Хронікі рэпрэсій за 17 красавіка

Сёння пад «зачыстку» трапілі арганізацыі, звязаныя з медыцынай і фармацэўтыкай.

У Беларусі не спыняецца палітычны пераслед нязгодных з рэжымам

У Беларусі не спыняецца палітычны пераслед нязгодных з рэжымам


КДК затрымаў службовых асоб пяці прыватных кампаній, якія пастаўлялі медыцынскія і фармацэўтычныя тавары — яны нібыта дамаўляліся з замежнымі вытворцамі тавараў наконт іх пастаўкі ў Беларусь, і тавары ішлі непасрэдна на адрас беларускіх суб'ектаў гаспадарання. «Дакументальна ж пастаўка афармлялася на адрас падкантрольных замежных арганізацый. Тыя ж, у сваю чаргу, павялічваючы цану на тавары па асобных пазіцыях у 4-5 разоў, рэалізоўвалі яе беларускім кампаніям. Пры гэтым пытаннямі набыцця тавараў займаліся службовыя асобы беларускіх арганізацый, а не фірмаў-пасрэднікаў, якія былі ўключаны ў схему толькі для афармлення здзелак куплі-продажу», — заявілі ў КДК. У дачыненні да заснавальнікаў і кіраўнікоў кампаній распачаты крымінальныя справы. 

Паплечнікі экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева перадалі для публікацыі ўрывак з яго ліста, напісанага ўжо пасля абвяшчэння прысуду. «Усім прывітанне! Вельмі рады быў бачыць усіх, хто быў у судзе. Перадайце ад мяне падзяку ўсім, хто дапамагае і падтрымлівае. Я яшчэ асэнсоўваю тое, што адбылося, вядома, разлічваў на іншы зыход... Пакуль я ў СІЗА чакаю рашэння па апеляцыі.

У нейкім сэнсе мне «пашанцавала». У калонію я паеду летам, а гэта значыць, што рэчаў трэба везці значна менш. Куды мяне адправяць — будзе вырашаць ДВП. У такія моманты думаеш: "Як добра, што ў нас кампактная краіна! Больш не трэба"...

Дзякую вам усім за пасылкі. Добра «заходзяць» сыр, мяса, гародніна, зеляніна. Вельмі зайшлі хлебабулачныя вырабы ўласнай вытворчасці! Дзякуй! Хочам яшчэ! А яшчэ вельмі спадабаліся апошнія фінікі...

Кожны дзень займаюся спортам, схуднеў, давёў падцягванні да 40 за пяць падыходаў. Адціскаюся 150, прысядаю 400... Абдымаю вас усіх! Яшчэ раз з прывітаннем, Андрэй».

Палітвязня Уладзіміра Гундара асудзілі яшчэ на 2,5 гады калоніі па трэцяй крымінальнай справе. Яго абвінавацілі ў абразе пракурора Людмілы Герасіменка, якая прадстаўляла абвінавачанне па «справе Аўтуховіча». Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У Брэсце затрымалі асуджанага раней па «карагоднай справе» жыхара горада Рамана Яхіна. Ён стаў чарговай ахвярай фэйкавай рассылкі нібыта ад «Плана «Перамога» — пра гэта ён кажа на «пакаяльным» відэа, якое з ім запісалі сілавікі. Цяпер жа супраць Яхіна заведзена крымінальная справа паводле ч.3 ст. 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»). Яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Уладальніка этнакрамы «Цудоўня»Андрэя Несцяровіча арыштавалі на 10 сутак за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Яго затрымалі 14 красавіка ў Гродне.

У судзе Пухавіцкага раёна напрыканцы мінулага месяца асудзілі 54-гадовую Алу Высоцкую паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч.1 арт. 368 КК — за нібыта «абразу Лукашэнкі». Суддзя Сяргей Васілеўскі прызначыў жанчыне год і шэсць месяцаў абмежавання волі і штраф 1110 беларускіх рублёў. Жанчына мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця.

Паводле звестак праваабаронцаў, адміністрацыя гомельскай калоніі №4 імкнецца прызнаць большасць палітзняволеных «злоснымі парушальніцамі рэжыму». На іх складаюць па некалькі рапартаў адразу, перакідваюць з атрада ў атрад, ціснуць з мэтай «прызнання віны», узмоцнена блакіруюць перапіску (некаторыя перасталі атрымліваць лісты нават ад родных). Некаторым жанчынам забаранілі наведваць царкву. Акрамя таго, сілавікі не пакідаюць у спакоі нават тых, хто ўжо адбыў свае тэрміны і выйшаў на волю. Да былых палітзняволеных прыходзяць дадому, правяраюць тэлефоны і праводзяць ператрусы, робячы ўпор на нацыянальнай беларускай і ўкраінскай сімволіцы. Многіх рэгулярна выклікаюць у міліцыю на «гутаркі» і прымушаюць часцей адзначацца на прафуліку.

Супраць фактычнага ўладальніка медцэнтра «Новое зрение», які пастаянна пражывае ў Літве, і чатырох супрацоўнікоў медустановы распачата крымінальная справа за «выплаты работнікам заробкаў у канвертах», паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю. Нібыта на працягу апошніх пяці гадоў кіраўніцтву і спецыялістам медыцынскага цэнтра (дактарам, старшым медсёстрам) «у канвертах» было выплачана больш за 2,5 млн. рублёў. Таксама ўстаноўлены факты выплат заробкаў неафіцыйна больш як 50 работнікам медцэнтра. Памер «шэрых выплат» залежаў ад пасады і кваліфікацыі работнікаў і штомесяц складаў ад 200 рублёў (медперсаналу) да 9 тысяч рублёў (дактарам-спецыялістам і кіраўніцтву медцэнтра).

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1488 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1753 чалавекі. Сярод іх — 193 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.