі знявагі дзяржаўнай сімволікі
Неўзабаве будзе тры гады, як у Беларусі трываюць жудасныя рэпрэсіі. Лукашэнка і яго прапагандысты талдычаць пра сваю перамогу, але гэта ўсцяж падобна на аўтатрэнінг — на бясконцыя спробы пераканаць саміх сябе, што старонка перагорнутая. Але гэта не так. Адным са сведчанняў, што незадаволенасць у грамадстве нікуды не падзелася, з’яўляюцца справы паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса.
Згаданы артыкул — гэта «здзек з дзяржаўных сімвалаў». Максімальнае пакаранне — да трох гадоў пазбаўлення волі.
Гэта не тое, каб «народны» артыкул. Яму далёка да арт. 342, альбо іншых папулярных «палітычных» кваліфікацый кшталту «распальвання варожасці» ці «абразы Лукашэнкі». Аднак спраў паводле яго таксама шмат, і справы гэтыя вельмі паказальныя.
Некалькі месяцаў таму жыхар Мінска Дзмітрый Герасімовіч выйшаў з караоке-бара, агледзеўся па баках і заўважыў чырвона-зялёны сцяг на фасадзе будынка. Пацягнуў за тканіну, сарваў і кінуў на зямлю. Маёмаснай шкоды нанёс ажно на 89 рублёў. Быў затрыманы, асуджаны на 2 гады калоніі.
Захар Костка і Дзмітрый Акаловіч — таксама мінчукі — сарвалі з будынка па вул. Чырвонаармейскай дзяржаўны сцяг ды парвалі яго на шматкі на вачах у іншых. Іх, вядома, злавілі і асудзілі. Аднаму далі тры месяцы арышту, другому «хатнюю хімію».
38-гадовы жыхар вёскі Гарадзечна Пружанскага раёна Дзмітрый Лагун атрымаў год калоніі за тое, што, паламаўшы дрэўка, сарваў лукашэнкаўскае палатно на чыгуначнай станцыі ў Цеўлі.
Дзмітрый Сяргееў з Магілёва накіраваны на «хімію», бо ў гандлёвай залі адной з крам «рукамі схапіў палотнішчы сцяга, якія ляжалі на металічным стэлажы крамы, вырваў іх з флагштоку і кінуў на падлогу, чым праявіў абразлівае стаўленне да дзяржсімволікі».
У Дрыбіне не так даўно судзілі двух хлопцаў — Уладзіслава Мазурава і Іллю Кавалёва. Усё стандартна: сарвалі чырвона-зялёны сцяг, які вісеў на будынку Цемналесскага сельскага клуба. Потым зламалі дрэўка, фатаграфаваліся з «трафеем».
Жанчыны таксама ў справе. Напрыканцы студзеня да «хатняй хіміі» і арышту былі асуджаныя жыхаркі сталіцы 18-гадовая Дар’я Ганіч і 19-гадовая Кацярына Снігірова. Маладыя зусім — падчас выбараў былі непаўнагадовыя, але ж вось: «Знаходзячыся каля будынка інтэрната КТУП «Мінскі Камароўскі рынак», сарвалі з фасада гэтага будынка дзяржаўны сцяг», а потым «дэманстратыўна махалі ім, ідучы па вуліцы Беламорскай, пасля чаго кінулі яго на зямлю».
Гэта толькі апошнія звесткі пра справы паводле арт. 370, інфармацыю прыводзяць праваабаронцы на сайце «В*сны», але колькі такіх выпадкаў не апублічаныя — застаецца толькі здагадвацца. Вядома, што ў паблік зараз трапляе невялікая частка палітычнага пераследу, таму што людзі запалоханыя і баяцца пабачыць свае прозвішчы на старонках «экстрэмісцкіх» медыя. Але і таго, пра што праваабаронцам вядома, дастаткова для высновы: несалодка дзяржаўным сцягам у беларускіх гарадах і мястэчках.
Характэрная адметнасць большасці з такіх гісторый палягае ў тым, што пад арт. 370 людзі патрапляюць у нецвярозым стане. Яно зразумела: на свежую галаву чапаць гэтыя сцягі — гарантаванае затрыманне. Бо як гэтай сімволікі пасля падзей 2020-га лукашэнкаўцы развесілі ледзь не на кожным рагу, так і відэакамеры зараз паўсюль. Не шкадуе сістэма грошай, каб кантраляваць на прадмет «экстрэмізму» кожны квадратны метр на сваім «астраўку стабільнасці».
Іншая справа — калі ты нападпітку. Тут ужо і мора па калена, і да любога флагштока можна дацягнуцца, калі пастарацца. Псіхалогія чалавека, які ўзяў на грудзі, вядомая: кроў грае, хочацца некуды выплюхнуць энергію — часта адмоўную. І вось чамусьці энергія тая каналізуецца ў напрамку лукашэнкаўскай сімволікі.
Чаму — зноў жа, не сакрэт. Бязлітаснымі рэпрэсіямі рэжым загнаў незадаволенасць людзей углыб свядомасці. Ужо даўно ў краіне няма пратэстаў, даўно беларусы асцерагаюцца падпісвацца на забароненыя тэлеграм-каналы і хоць неяк выказваць сваё негатыўнае стаўленне да лукашэнкаўскай улады. Але яно ўсё роўна выходзіць вонкі пад адпаведны настрой.
З гэтай ж оперы — гісторыі пра тэлефанаванні ў міліцыю, якія часам заканчваюцца «абразамі Лукашэнкі». Тыповы прыклад — з восені мінулага года, калі жыхарка Наваполацка Анастасія Савуляк чамусьці вырашыла пасярод застолля выйсці на сувязь з міліцыянтамі. Слова за слова — усё скончылася крымінальнай справай. Няцяжка здагадацца, пра што ішла размова і падчас таго сяброўскага банкета.
І такія прыклады таксама не рэдкасць, гугл не дасць падмануць.
У сённяшняй Беларусі няма ўцямнай сацыялогіі, бо людзі праз «фактар страху» асцерагаюцца ўдзельнічаць у апытаннях. Рэжым зачысціў усе сферы незалежнага грамадскага жыцця. Дзяржаўная ідэалогія гвалтоўна насаджаецца ўсюды, дзе толькі можна. Самыя актыўныя прыхільнікі перамен альбо з’ехалі, альбо сядзяць. Што застаецца? Тое ж самае, што і ў познім «саўку». Кухня, пасядзелкі сярод сваіх, дзе няма чужых вушэй і можна абмеркаваць інцыдэнт у Мачулішчах ці апошнюю паездку мінскага дыктатара ў госці да маскоўскага.
Дрэнная навіна для рэжыму палягае ў тым, што змяніць настроі ў грамадстве ўжо не атрымаецца. Негалосны сацыяльны кантракт, дзякуючы якому Лукашэнка кіраваў на працягу дзесяцігоддзяў, зруйнаваны непапраўна і канчаткова.
Мірнае неба над галавой? Дзе ж яно мірнае, калі Беларусь уцягнутая ў вайну, мужчын выцягваюць з ложкаў, каб забраць на ваенныя зборы, а ў тэлевізары спрэс мова варожасці супраць калектыўнага Захаду, які бразгае зброяй і вось-вось нападзе.
Чарка і скварка? Справа дрэнь і з адным, і з другім, таму што эканоміка ў стане рэцэсіі. Цэны растуць, заробкі падаюць, нармальную працу — асабліва ў рэгіёнах — не знайсці. Усё больш людзей шукаюць працаўладкавання за мяжой. Усё больш хіліцца курс рубля. І вінаватыя ў тым зусім не «збеглыя» з іх санкцыямі, як хлусіць прапаганда.
Хочаце, як за мяжой? Там, дзе еўрапейцы галадаюць і не могуць аплаціць рахунак за свет і ваду? Чаму б і не? Бо адна справа — пужалкі па тэлебачанні, і зусім іншая — асабісты досвед сяброў і знаёмых, якія ў Еўропе жывуць альбо працуюць. Пры ўсёй цяперашняй адарванасці ад Захаду беларусы ўсё ж застаюцца абазнанымі ў тым, як жывуць літоўцы ці тыя ж палякі.
Кантракт Лукашэнкі з беларусамі сёння трымаецца не на ўнутранай згодзе, а на гвалце. Можна колькі заўгодна называць бягучыя гады гадамі «міру і стваральнасці» альбо неяк яшчэ, нервовая напружанасць у грамадстве ад гэтага меншай не стане. Можна колькі заўгодна крыміналізаваць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, ад таго веры ў казкі па ТБ не пабольшае. Можна колькі заўгодна працягваць рэпрэсіі, мільёны ўсё роўна застануцца на волі і будуць хаваць у кішэні дулю.
Можна колькі заўгодна павесіць дзяржаўных сцягоў на вуліцах, але гэта толькі павялічыць жаданне іх сарваць.