«Ні аб чым не шкадую, не хапае абдымкаў сяброў». Як жывуць выкладчыкі, якіх звольнілі за «палітыку»

З 2020 года па палітычных матывах звольнілі вялікую колькасць людзей са сферы адукацыі. Ціск аказваўся практычна на ўсе ўніверсітэты, школы і дзіцячыя сады. Выданне «M*ST» даведалася, як цяпер жывуць былыя прадстаўнікі сферы адукацыі Беларусі, якія пацярпелі праз палітычныя рэпрэсіі і вымушаны былі з'ехаць з краіны.

Фота «Св*боды»

Фота «Св*боды»

«У нашай краіне разгортваецца сапраўдная трагедыя»

Беларуска Таццяна [імя зменена] з 2001 года працуе ў сферы адукацыі: спачатку — настаўнікам у школе, а затым — выкладчыкам ва ўніверсітэце. Жанчына атрымала другую вышэйшую адукацыю, скончыла магістратуру і абараніла дысертацыю. У 2020 годзе Таццяна ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі.

— Не змагла застацца ўбаку ад падзей у маім родным горадзе, падпісала зварот студэнтаў, выпускнікоў і супрацоўнікаў універсітэта супраць гвалту — маўчаць і мірыцца з беззаконнем не было больш сіл, — распавядае беларуска.

Жанчына адкрыта выступіла супраць гвалту, паколькі права і законнасць для яе — гэта маральныя арыенціры.

— Я зрабіла свой выбар, як зрабілі сотні маіх калег, тысячы студэнтаў, сотні тысяч беларусаў, — кажа Таццяна.

Беларуска распавядае, што адміністрацыя зрабіла ўсё магчымае, каб прыбраць яе з ВНУ, «акуратна выціснула з універсітэта». Таццяна звольнілася ў жніўні 2021 года і прыняла рашэнне аб рэлакацыі, «паколькі відавочным стаў факт «забароны на прафесію».

— У нашай краіне разгортваецца сапраўдная трагедыя: тое, што адбывалася ў нас пасля выбараў у 2020 годзе і адбываецца цяпер — проста жахліва! Практычна кожны дзень я даведваюся, што хтосьці з маіх калег звольнены, кожны дзень бачу, як людзей заключаюць пад варту і фабрыкуюць крымінальныя справы, — кажа Таццяна. — Заканадаўства ператварылі ў інструмент рэпрэсіўнай машыны. Усё гэта не мае ніякага дачынення ні да права, ні да законнасці. Я ў жаху ад таго, што Беларусь уцягнута ў вайну з Украінай.

Цяпер Таццяна жыве ў Літве, вучыць літоўскую мову і праводзіць даследаванні:

— Праводжу даследаванні, звязаныя з рэалізацыяй правоў чалавека. Вывучаю досвед працы і існуючую практыку публічнага адміністравання ў Літоўскай Рэспубліцы, сістэмы адукацыі, працую з велізарным задавальненнем у прагімназіі настаўнікам, вучу літоўскую мову. На жаль, выбіраць мне не прыйшлося.

Паводле слоў Таццяны, яе жыццё пасля звальнення значна змянілася: падзялілася на «да» і «пасля». Жанчына не хацела жыць у эміграцыі: «Вельмі люблю свой горад, сваю краіну».

— Маё жыццё — гэта цэлы свет, мая сям'я, праца, мой універсітэт, сябры, калегі, мой сабака, дача, кветкі... Усё павалілася і кінута... Сказаць, што маё жыццё змянілася — гэта нічога не сказаць... Маё жыццё — спынілася. Падзялілася, як і для многіх з нас, на «да» і «пасля». Доўгі час я жыла з думкай, што «жыць няма куды, няма чаго і няма сіл», — адзначае Таццяна.

Сябры і блізкія людзі падтрымліваюць Таццяну, для іх гэта трагедыя, але «ўсе разумеюць, што іншага шляху няма». Азіраючыся назад, Таццяна разумее, што гэта яе лёс і яе выбар, і гэты шлях яна павінна прайсці.

Усім даваліся «чорныя» характарыстыкі

Дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Марына Салтыкова-Валковіч была звольнена ў канцы лістапада 2021 года. Менавіта тады ў ГрДУ прайшла хваля масавых звальненняў выкладчыкаў і работнікаў. Пасля звальнення Марына з'ехала з Беларусі.

— З'ехала, каб застацца на волі, каб працаваць па спецыяльнасці і жыць у свабоднай краіне. Ужо тады было відавочна, што ўслед за звальненнямі ідуць затрыманні. Тым больш мне ставіўся ўдзел у чаце «ГрДУ перамен», які быў прызнаны «экстрэмісцкім» за тыдзень да майго звальнення, і нягледзячы на тое, што я з яго ўжо выйшла і запэўніла, што не буду страйкаваць і выводзіць студэнтаў на акцыі пратэстаў, прарэктар па бяспецы Бяззубік даў загад мяне звольніць. На працу я не змагла б уладкавацца, усім звольненым даваліся «чорныя» характарыстыкі, — распавядае Марына.

Цяпер беларуска жыве ў Польшчы, працуе ў розных гарадах. Абрала Польшчу, бо ведае польскую, а яшчэ можа выкладаць там і займацца навуковай дзейнасцю. Паводле слоў Марыны, пасля пераезду ў іншую краіну яе жыццё змянілася ў лепшы бок.

— Я магу развівацца як навуковец, як выкладчык, вывучаю досвед працы ў Польшчы і ў Вільні, — кажа жанчына.

Сябры і блізкія людзі паставіліся да звальнення і пераезду Марыны са спачуваннем. Асаблівую падзяку беларуска выказвае незнаёмым людзям, якія яе падтрымлівалі.

— Амаль усе мае сябры, за маленькім выключэннем, мне вельмі спачувалі пасля звальнення, пастаянна пісалі, тэлефанавалі і не давалі ўпасці духам. Першыя месяцы жыцця ў эміграцыі, натуральна, былі цяжкімі. Іх падтрымка была жыццёва важная. Асаблівую падзяку хачу выказаць многім незнаёмым сумленным людзям, якія мне тады пісалі, падтрымлівалі і пасылалі дапамогу праз сайт, — успамінае Марына.

Пра свой выбар беларуска ні разу не пашкадавала. Адзінае, чаго ёй тут не хапае, гэта «абдымкаў сяброў, якія засталіся там». Калі з'явіцца магчымасць, жанчына абавязкова вернецца ў Беларусь.