Хронікі рэпрэсій за 29 ліпеня
Весткі з палёў рэпрэсій за сённяшні дзень: навіны пра палітвязняў, затрыманні і суды.
***
У судзе горада Жодзіна 25 ліпеня палітзняволенага Уладзіміра Кнігуасудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы»). Суддзя Іван Грынкевіч прызнаў Уладзіміра вінаватым і прызначыў яму яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі. Раней палітвязню ўзмоцнілі пакаранне і перавялі з барысаўскай калоніі на турэмны рэжым у Жодзіна, дзе мінімум чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА.
Уладзімір Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. Ён жанаты, мае дваіх непаўнагадовых дзяцей. Кнігу затрымалі 4 чэрвеня 2020 года пасля пікету Святланы Ціханоўскай у Гродне. Яго абвінавіцілі ў «актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» 29 траўня ў Гродне (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама ў «гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў» (арт. 364 КК).
***
За «здраду дзяржаве» будуць судзіць палітвязня Яраслава Саковіча, якога катавалі за дапамогу Украіне. Палітзняволены быў затрыманы 5 жніўня 2022 года. Да 2021 года ён жыў ва Украіне, жанаты на ўкраінцы. Па вяртанні ў Беларусь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія катавалі яго і выбівалі прызнанне ў тым, што ён раней ваяваў ва Украіне, піша «Вясна». Пазней яго адпусцілі, але праз год затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы. У Мінску 4 траўня яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Цяпер стала вядома, што ў жніўні Яраслава зноў будуць судзіць. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Паводле следства, ён перадаваў даныя УСУ. Судовы працэс над мужчынам распачнецца 7 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Папко.
***
75-гадовага віцебскага актывіста Барыса Хамайду затрымалі за вокладку пашпарта з «Пагоняй». Адбылося гэта на шляху ў Росіцу — у гэтай вёсцы ў Верхнядзвінскім раёне праходзяць урачыстасці да 80-й гадавіны пакутнікаў Другой сусветнай вайны, благаслаўлёных Марыяна Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.
Наколькі вядома, Хамайду затрымалі памежнікі: Росіца знаходзіцца недалёка ад латвійскай мяжы, таму там бываюць патрулі, якія просяць паказаць дакументы. Падчас такой праверкі памежнікі ўбачылі, што ў Хамайды вокладка з «Пагоняй». Спачатку паразмаўлялі «на агульныя тэмы». А калі выйшлі ў Бігосаве на перон, дагналі Хамайду і затрымалі. Мужчыну завезлі ў Верхнядзвінск.
***
Ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай @klopat_by нагадвае, што ўжо некалькі месяцаў няма аніякай інфармацыі пра самых вядомых беларускіх палітзняволеных: Максіма Знака — 170 дзён, Марыю Калеснікаву — 165 дзён, Мікалая Статкевіча — 169 дзён, Ігара Лосіка — 160 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 142 дні, Віктара Бабарыку — 93 дні, Паліну Шарэнда-Панасюк — 22 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1475 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1741 чалавека. Сярод іх — 193 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 16 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.