«Салідарнасць не зменшылася. Усё працуе, як і працавала»

У марафоне салідарнасці з палітвязнямі сёння ўдзельнічаюць больш за дваццаць медыя, якія запрашаюць да сябе ў жывыя эфіры вядомых беларусаў і беларусак. «Салідарнасць» сабрала выказванні некаторых з іх.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_novy_czas___1__logo.jpg

Вольга Шпарага

— Дапамога палітвязням — гэта працяг таго, што мы рабілі ў 2020 годзе і той барацьбы за дэмакратычную Беларусь, якую вялі палітычныя актывісты раней. Гэта наша адказнасць і наш боль, наша сувязь з Беларуссю ў розных краінах. Тое, што можа нас аб'ядноўваць па-за любымі спрэчкамі.

Чаму да палітвязняў такое жорсткае стаўленне ўладаў? Рэжым сам ужо не хавае, што гаворка ідзе пра рэпрэсіі сталінскага ўзору. Задача — знішчыць людзей на розных узроўнях: юрыдычным, псіхалагічным, фізічным, каб ні ў якім разе не ўзнікала пачуццё, што яны грамадзяне, што яны здольныя змагацца за свае правы, адно за аднаго, здольныя крытыкаваць рэжым.

Ідэя ў тым, каб зламаць людзей у турме — і каб нам даць сігнал, што мы таксама нічога не можам зрабіць. Праз катаванні, якім падвяргаюцца палітвязні, рэжым сігналізуе пра тое, што любая актыўнасць будзе вось так пакараная.

У тым, што рэжым робіць палітычных зняволеных «нябачнымі», як мінімум тры пасылы. Адзін з іх — паказаць дэмакратычным краінам, што «ў Беларусі няма палітвязняў».

Разам з тым, працягваецца ціск на палітвязняў, што пра іх нібыта ніхто не думае і не памятае. Беларусы, якія выйшлі на волю, расказваюць у інтэрв'ю, што наглядчыкі ўвесь час гэта паўтараюць: вам не прыходзяць лісты, вы нікому не патрэбныя.

І сігнал грамадству: калі вы трапіце ў турму, магчыма, мы вас там заб'ем або давядзем да найцяжэйшага фізічнага стану, і ніхто нават пра гэта не будзе ведаць.


Глядзіце таксама

На нас гэта накладвае дадатковую задачу: пастаянна гаварыць пра людзей, наколькі гэта магчыма — пайменна, называць кейсы, гаварыць пра практыкі супраціву. Трэба размаўляць на ўсіх мовах, ва ўсіх краінах пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Ад усіх гэтых нашых намаганняў залежыць, наколькі доўга давядзецца весці нашу барацьбу.

Святлана Курс

— Браць права ў свае рукі — гэта пра беларусаў. Бачыце, які ціск аказваецца. Яны вырашылі прыйсці да кожнага, але дух наш не падае, хаця людзі і плачуць, людзям вельмі цяжка. Людзей калечаць — забіраюць здароўе, сем’і, бацькаўшчыну, а людзі стаяць і будуць стаяць.

Я не адчуваю аніякай падзеленасці беларусаў. Я вельмі захапляюся беларусамі, якія засталіся ў Беларусі, нашымі нязломнымі палітвязнямі, і нават зломленымі таксама захапляюся, бо не зламацца ў такіх умовах... Я б ужо зламалася тысячу разоў. Я не адчуваю раздзеленасці і не разумею гэтых спрэчак.

Так, ёсць людзі, якіх лёс узяў за шкірку і занёс у вольныя краіны — такія людзі павінны быць удзячныя лёсу і маліцца за тое, што яны на свабодзе, і дапамагаць сваёй бацькаўшчыне. Ніхто з нас не вінаваты…

Гэта не мы кавадла, а яны, а мы проста пад яго патрапілі. Мы ўсё роўна звёны аднаго ланцуга, імя якому беларускі народ — вечны беларускі народ.

Калі казаць пра адзіны вобраз беларускіх палітвязняў, то пісьменніца ставіць у прыклад журналістку Ірыну Леўшыну і памерлага ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна.

— Ірына Леўшына — чалавек шляхетны, высокай дабрыні, інтэлігентнасці, высокага розуму, які хутка вучыўся, любіў усё навакольнае, сваіх звяроў, людзей, падначаленых, сваю сям’ю. Ну і, канечне, нязломны Алесь Пушкін, які з жыцця і смерці зрабіў перформанс высокай якасці. Які, я ўпэўнена, будзе натхняць многія пакаленні беларусаў на такую ж самую нязломнасць.

Святлана Ціханоўская

— У асноўным мае вечары праходзяць з малымі. Малодшая дачка праз вечар плача і згадвае тату. У нашых дзяцей цяпер прысутнічаюць палітвязні, вайна... Малодшая дачка ўсё просіць у мяне грошай, кажа: «Я збіраю на танк, каб тату вызваліць». Вось гэта іх рэальнасць. Мы пішам лісты, але з сакавіка мы не атрымалі аніводнага ліста (ад Сяргея Ціханоўскага. — Заўв. рэд.), таму ўсё вельмі трывожна для іх.

А старэйшаму сыну ўжо 13 гадоў, ён падлетак, усё ў сабе. Калі малодшая дачка пачынае заводзіць размову пра тату, ён адказвае: «У яго ўсё добра, ты не хвалюйся, сястрычка, тата хутка выйдзе». Стараецца па-мужчынску супакойваць.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што не паказвала сваім дзецям кадры, якія апублікавала нядаўна прапаганда. На відэа, як паведамляецца, Сяргей Ціханоўскай у сваёй камеры. Жонка палітзняволенага палітыка прызналася, што не адразу пазнала свайго мужа на відэа. 


Глядзіце таксама

— Мне давялося перагледзець некалькі разоў. Твар не яго, але асаблівасці руху, цела — гэта ён. Як ён змяніўся, вядома... Гэта было вельмі балюча. Але я ўбачыла, што ён жывы. Спадзяюся, гэта не падстаўное відэа, таму што яны яшчэ спецыяльна навялі камеру на дату, каб мы «пераканаліся», што гэта ён. Але відовішча страшнае. Сяргей — гэта мой штодзённы, штогадзінны боль. Але ты адразу пераскокваеш на тое, што такіх людзей тысячы.

Аляксандр Івулін

Журналіст і былы палітвязень Аляксандр Івулін расказаў, што нават амаль праз паўгода пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі яму сняцца кашмары.

— На «зоне» я спаў нармальна. Я выйшаў, усё было класна першыя месяцы, але цяпер пачало «даганяць». Апошні месяц сніцца пагоня, затрыманні, пераслед, турма, допыты. Калі не стала Пушкіна, сніўся і ён, бо мы перасякаліся.

Гэтая гісторыя не пра тое, што ты выходзіш з месцаў пазбаўлення волі і ўсё заканчваецца. На самай справе пачынаецца доўгі працэс рэсацыялізацыі. У маім выпадку мне вельмі пашанцавала, што вельмі шмат людзей дапамаглі. Вельмі важна ладзіць такія марафоны, таму што важна дапамагаць не толькі калі ты знаходзішся ў няволі, але і калі ўжо выйшаў на волю, таму што вельмі важна вярнуцца потым у нармальнае рэчышча.

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік фонду «BYSOL» падчас анлайн-марафону расказаў, што фонд распачаў адукацыйную праграму для былых палітзняволеных: першая пілотная група з 40 чалавек ужо пачала сваё навучанне.


Глядзіце таксама

Таксама ён адзначыў, што зараз у «BYSOL» ёсць шматлікія магчымасці дапамогі палітзняволеным — гэта персанальныя зборы, а таксама медыцынская дапамога для тых, хто ўжо выйшаў на волю, збор грошай для дзяцей палітзняволеных, а таксама іншыя магчымасці.

— Мы бачым, як працуе наша салідарнасць проста зараз, у жывым эфіры, і лічбы, якія змяняюцца на нашых вачах, кажуць, што салідарнасць не зменшылася, і пра тое, што ўсё працуе, як і працавала, — кажа Андрэй Стрыжак пра салідарнасць беларусаў, якая захавалася дагэтуль.