Героі не паміраюць: Вітольд Ашурак — якім мы будзем яго помніць
Роўна год таму, 21 траўня 2021-га, Беларусь ускалыхнула страшная навіна пра смерць палітвязня Вітольда Ашурка ў калоніі №17 г. Шклова. Афіцыйная прычына смерці — «спыненне сэрца». Да гадавіны гэтай сумнай даты беларускімі праваабаронцамі было прапанавана зрабіць 21 траўня Днём палітвязня, а мы проста ўзгадаем, якім быў Вітольд Ашурак і якую памяць па сабе пакінуў у лістах на волю.
Жыццёвы шлях Вітольда Ашурка не назавеш лёгкім. Калі, нічога не ведаючы, сядаеш чытаць яго біяграфію і праглядаць дакументальныя фільмы, адразу малюеш сабе жыццё правінцыйнага гарадка — любімай Вітольдам Бярозаўкі — ва ўсіх дэталях: застылы час, дзе нічога не змяняецца, людзі ўсё так жа спрабуюць выжыць, а чыноўнікі ўсё так жа п’юць з іх кроў, раскрадаюць бюджэты і будуюць нікому не патрэбныя шкодныя вытворчасці, каб дагадзіць начальству.
Пашчасціла нарадзіцца сярод такога «пейзажу»? 99% — што ты станеш яго часткай. Вельмі рэдка, амаль на мяжы немагчымага ў кагосьці атрымліваецца перакрочыць гарызонт. Вітольд Ашурак быў адным з такіх.
Гэта класічны прыклад self-made man: насуперак усяму, не маючы аніякай адукацыі, акрамя 10 класаў школы, і аніякіх перспектыў, ён спачатку стаў мясцовым актывістам, пасля — палітыкам, а памёр — Героем.
Доўгі шлях да апошняй мяжы складваўся з гор прачытаных кніг, якія замянялі яму афіцыйную адукацыю. Паводле слоў сяброў і блізкіх, Вітольд Ашурак таксама добра маляваў і быў неблагім майстрам татуіровак, першыя з якіх выпрабоўваў на сабе. Здаецца, дробязь — але вельмі паказальная: ён не гатовы быў рабіць іншым таго, чаго не зрабіў бы сабе.
Інтэлігентнасць — першае, што ўзгадваюць людзі, якія ведалі яго асабіста ці па перапісцы. Нават не інтэлігентнасць — шляхетнасць. Веданне цаны сабе і свайму слову, павага да сябе і да Іншага. Моцны стрыжань, які не дае здрадзіць сабе да апошняга і дазваляе ўзвышацца над абставінамі, захоўваючы годнасць. Паглядзіце, якія словы Вітольд Ашурак падабраў да апісання турмы — месца, якое любы, хто там пабываў, будзе ўзгадваць з нянавісцю:
Здаецца, імкненне не тое што не рабіць — нават не падумаць злога — закладзенае ўжо проста ў саміх яго словах, поўных прыязнасці, лёгкасці, добразычлівасці — настолькі натуральна мова, якую Ашурак стаў вучыць у 2010 годзе, стала часткай яго свядомасці. За мову ж аднойчы яму давялося адсядзець дадатковыя пяць сутак:
Знакавы для беларускай гісторыі, 2010 год стаў лёсавызначальным і ў жыцці будучага палітвязня: пасля разгону Плошчы ён адседзеў свае першыя суткі, прычым не проста як пратэстовец, а як «ідэйны»: пачуўшы, што Вітольд выйшаў «за ідэю», суд дадаў яшчэ двое сутак да ўжо прызначаных дзесяці. Амаль адразу пасля таго актывіст падаў заяўку ў БНФ (хаця заўсёды быў супраць) — «пераканалі» людзі ў камеры.
Першым у Бярозаўцы адзіночны пікет зладзіў таксама ён — супраць шкоднай вытворчасці шклаваты (у выніку шклозавод, з якім Вітольд Ашурак нават судзіўся, усталяваў больш бяспечную высокатэмпературную печ). А калі ў мясцовай рэчцы пачаўся мор рыбы, Ашурак пікетаваў выканкам, атрымаў свой штраф, але дамогся ўвагі — і ў раёне з’явіліся ачышчальныя збудаванні. Ён жа кіраваў працэсам аднаўлення мемарыялу паўстанцам Кастуся Каліноўскага на Лідчыне — таго самага мемарыялу, да якога цяпер прыносяць кветкі яму самому.
Сфера зацікаўленасцей Вітольда Ашурка распаўсюджвалася не толькі на палітыку і грамадскую дзейнасць. Ён быў адным з арганізатараў фэсту патрыятычнай песні пад Бярозаўкай, а таксама штогод ладзіў сплавы па Нёмане, прычым плыты для сплаваў Вітольд праектаваў і рабіў уласнаручна, са сваімі сябрамі.
Яго цікавіла ўсё: культура, палітыка, гісторыя. Як чалавек, які здольны крытычна мысліць і рабіць высновы з урокаў гісторыі, ён паслядоўна выступаў за дэсаветызацыю Беларусі, стаяў на курапацкай варце побач з сумна вядомым рэстаранам «Паедзем паядзім», рэгулярна ўшаноўваў памяць Слуцкага збройнага чыну. Але асаблівым момантам у яго жыцці, паводле ўспамінаў сяброў, было перапахаванне Кастуся Каліноўскага — урачысты, святочны дзень для кожнага сапраўднага патрыёта Беларусі. Ці ведаў тады Вітольд, ці адчуваў свой лёс — але быў нязвыкла ціхі, адстаронены, кажуць паплечнікі актывіста.
2020 год быў яго часам, доўгачаканай радасцю для ўсіх, каму балела і баліць за Беларусь. Першы раз Вітольда Ашурка схапілі 9 жніўня. Суд прызначыў яму 20 сутак (15 «стандартных» + 5 за тое, што адмовіўся ўстаць перад судом), але выпусцілі яго праз 5 дзён. Наступным разам па яго прыйшлі 16 верасня 2020 года — і пасля гэтага больш на волю Вітольд Ашурак не выйшаў...
Калі на 135 тысяч людзей Лідчыны ў нас не знайшлося хаця б аднаго, хто ўзяў на сябе адказнасць падняць Паўстанне за Праўду, хто тады будзе нас, беларусаў, паважаць?» — напісаў палітвязень у лісце да сваёй маці Алены Міронаўны Ашурак за месяц да сваёй смерці.
Сістэма баялася яго і помсціла за мужнасць і смеласць, ціснула і намагалася «зламаць». Толькі за першы месяц у калоніі Вітольду Ашурку прыпісалі 12 парушэнняў.
Суд па яго справе праходзіў у закрытым рэжыме, але ён не губляў трываласці і падбадзёрваў магчымасцю хуткай сустрэчы сяброў з волі — нягледзячы на тое, што прысуд аптымізму не дадаваў: 5 гадоў калоніі і 1000 рублёў кампенсанцыі «пацярпеламу» міліцыянту. Застаючыся аптымістам, з нязменнай верай у будучыні, Вітольд спрабаваў самастойна вучыць у калоніі англійскую мову — і няма ніякага сумневу, што вывучыў бы, калі б яму далі яшчэ пажыць.
Адзін з апошніх сваіх лістоў ён напісаў маці, і гэта, быць можа, самы шчыры ліст, які трапіў на волю з-за кратаў:
Атрымаў учора перад адбоем Твой ліст і доўга чытаў і перачытваў яго! Ён маленькі — усяго некалькі словаў, але такі эмацыйны і пранізлівы, што аж сэрца сціскаецца!
Я таксама сумую па табе, мама! Тыя людзі, што гавораць, маўляў, дарослым не патрэбная мама, памыляюцца! Я памятаю ўсё, як ты адна гадавала нас з Андрэем, як табе хацелася, каб мы выраслі прыстойнымі людзьмі! І цяпер мне вельмі важна, каб Ты была здаровенькая і радавалася за сваіх дзяцей і ўнукаў!
А яно так і атрымалася! Ты добра выхавала нас з Андрэем! Ніхто не будзе пароць Табе вочы, што твае сыны злодзеі ці аферысты!
Наадварот, мяне пасадзілі менавіта таму, што я казаў праўду і заклікаў не мірыцца з жулікамі».
Нягледзячы на ціск, на ўвесь жах, які адбываўся ў турме, Вітольд верыў, што ў 2020 годзе ўсё было недарма, што нічога не скончылася і працэсы ў грамадстве не спыняюцца.
21 траўня 2021 скончыўся зямны шлях Вітольда Ашурка. Што з ім зрабілі і якой была сапраўдная прычына смерці, дагэтуль невядома, і гэтая невядомасць толькі запэўнівае сяброў і блізкіх у тым, што смерць палітвязня была гвалтоўнай.
Ужо год людзі з усіх куткоў Беларусі прыязджаюць на Лідчыну — каб ускласці кветкі і запаліць зніч ля мемарыялу абаронцам Беларусі — паўстанцам Каліноўскага, сярод якіх цяпер знайшлося месца і Вітольду Ашурку.
Бо героі не паміраюць, а застаюцца побач з намі, у нашай памяці і нашых учынках, нібы компас, накіроўваючы наш шлях да лепшай дарогі.
На сённяшні дзень у Беларусі за кратамі застаюцца 1204 палітвязні (паводле праваабаронцаў «Вясны»). Ініцыятыва Dissidentby налічвае 1464 палітычных зняволеных, сярод якіх — 184 жанчыны, 10 непаўналетніх і 450 былі асуджаныя на «хатнюю хімію».