Плошча-2010 і яе адгалоскі
З нагоды Дня палітвязня ў Беларусі прадстаўляем вам заключны матэрыял з цыклу ўспамінаў пра палітзняволеных мінулых гадоў.
У прыведзеным ніжэй спісе палітвязняў за 2010 год вы не знойдзеце імёны некаторых з іх: Змітра Дашкевіча, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца. Пра іх пераслед мы распавядалі ў ранейшых публікацыях. На сённяшні дзень яны зноў знаходзяцца за кратамі і прызнаныя палітзняволенымі.
Частка 1, частка 2, частка 3
2010 год
Аляксандр Арастовіч у 2010 г. падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча. Увечары 19 снежня іх разам затрымалі (таксоўку, на якой яны ехалі з вакзалу пасля разгону Плошчы, заблакавала міліцыя каля Галоўпаштамта).
Знаходзіўся ў СІЗА КДБ. 15 лютага 2011 г. быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Прад’яўлена абвінавачанне ў масавых беспарадках. 25 жніўня 2011 г. даведаўся пра тое, што крымінальная справа супраць яго спыненая, абвінавачанне знятае.
Аляксандр Атрошчанкаў на выбарах-2010 быў прэс-сакратаром штаба Андрэя Саннікава.
Аляксандра затрымалі 20 снежня 2010 г. дома. Змясцілі ў СІЗА КДБ і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
2 сакавіка 2011 г. Фрунзенскі суд Мінска асудзіў Атрошчанкава на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З 25 сакавіка 2011 г. адбываў тэрмін пакарання ў папраўчай калоніі «Віцьба-3». Памілаваны Лукашэнкам і вызвалены 14 верасня 2011 г.
Зміцер Бандарэнка таксама быў актывістам штабу кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
Быў арыштаваны 20 снежня 2010 г. ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. У канцы снежня яму прад’явілі абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх). Пазней абвінавачанне перакваліфікавалі на арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх.
26 красавіка 2011 г. Бандарэнку асудзілі на 2 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Падчас зняволення палітвязень перанёс складаную аперацыю на пазваночніку, пасля якой не змог належным чынам аднавіць сілы, стан яго здароўя моцна пагоршыўся.
У студзені 2012 г. стала вядома пра пагаршэнне ўмоваў утрымання Змітра ў магілёўскай калоніі. У яго канфіскавалі мыліцы і артапедычны абутак. Нейкі час Зміцер не мог хадзіць і з цяжкасцю рухаўся толькі з дапамогай кійка.
15 красавіка 2012 г. вызвалены паводле ўказу аб памілаванні.
Грамадзянін Расіі, які нарадзіўся ў Мінску, Арцём Брэус быў затрыманы падчас акцыі пратэсту на Плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня 2010 г.
Быў арыштаваны на 15 сутак і вызвалены 29 снежня разам з іншымі расійцамі. Аднак у той самы дзень быў затрыманы зноў — ужо ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. 5 студзеня 2011 г. Арцёму прад'явілі абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага.
10 сакавіка 2011 г. разам з іншым грамадзянінам Расіі Іванам Гапонавым суд Маскоўскага раёна Мінска пакараў Брэуса штрафам у 300 базавых велічынь (10,5 мільёна недэнамінаваных беларускіх рублёў).
Зміцер Буланаў быў затрыманы і збіты падчас разгону мірнай акцыі 19 снежня, пры гэтым яму рассеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Але пасля вызвалення з ізалятара на Акрэсціна быў затрыманы паўторна 12 студзеня 2011 г. — толькі за тое, што адмовіўся ісці на допыт без афіцыйнай позвы. Супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго дадому і заявілі: не з'явіўся па іх званку — значыць, вінаваты. Некалькі гадзінаў чакаў следчага, але дачакаўся толькі пастановы пра статус падазраванага па справе аб масавых беспарадках.
Спачатку Змітра затрымалі на 3 дні, два з якіх ён ізноў правёў у турме на Акрэсціна. Затым быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага. Там перажыў небяспеку для жыцця з-за абвастрэння алергіі (з прыкметамі астмы і прыступамі ўдушша) і рэўматызму. Прыходзілі трывожныя навіны пра тое, што вязень не ў стане нават устаць з нараў.
26 траўня 2011 г. у Ленінскім судзе Мінска Буланава асудзілі да 3 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 11 чэрвеня 2011 г. для адбыцця тэрміну пакарання яго перавялі ў калонію № 15 г. Магілёва.
14 верасня 2011 г. вызвалены на падставе ўказу Лукашэнкі аб памілаванні.
Камуніст Сяргей Вазняк у часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Быў арыштаваны 20 снежня ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня яму прад’явілі абвінавачанне па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.
З 29 снежня 2010 г. мера стрымання змененая на падпіску аб нявыездзе.
30 сакавіка 2011 г. абвінавачанне было перафармуляванае на арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх.
20 траўня 2011 г. судом Фрунзенскага раёна Мінска асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.
У 1.15 ночы з 19 на 20 снежня 2010 г. з Іллём Васілевічам паспела пагаварыць яго сястра. Праз двое сутак сям’я знайшла Іллю ў Жодзінскім СІЗА.
Ілля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 19 снежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Мінскага політэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.
5 студзеня 2011 г. маладога чалавека запрасілі ў адміністрацыю каледжа для падпісання папераў пра выключэнне з вучобы, але ў навучальнай установе Іллю чакалі супрацоўнікі КДБ. Яны затрымалі яго для правядзення следчых дзеянняў па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Іллю Васілевічу паведамілі, што ён з'яўляецца падазраваным па дадзенай крымінальнай справе, і змясцілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым — у СІЗА на Валадарскага.
14 траўня 2011 г. ён быў асуджаны на 3 гады зняволення. 14 верасня 2011 г. — выйшаў на волю. Памілаваны Лукашэнкам. Адбываў пакаранне ў калоніі №19 г. Магілёва.
Павел Вінаградаў быў арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 г. Пасля арышту ў адсутнасць Паўла ў яго дома праходзіў ператрус. Прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваўся пад вартай ў СІЗА № 1 Мінска.
5 траўня 2011 г. Павел асуджаны на 4 гады зняволення. Для адбывання гэтага тэрміну яго перавялі ў калонію г. Івацэвічы. 22 ліпеня 2011 г. у калоніі малады чалавек ажаніўся з сваёй нявестай Святланай.
14 верасня 2011 г. вызвалены паводле ўказу аб памілаванні, падпісанага дзеючым кіраўніком дзяржавы.
У наступны раз па крымінальнай справе Павел быў затрыманы 22 снежня 2021 года ў сябе ў прыватным доме ў Беразіно. Ён стаў фігурантам справы па арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта») і арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
На пачатку студзеня 2022 Паўла перавялі з ІЧУ АУС Бярэзінскага раёна ў жодзінскую СТ №8. Праваабаронцам стала вядома, што там на Паўла аказваўся ціск з боку адміністрацыі: яго паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці», а таксама склалі некалькі рапартаў за «парушэнне правілаў унутранага распарадку». Напрыканцы студзеня Паўла тыдзень утрымлівалі ў ШІЗА.
10 сакавіка 2022 г. у Мінскім абласным судзе пачаўся разгляд справы Паўла, які адбываўся ў закрытым рэжыме. 16 сакавіка яго асудзілі да 5 гадоў зняволення.
У красавіку 2022 г. Паўла перавялі ў СІЗА-6 у Баранавічы.
Арцём Грыбкоў 19 снежня 2010 г. пасля працы аказаўся ў раёне мінскай Плошчы Незалежнасці і далучыўся да мітынгоўцаў. Быў затрыманы каля чыгуначнага вакзалу, адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. 12 студзеня 2011 г. быў затрыманы зноў і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
Знаходзіўся пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску.
26 траўня 2011 году асуджаны ў Ленінскім судзе Мінска на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў тэрмін у Бабруйску.
11 жніўня 2011 г. памілаваны ўказам кіраўніка дзяржавы і вызвалены.
13 снежня 2012 загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Пахаваны ў Карэлічах.
У 2007 годзе Наста Палажанка ў ліку іншых маладафронтаўцаў была асуджаная па артыкуле за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У якасці пакарання суд тады абраў папярэджанне.
Падчас выбарчай кампаніі 2010 года на Насту і яе таварышаў пастаянна ўзмацняўся ціск. 9 снежня 2010 г., за 10 дзён да падзей на Плошчы-2010, Насту разам з маладафронтаўцамі Змітром Дашкевічам, Міколам Дземідзенкам і Уладзімірам Яроменкам затрымала міліцыя, заявіўшы, што яны едуць на крадзенай машыне. Некалькі гадзінаў іх пратрымалі ў пастарунку і адпусцілі.
Пасля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3.20 ночы на 20 снежня. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыццяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачвалася ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымлівалася ў СІЗА КДБ.
17 лютага 2011 г. увечары была адпушчаная пад падпіску аб нявыездзе. 8 сакавіка 2011 г. стала першай беларускай, узнагароджанай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасць, якую ўручала дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан.
30 сакавіка абвінавачанне перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх»).
20 траўня 2011 г. у судзе Фрунзенскага раёна Мінска Насту Палажанку асудзілі на 1 год пазбаўлення волі ўмоўна.
27 ліпеня 2012 г. даведалася аб зняцці з міліцэйскага ўліку і сканчэнні ўмоўнага тэрміну.
Напрыканцы 2012 года Наста ў калоніі пабралася шлюбам са Змітром Дашкевічам, палітвязнем, гісторыю пераследу якога мы распавядалі ў папярэдніх выпусках.
Увесну 2022 года стала вядома, што Наста Дашкевіч з’яўляецца падазраванай па крымінальнай справе за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яе муж Зміцер за кратамі па гэтай жа справе, у сям’і трое маленькіх дзяцей, Наста чакае чацвёртае.
Андрэй Дзмітрыеў падчас выбараў 2010 г. кіраваў штабам кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Быў затрыманы ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. пасля масавай акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска. Абвінавачаны па артыкуле за «масавыя беспарадкі».
3 студзеня 2011 г. быў выпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка 2011 г. яго абвінавачанне перафармулявалі на «арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх».
20 траўня 2011 г. судом Фрунзенскага раёна Мінска асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.
Увесь свет абляцелі кадры, на якіх былы міліцыянт Аляксандр Класкоўскі ў міліцэйскай форме спрабуе спыніць раз'юшаны спецназ падчас разгону Плошчы-2010. Ён быў затрыманы ў сябе дома наступнай ноччу — на 21 снежня 2010 г. Пры гэтым быў моцна збіты. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па трох крымінальных артыкулах.
26 траўня 2011 г. у Ленінскім судзе Мінска асуджаны да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Шклове. Быў памілаваны і вызвалены з калоніі 14 верасня 2011 г.
Сын і брат вядомых журналістаў Аляксандра, Людмілы, Вольгі Класкоўскіх. Вольга Класкоўская цяпер таксама палітзняволеная.
Уладзімір Кобец быў затрыманы аператыўнікамі КДБ праз два дні пасля Плошчы — 21 снежня 2010 г. Яму прад’яўлена абвінавачанне па 1 і 2 частках артыкула «Масавыя беспарадкі». Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. У ноч на 27 студзеня 2011 г. адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Суда над ім так і не адбылося. 29 жніўня Уладзімір атрымаў па пошце пастанову пра закрыццё супраць яго крымінальнай справы, а таксама дазвол зноў выязджаць за межы краіны.
У верасні 2011 г. напісаў у СМІ ліст, з якога вынікала, што Уладзімір пакінуў Беларусь. Прычынамі гэтага, паводле яго словаў, сталі ціск і катаванні падчас знаходжання ў СІЗА, а пазней — пагрозы яго сям’і пасля вызвалення пад падпіску. Кобец заявіў пра спробы яго вярбоўкі.
У 2007 годзе, будучы сябрам «Маладога Фронту», Алег Корбан праходзіў па крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, правёў трое сутак у турме КДБ, быў пакараны штрафам.
У ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. пасля акцыі пратэсту Алега Корбана затрымалі ў цэнтры Мінска. Абвінавачаны ў арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Утрымліваўся ў следчым ізалятары КДБ. 7 студзеня 2011 г. вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.
31 студзеня 2011 г. на вуліцы ў Мінску быў затрыманы паўторна, але адпушчаны праз 2 гадзіны пасля допыту ў КДБ.
23 жніўня 2011 г. крымінальная справа супраць яго была закрытая за адсутнасцю складу злачынства.
Чарговы раз Алег Корбан быў затрыманы 25 кастрычніка 2020 года, дома прайшоў вобшук. Спачатку яму прысудзілі 15-суткавы арышт, а пасля яго заканчэння перавялі ў СІЗА-1.
Алега абвінавацілі ў «Арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і асудзілі на 1 год і 6 месяцаў умоўна.
Мікіту Ліхавіда затрымалі 19 снежня 2010 г. на Плошчы Незалежнасці ў Мінску, асудзілі на 15-суткавы арышт. Але 28 снежня стала вядома, што пастанова аб адміністрацыйным арышце адмененая і Мікіта пераведзены ў статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках. З Жодзінскага СІЗА яго перавялі ў мінскую «Валадарку», а за дзень да суда — у камеру да абвінавачаных у цяжкіх злачынствах.
29 сакавіка 2011 г. Мікіта Ліхавід асуджаны Партызанскім судом Мінска да 3,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Трымаў галадоўку супраць несправядлівага прысуду. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі. Туды яго этапавалі 7 траўня 2011 г., а ўжо праз два дні ён патрапіў на 10 сутак у штрафны ізалятар. Адбыўшы гэта пакаранне, праз суткі зноў патрапіў у ШІЗА — на 15 сутак. Там ён сустрэў свой 21-ы дзень народзінаў. Такі «падарунак» адміністрацыя калоніі паднесла хлопцу за яго пратэст супраць несправядлівага судовага прысуду.
У калоніі ён 5 разоў трапляў у карцар, правёўшы ў ім агулам каля месяца за адмову называць сябе падчас паверак «асуджаны Ліхавід» (замест гэтага казаў «незаконна асуджаны»). За гэта яго таксама змясцілі на 3 месяцы ў камеру крытай турмы.
Памілаваны ў ліку іншых указам Лукашэнкі і вызвалены 14 верасня 2011 г.
Эдуард Лобаў быў асуджаны да чатырох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне абвясціла 24 сакавіка 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзя Алена Шылько. 22-гадовы актывіст «МФ» быў прызнаны вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве».
Эдуард Лобаў разам са старшынём «Маладога Фронту» Змітром Дашкевічам быў затрыманы ў Мінску 18 снежня 2010 года, паводле міліцыі, яны нібыта збівалі мінакоў. Затрыманне Лобава і Дашкевіча было прэвентыўнай мерай напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія адбываліся на наступны дзень.
Да суда Эдуард утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА, з пачатку сакавіка 2011 г. — у Мінскім СІЗА па вул. Валадарскага.
З 7 красавіка 2011 г. адбываў прысуд у Івацэвіцкай калоніі № 22. На волю выйшаў, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання.
Палітык Анатоль Лябедзька шмат разоў трапляў пад рэпрэсіі ўладаў за сваю палітычную дзейнасць, і пад канец 1990-х гадоў стаў свайго кшталту рэкардсменам па працягласці адбытых па палітычных матывах адміністрацыйных арыштаў. Некалькі разоў быў абвінавачаны ў паклёпе на дзеючага прэзідэнта, быў збіты каля свайго дома невядомымі ў масках. 19 кастрычніка 2004 г. разам з Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам быў арыштаваны за ўдзел у пратэсных акцыях супраць рэферэндума, які дазволіў Лукашэнку балатавацца на трэці тэрмін. Пры затрыманні быў моцна збіты міліцыяй (трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай, пераломамі рэбраў і пашкоджаннямі ўнутраных органаў).
Пасля Плошчы-2010 у ноч на 20 снежня затрыманы сіламі дзяржбяспекі ў сябе дома. Змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
6 сакавіка 2011 г. Анатоль Лябедзька быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
23 жніўня 2011 г. крымінальная справа супраць яго была спыненая «ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства».
Першы раз Аляксандр Малчанаў быў затрыманы па крымінальнай справе за Плошчу-2010 у сябе дома ў Барысаве 6 студзеня 2011 г. Аляксандру былі прад’явілі два абвінавачанні па справе аб масавых беспарадках: ва ўдзеле ў іх, а таксама ў знявазе падчас акцыі дзяржаўных сімваляў. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
2 сакавіка 2011 г. асуджаны ў Фрунзенскім судзе Мінска на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 15 г. Магілёва, адкуль быў вызвалены 14 верасня 2011 г. на падставе памілавання Лукашэнкам у ліку іншых палітычных вязняў.
Аднак неўзабаве супраць Аляксандра была заведзеная другая крымінальная справа. У лістападзе 2011 г. ён быў арыштаваны другі раз у Барысаве і змешчаны пад варту ў ІЧУ. Гэтым разам апазіцыянера абвінавацілі ў крадзяжы металалому разам з групай асобаў. Аляксандр не мог уладкавацца на працу, бо яго нікуды не бралі пасля палітычнага суда, і ён зарабляў на жыццё сабе і бацькам-пенсіянерам зборам металалому. Ён кажа, што на тэрыторыю завода, якая не ахоўвалася, жыхары горада звычайна заходзілі па металічныя адкіды вытворчасці.
Другая крымінальная справа была заведзеная па падазрэнні ў знявазе дзяржаўных сімвалаў, здзейсненай яшчэ 26 кастрычніка 2010 г. У сярэдзіне лютага 2012 г. тое абвінавачанне было знятае, справа закрытая, але 29 лютага стала вядома, што пастанова аб гэтым ужо адмененая. Знаходзіўся ў Жодзінскім следчым ізалятары.
9 красавіка 2012 г. Аляксандр Малчанаў быў асуджаны на 1 год 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбыў тэрмін і быў вызвалены 13 ліпеня 2013 года.
Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 года Сяргей Марцалеў кіраваў перадвыбарчым штабам Міколы Статкевіча. 19 снежня 2010 г. на Плошчы Незалежнасці Сяргей амаль не прысутнічаў. Ён быў затрыманы праз тры дні: уначы на 23 снежня зняты з цягніка, на якім ехаў у Варшаву.
Утрымліваўся пад вартай ў СІЗА КДБ. Абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 красавіка 2011 г. гэта абвінавачанне было змененае на арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
16 траўня 2011 г. у судзе Заводскага раёна Мінска асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.
Алесь Міхалевіч быў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах-2010.
Затрыманы супрацоўнікамі КДБ пасля акцыі пратэсту ў Мінску ў ноч на 20 снежня 2010 г. у сябе дома.
Змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны па артыкуле «Масавыя беспарадкі».
19 лютага 2011 г. быў выпушчаны з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
Праз некалькі дзён, 28 лютага 2011 г., зладзіў прэс-канферэнцыю, якая шакавала грамадскасць. Падчас яе Міхалевіч заявіў пра катаванні вязняў СІЗА КДБ. Пасля гэтай заявы Міхалевіча выклікалі на допыт у КДБ, на які, аднак, Алесь не прыйшоў, таемна пакінуўшы Беларусь. Быў абвешчаны ўладамі Беларусі ў міжнародны вышук.
Зміцер Новік затрыманы позна ўвечары 23 снежня 2010 г. дома, у Баранавічах, як падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ.
2 сакавіка 2011 г. асуджаны Фрунзенскім судом Мінска на 3,5 гады зняволення. Адбываць тэрмін пакарання яго этапавалі ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці.
Вызвалены са шклоўскай калоніі 14 верасня 2011 г. – быў памілаваны ўказам кіраўніка дзяржавы.
Васіль Парфянкоў быў затрыманы ў Мінску 4 студзеня 2011 г. па падазрэнні ў датычнасці да «масавых беспарадкаў» 19 снежня 2010 г. Праз трое сутак апынуўся ў мінскім СІЗА.
Яго прысуд стаў самым першым па «справе 19 снежня»: 17 лютага 2011 г. Фрунзенскі суд Мінска асудзіў Васіля на 4 гады калоніі строгага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі г. Ворша. З 17 па 27 ліпеня прабыў у штрафным ізалятары «за парушэнне формы адзення».
11 жніўня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.
29 траўня 2012 года Васіль Парфянкоў быў асуджаны за парушэнне прэвентыўнага нагляду на 6 месяцаў арышту.
9 жніўня 2012 г. Васіль Парфянкоў быў узяты пад варту зноў. Адбываў пакаранне ў калоніі г. Баранавічы. Вызвалены 9 лютага 2013 года.
12 ліпеня 2013 г. Васілю ізноў было прад’яўлена абвінавачанне ў парушэнні ўмоваў прэвентыўнага нагляду. Справа была перададзеная ў суд, але судовага працэсу па ёй не адбылося, бо быў прыдуманы іншы спосаб уздзеяння на іншадумца. 21 верасня 2013 г. пасля адбыцця 5-суткавага адміністрацыйнага арышту, да якога ён быў прыгавораны «завочна», Васіль Парфянкоў нечакана для ўсіх быў адпраўлены на 1 год у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) у г. Светлагорск.
Зноў быў узяты пад варту 5 снежня 2013 г. падчас агучвання прысуда за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Асуджаны да года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Адбываў пакаранне ў ПК-9 у г. Горкі. Да лютага 2014 года знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна.
Анатоль Паўлаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад АГП Яраслава Раманчука.
Быў затрыманы ў сябе дома а 7-й раніцы 20 снежня 2010 г. Ён быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ да 7 студзеня 2011 г., калі быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.
У канцы жніўня 2011 г. крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Падчас сілавога разгону Плошчы-2010 журналістцы Наталлі Радзінай разбілі галаву. У ноч з 19 на 20 снежня 2010 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў і акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска, жанчына была затрымана ў рэдакцыі сайту ch*rter97.org і змешчаная пад варту ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня 2010 г. ёй прад’явілі абвінавачанне па крымінальным артыкуле аб масавых беспарадках.
28 снежня мера стрымання змененая на падпіску аб нявыездзе, пасля гэтага Наталля жыла ў бацькоўскім доме ў Кобрыне. 1 красавіка 2011 г. яна таемна з'ехала з Беларусі.
Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Віталь Рымашэўскі падчас акцыі 19 снежня на плошчы Незалежнасці быў збіты спецназам (рассечана галава). Затрыманы падчас разгону акцыі, змешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны ў масавых беспарадках.
З 31 снежня 2010 г. знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. 30 сакавіка абвінавачанне перафармуляванае на арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх.
20 траўня 2011 г. ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска Рымашэўскі быў асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў 19 снежня 2010 г. быў затрыманы падчас мірнай маніфестацыі супраць фальсіфікацыі выбараў. Пры гэтым жорстка збіты (была пашкоджаная нага) і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Падчас следства сям’я Саннікава зазнала моцны ціск. Жонка палітыка журналістка Ірына Халіп таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.
14 траўня 2011 г. асуджаны на 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю «масавых беспарадкаў».
Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі, затым 29 верасня 2011 г. быў этапаваны ў калонію № 2 Бабруйска, дзе яго трымалі ў ШІЗА. Прычынай пераводу сталі, па словах адміністрацыі, публікацыі ў СМІ жонкі палітвязня. Некаторы час месцазнаходжанне Андрэя Саннікава было абсалютна невядомым, але 17 лістапада высветлілася, што этап у Бабруйск пралягае праз турму Магілёва.
Пасля Бабруйска напрыканцы лістапада 2011 г. Саннікава перавялі ў калонію «Віцьба-3». Некаторы час перабываў таксама ў Віцебскім СІЗА.
Па словах палітыка і яго сваякоў, некалькі разоў прадстаўнікі ўладаў пагражалі Саннікаву забойствам яго самога, а таксама яго жонкі і сына.
14 красавіка 2012 г. Андрэй Саннікаў быў вызвалены паводле ўказу аб памілаванні, пад ціскам санкцый ЕС і ЗША.
Ірына Халіп таксама была змешчаная ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня 2010 г. Ірыне было прад’яўленае абвінавачанне ў масавых беспарадках.
29 студзеня 2011 г. мера стрымання змененая на падпіску аб нявыездзе з хатнім арыштам.
4 красавіка 2011 г. абвінавачанне было перакваліфікаванае на дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
16 траўня 2011 г. у судзе Заводскага раёна Мінска Ірына была асуджаная на 2 гады зняволення з 2-гадовай адтэрміноўкай.
19 ліпеня 2013 г. судом Партызанскага раёна пакаранне з Ірыны Халіп было знятае.
Алег Федаркевіч браў удзел у акцыі пратэсту ў Мінску 19 снежня 2010 г. Быў затрыманы падчас жорсткага разгону мірнай акцыі і змешчаны пад варту ў следчы ізалятар на Валадарскага. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
12 траўня 2011 г. ў Маскоўскім судзе Мінска асуджаны да 3,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 19 Магілёва.
14 верасня 2011 года вызвалены пасля ўказу аб памілаванні, падпісанага кіраўніком дзяржавы.
20 верасня 2010 года Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. 14 лютага яго абвінавацілі ў салігорскім нападзе і нападзе на прафсаюзы, а таксама ў акцыі пад Генштабам.
У чаканні суда ўтрымліваўся ў мінскім СІЗА на Валадарскага. Нягледзячы на праблемы са здароўем — мае адну нырку, — не быў вызвалены да суда. Падчас следства яго адвакат Павел Сапелка быў пазбаўлены ліцэнзіі за актыўную абарону палітычных вязняў пасля падзеяў 19 снежня 2010 года.
24 траўня 2011 года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны Заводскім судом Мінска на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адбываў прысуд у калоніі № 22 каля г. Івацэвічы.
Вызвалены 3 верасня 2013 года.
Аляксандра Францкевіча зноў затрымалі 13 жніўня 2020. Яму прад’яўлена абвінавачанне па 12 артыкулах.
Цяпер Францкевіча разам з іншымі палітвязнямі судзяць закрытым судом.
У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Аляксандр Фядута працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Быў арыштаваны 20 снежня 2010 г. ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня яму прад’явілі абвінавачанне ў масавых беспарадках. 30 сакавіка 2011 г. абвінавачанне перафармуляванае на арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх. 8 красавіка 2011 г. адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
20 траўня 2011 г. суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў Фядуту 2 гадамі пазбаўлення волі ўмоўна.
У наступны раз Аляксандр Фядута быў затрыманы ў Маскве 12 красавіка 2021 г. у межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Яму прад'яўлена абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
На пачатку траўня 2022 года быў пераведзены з СІЗА-1 у СІЗА КДБ.
Уладзімір Хамічэнка быў затрыманы пасля разгону акцыі на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 г., асуджаны на 15 сутак. Пасля іх адбыцця быў пераведзены пад варту ў СІЗА на Валадарскага і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
5 траўня 2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска быў асуджаны на 3 гады зняволення. Тэрмін адбываў у калоніі № 19 каля Магілёва.
11 жніўня 2011 г. быў памілаваны Лукашэнкам і выйшаў на волю.
Уладзімір Яроменак – удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спецслужбаў на наступны дзень, 20 снежня 2010 г., пасля пікету салідарнасці з палітзняволенымі насупраць Дома ўрада. За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Пасля выхаду адтуль быў выкліканы ў якасці сведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-суткавым арыштам на Акрэсціна. 28 студзеня 2011 г. арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
14 траўня 2011 г. судом Партызанскага раёна Мінска асуджаны на 3 гады зняволення. Адбываў пакаранне ў калоніі «Віцьба».
11 жніўня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.
20 жніўня 2013 г. прызнаны судом Першамайскага раёна Менска вінаватым у парушэнні ўмоваў міліцэйскага прэвентыўнага нагляду. Асуджаны на 3 месяцы арышту. Быў узяты пад варту 11 снежня 2013 года, адбываў пакаранне ў арыштным доме г. Баранавічы. 11 сакавіка вызвалены па адбыцці пакарання.
2011 год
Затрыманы сілавікамі ў цывільным 28 лістапада ў 2010 года ў Маскве, Ігар Аліневіч быў вывезены імі ў невядомым кірунку, і толькі праз суткі стала вядома пра яго знаходжанне ў СІЗА КДБ у Мінску.
27 траўня 2011 года суд Заводскага раёна Мінска пакараў Ігара 8 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў абвінавачаны ў хуліганстве, здзейсненым групай асобаў, пашкоджанні маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры.
Першапачаткова яго абвінавачвалі ў злосным хуліганстве па эпізодах нападу на расійскую амбасаду ў ноч з 30 на 31 жніўня 2010 года, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генштаба Узброеных сілаў Беларусі 19 верасня 2009 года. Затым абвінавачанне было пашыранае: акрамя эпізоду па Генштабе, Аліневічу інкрымінавалі напады на казіно, на офіс банка 31 траўня 2010 года, на расійскую амбасаду 30 жніўня 2010 года і на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна 6 верасня 2010 года.
Падчас знаходжання ў СІЗА КДБ разам з іншымі вязнямі Ігар зазнаў катаванні. Перад тым, як яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску, маладому чалавеку прапаноўвалі працаваць на ўлады ў якасці хакера, ад чаго той катэгарычна адмовіўся. Па словах маці Ігара, ён адмаўляўся ад супрацоўніцтва з КДБ тройчы, і менавіта за гэта на самай справе і трапіў пад крымінальны пераслед.
Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі Наваполацка, у ліпені 2014 года пераведзены ў калонію «Віцьба-3». На волю Аліневіч павінен быў выйсці 29 лістапада 2018 года. Быў памілаваны рашэннем Аляксандра Лукашэнк і вызвалены 22 жніўня 2015 года.
У наступны раз анархіст быў затрыманы пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго, а таксама Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава, абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці.
22 снежня 2021 года ў Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд фігурантам гэтай крымінальнай справы. Ігар Аліневіч атрымаў 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Святаслаў Барановіч — удзельнік акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 г. у Мінску. Затрыманы па крымінальнай справе аб «масавых беспарадках», аднак гэта здарылася ажно 15 чэрвеня 2011 г. Фактычна на той час крымінальная справа была ўжо закрытая і па ёй прайшлі дзясяткі судоў.
Святаслаў Барановіч быў змешчаны пад варту ў мінскі СІЗА № 1. 21 чэрвеня 2011 г. ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
29 жніўня 2011 г., у першы дзень судовага працэсу па яго справе, мера стрымання была змененая на падпіску аб нявыездзе.
12 кастрычніка 2011 г. суд Маскоўскага раёна Мінска прыгаварыў яго да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Алесь Бяляцкі знаходзіўся пад арыштам з 4 жніўня 2011 г. Яму выставілі абвінавачанне ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Фармальнай падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы ды Генпракуратурай Польшчы. Улады гэтых краінаў публічна папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і яго сваякоў, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дамоваў аб прававой дапамозе.
Утрымліваўся ў СІЗА на Валадарскага. 24 лістапада 2011 г. асуджаны Першамайскім судом Мінска на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі.
Алесь Бяляцкі быў нечакана вызвалены 21 чэрвеня 2014 года ў сувязі з амністыяй. За кратамі ён правёў 2 гады, 10 месяцаў і 17 дзён.
Старшыня «В*сны» зноў быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў межах крымінальнай справы, у яго дома і ў офісе арганізацыі адбыўся ператрус.
Стала вядома, што Алесю Бяляцкаму прад’яўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.
Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
У траўні 2011 года Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынка Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю.
Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамолатава судзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — «Злоснае хуліганства» і «Наўмыснае прычыненне шкоды ў асабліва буйных памерах».
Спачатку адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15, потым быў пераведзены на больш жорсткі рэжым — у памяшканне крытага тыпу (ПКТ), у Магілёўскую турму № 4. Там ён шмат разоў трапляў у штрафны ізалятар за непадпарадкаванне. 12 кастрычніка 2014 года быў зноў пераведзены ў калонію №15 у Магілёве. Не пагаджаўся пісаць прашэнне аб памілаванні да А. Лукашэнкі.
22 жніўня 2015 г. вызвалены з магілёўскай калоніі на падставе ўказа аб памілаванні разам з іншымі палітычнымі зняволенымі.
Па крымінальнай справе Алег Гнедчык быў затрыманы 6 студзеня 2011 г. як падазраваны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да 9 студзеня (трое сутак) знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Але 25 сакавіка 2011 г. мера стрымання была змененая — пасля таго, як Алегу прад’явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Знаходзіўся пад вартай у мінскім СІЗА № 1.
14 траўня 2011 г. у Партызанскім раённым судзе Мінска быў асуджаны на 3,5 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адбываў пакаранне ў калоніі № 17 у пасёлку Маладзёжны Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Там палітвязень правёў трое сутак у штрафным ізалятары нібыта за тое, што быў непаголены.
Памілаваны Лукашэнкам і вызвалены 2 верасня 2011 г.
Зміцер Даронін быў затрыманы 14 сакавіка 2011 г. проста на працы і змешчаны пад варту ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. 22 сакавіка 2011 г. яму прад’яўлена абвінавачанне ў масавых беспарадках. Тады ж малады чалавек быў пераведзены ў мінскі СІЗА.
12 траўня 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна Мінска Зміцер быў асуджаны на 3,5 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў тэрмін у папраўчай установе “Віцьба-3”. Пасля ўступлення прысуда ў законную сілу быў звольнены з заводу, на якім працаваў.
1 верасня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.
За ўдзел у Плошчы-2010 Зміцер Дрозд быў асуджаны і адбыў 10-суткавы арышт. Пасля вызвалення зноў арыштаваны: 1 лютага 2011 г. быў узяты пад варту на 3 сутак як падазраваны ў масавых беспарадках.Утрымліваўся ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага.
5 траўня 2011 г. асуджаны на 3 гады зняволення, якое адбываў у калоніі ў Бабруйску.
Вызвалены 11 жніўня 2011 г. пасля памілавання.
Пасля хвалі рэпрэсій за Плошчу-2010 Сяргей Каваленка на Каляды вывесіў на вершаліне 40-метровай навагодняй ёлкі на цэнтральнай плошчы Віцебска нацыянальны сцяг. Гэта здарылася прыкладна апоўдні 7 студзеня 2010 г.
Сяргей быў затрыманы у той жа дзень каля 13 гадзін на плошчы Перамогі ў Віцебску. Пра 3 дні, 10 студзеня, Каваленка быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. 13 сакавіка 2011 г. быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.
Прысуд Сяргею Каваленку вынесены ў Кастрычніцкім судзе Віцебска. Яму прысудзілі тры гады «хіміі».
Другі раз Сяргей быў затрыманы па абвінавачанні ў парушэнні рэжыму адбыцця пакарання, прысуджанага яму за вывешванне сцяга. З 22 снежня 2011 г. актывіст утрымліваўся ў СІЗА Віцебска. Яшчэ раней, 19 снежня, ён абвесціў галадоўку пратэсту.
24 лютага 2012 г. суд пакараў Сяргея Каваленку зняволеннем у калоніі агульнага рэжыму тэрмінам 2 гады 1 месяц. Працэсуальныя дзеянні доўга не маглі распачацца з-за кепскага фізічнага стану падсуднага, які два месяцы галадаў за кратамі, а таксама з-за пратэстаў прысутных людзей.
Пасля прысуда Каваленка зноў распачаў спыненую ім днямі галадоўку. Перад тым, як вязня перавялі ў магілёўскую калонію, ён паспеў патрапіць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь і псіхіятрычную лякарню ў Навінках. Галадоўкі Сяргея Каваленкі агулам доўжыліся каля 3 месяцаў, за час якіх ён схуднеў на 40 кілаграмаў.
Увечары 26 верасня 2012 г. Сяргей Каваленка вызвалены з калоніі № 19 Магілёва. Палітвязень быў памілаваны кіраўніком дзяржавы. Прашэнне аб памілаванні Сяргей напісаў пад ціскам, які доўжыўся некалькі месяцаў. Яго некалькі разоў кідалі ў карцар, а таксама шантажавалі сынам.
Актывіст Сяргей Казакоў быў затрыманы 27 студзеня 2011 г. у якасці падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Маладога чалавека змясцілі пад варту ў СІЗА № 1.
12 траўня 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна Мінска Сяргей Казакоў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі. У чэрвені 2011 г. пераведзены для адбыцця пакарання ў калонію ў Бабруйску.
11 жніўня 2011 г. быў памілаваны ўказам Лукашэнкі. 13 жніўня выйшаў на волю.
Аляксандр Квяткевіч на Плошчу ў Мінску 19 снежня 2010 г. прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Быў затрыманы, адбыў 12-сутачны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту. 4 студзеня 2011 г. быў затрыманы як падазраваны па крымінальнай справе. Яму прад'явілі абвінавачанне ў масавых беспарадках. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ.
26 траўня 2011 г. у Ленінскім судзе Мінска асуджаны да 3,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі ў Івацэвічах.
11 жніўня 2011 г. памілаваны ўказам Лукашэнкі. Праз два дні вызвалены.
Алесь Кіркевіч — удзельнік акцыі пратэсту 19 снежня 2010 г. Быў затрыманы празь пяць дзён пасля Плошчы — за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі 24 снежня 2010 г. пад сценамі ізалятара на Акрэсціна. Асуджаны на 10 сутак арышту. На волю выйшаў 3 студзеня, а праз 3 дні быў пакараны штрафам — за арганізацыю перадвыбарчай сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча.
Арыштаваны па крымінальнай справе 28 студзеня 2011 г. пасля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гродзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Перавезены ў Мінск і змешчаны ў СІЗА КДБ. Алесю прад'явілі актыўны ўдзел у масавых беспарадках.
5 траўня 2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска Кіркевіч быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі.
Адбываў пакаранне ў калоніі ў Наваполацку.
Памілаваны ўказам Лукашэнкі 1 верасня 2011 г. і вызвалены.
Уладзімір Лобан быў затрыманы пры разгоне акцыі 19 снежня, адбыў 10-суткавы арышт у ізалятары на Акрэсціна, а потым затрыманы як падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Змешчаны пад варту ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага.
12 траўня 2011 г. асуджаны на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін быў пераведзены ў Шклоўскі раён.
14 верасня 2011 г. Уладзіміра Лобана памілавалі і вызвалілі.
Віталь Мацукевіч 19 снежня 2010 г. прыйшоў на акцыю ў Мінску, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Стаў апошнім фігурантам «справы аб масавых беспарадках», якая пасля яго арышту была закрытая.
Быў затрыманы ў сакавіку 2011 г. пасля допытаў яго знаёмых і сяброў, а таксама на падставе аналізу відэакадраў з Плошчы-2010. Утрымліваўся ў СІЗА на Валадарскага.
12 траўня 2011 г. асуджаны ў судзе Маскоўскага раёна Мінска на 3 гады пазбаўлення волі. Адбываць тэрмін Віталя адправілі ў папраўчую калонію Наваполацка.
13 жніўня 2011 г. выйшаў на волю на падставе памілавання.
Фёдар Мірзаянаў быў затрыманы 19 снежня 2010 г., адбыў адміністрацыйны арышт тэрмінам 15 сутак у следчым ізалятары г. Жодзіна. Аднак ізноў быў арыштаваны 25 студзеня 2011 г., і пасля трох сутак у ізалятары на Акрэсціна яго абвінавацілі ў «масавых беспарадках». Быў пад вартай у СІЗА на Валадарскага ў Мінску.
14 траўня 2011 г. суд Партызанскага раёна Мінска асудзіш Фёдара на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 28 ліпеня этапаваны з «Валадаркі» ў Івацэвіцкую папраўчую калонію «Ваўчыныя норы».
Памілаваны пад ціскам міжнароднай супольнасці. Вызвалены 14 верасня 2011 г.
Зміцер Мядзведзь на плошчы Незалежнасці 19 снежня быў разам са старэйшым сынам, каб быць упэўненым у яго бяспецы. Настойліва прапаноўваў сыну сыйсці. У выніку і ён сам, і яго сын былі затрыманыя ўначы з 19 на 20 снежня і асуджаныя на 10-суткавыя арышты на Акрэсціна.
Пасля адбыцця адміністрацыйнага тэрміну Зміцер Мядзведзь быў паўторна арыштаваны і змешчаны ў мінскі следчы ізалятар у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках.
Асуджаны 10 сакавіка 2011 г. у Маскоўскім райсудзе Мінска на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Адзін з лідараў прэзідэнцкай кампаніі 2010 года Уладзімір Някляеў увечары 19 снежня быў збіты да непрытомнага стану ў цэнтры Мінска па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай патрапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Праз некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спецслужбаў (проста з-пад кропельніцы і ў мароз без вопраткі). Гэтае гвалтоўнае затрыманне было жорсткім: ён не мог хадзіць пасля траўмы, таму яго на коўдры выцягнулі з будынка да машыны. Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле «Масавыя беспарадкі». З моманту збіцця 19 снежня 2010 г. да свайго пераводу пад хатні арышт 29 студзеня 2011 г. перанёс чатыры гіпертанічныя крызы, пры гэтым не меў магчымасці сустрэцца з адвакатам.
30 сакавіка 2011 г. абвінавачанне было перафармуляванае на арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх.
20 траўня 2011 г. ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска Някляева асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
23 ліпеня 2013 г. вызвалены ад далейшага адбыцця пакарання. Суд адбыўся без удзелу ў ім і Някляева, і яго адваката, якіх запрасілі на працэс на 2 дні пазней, 25 ліпеня.
Андрэй Пазняк быў затрыманы 19 снежня 2010 г. на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Але калі пасля навагодніх святаў Андрэй не з’явіўся на працу, аказалася, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы і ўзяты пад варту. Яму прад’явілі абвінавачанне ў масавых беспарадках. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА № 1.
26 траўня 2011 г. ў Ленінскім судзе Мінска асуджаны да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы, якое пазней было замененае на папраўчыя працы з вылічэннем 15 % заробку.
21 лютага 2013 года ўмоўна-датэрмінова вызвалены ад адбыцця пакарання.
Журналіст Андрэй Пачобут асвятляў падзеі ў Мінску 19 снежня, за гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту.
18 сакавіка 2011 г. Гродзенская абласная пракуратура ўзбудзіла справу супраць Андрэя Пачобута за абразу кіраўніка Беларусі. 6 красавіка 2011 г. Андрэй Пачобут быў затрыманы, калі ён накіроўваўся ў Мінск для ўдзелу у тэлемосце з прадстаўнікамі Еўрапарламенту. Першапачаткова быў затрыманы на 72 гадзіны, аднак пазней быў ўзяты пад варту на два месяцы. На працягу ўсяго тэрміну журналіст утрымліваўся ў следчым ізалятары гродзенскай турмы. Супраць яго была ўзбудзілі яшчэ адну крымінальную справу — за паклёп на Лукашэнку.
Суд над журналістам у Гродна праходзіў ў закрытым рэжыме. 5 ліпеня 2011 г. Пачобута асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Суд апраўдаў журналіста па артыкуле «Абраза Прэзідэнта РБ», але прызнаў вінаватым у паклёпе.
21 чэрвеня 2012 г. быў арыштаваны дома ў Гродна, супраць яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Паклёп на Прэзідэнта». Падставай сталі нататкі Андрэя ў блогу і яго артыкулы на сайтах, сёння прызнаных «экстрэмісцкімі».
30 чэрвеня Андрэй Пачобут быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.
15 сакавіка 2013 г. другая крымінальная справа супраць журналіста была закрытая за адсутнасцю складу злачынства.
23 верасня 2013 г. Пачобута вызвалілі ад адбыцця пакарання з адтэрміноўкай па першай справе. Вызваленне адбылося пасля таго, як скончыўся тэрмін двухгадовай адтэрміноўкі.
Чарговы раз Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года дома ў Гродна пасля доўгага ператрусу. Затым Пачобута даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму). Пазней быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму №8. На пачатку траўня 2022 года Андрэя перавялі з СТ №8 у СІЗА-1 на Валадарскага.
Андрэя Пратасеню затрымалі 9 лютага 2011 г. Пад вечар таго самага дня ў Мінску ў доме яго бацькоў прайшоў ператрус, пасля якога Андрэя арыштавалі. Яму прад’явілі абвінавачанне ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках. Пра тое, што гэты чалавек знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ і праходзіць па справе аб масавых беспарадках, стала вядома толькі 16 сакавіка 2011 г.
5 траўня 2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі. Адбываў тэрмін пакарання ў калоніі Бабруйска.
1 верасня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам у ліку некалькіх іншых палітвязняў і вызвалены.
Яўген Сакрэт быў затрыманы 19 снежня пасля акцыі пратэсту ў Мінску, за ўдзел у якой адбыў 10-суткавы арышт. Паўторнае затрыманне адбылося, калі ён выйшаў на волю, 17 студзеня 2011 г. Родныя пачалі шукаць Яўгена, калі ён не прыйшоў начаваць. Праз тры дні ў іх дом прыйшлі сілавікі з ператрусам. Яўгену прад’явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
Утрымліваўся пад вартай у мінскім СІЗА па вул. Валадарскага.
12 траўня 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна Мінска асуджаны на 3 гады зняволення. Тэрмін пакарання адбываў у калоніі № 15 побач з Магілёвам.
Памілаваны Лукашэнкам і вызвалены 11 жніўня 2011 г.
Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты Дзмітрый Ус быў затрыманы ў Мінску ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. пасля масавай акцыі пратэсту. Першыя суткі ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ, але ўдзень 20 снежня быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
Доўгі час з’яўляўся падазраваным па справе аб масавых беспарадках. Дзмітрый Ус заяўляў пра ціск на яго з боку органаў следства з мэтай атрымання абвінаваўчых паказанняў на яго сябра Міколу Статкевіча. У выпадку адмовы даць гэткія паказанні Усу пагражалі турэмным тэрмінам. Ён адмовіўся.
26 траўня 2011 г. у Ленінскім судзе Мінску Дзмітрыя Уса асудзілі да 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі № 19. Вызвалены (на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы аб памілаванні) 1 кастрычніка 2011 г.
2012 год
Сяргей Башарымаў быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА КДБ у Мінску за тое, што ўвесну 2012 г. здаваў кватэру грамадзянам Швецыі, адзін з якіх пазней, ужо ў ліпені, дапамагаў сваім суайчыньнікам скінуць з самалёта над Беларуссю цацкі з заклікамі да свабоды слова.
Пра акцыю з «мядзвежым дэсантам» Башарымаў не ведаў.
Сяргей быў затрыманы ў другой палове дня 6 ліпеня 2012 г. Праз 10 дзён яму было прад’яўлена абвінавачанне ў спрыяньні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Пра ўсё гэта стала вядома са словаў дзяўчыны Сяргея — Ірыны Лагойкі — толькі пасля 10 дзён яго арышту.
Антон Сурапін быў першым журналістам, які размясціў на сваім сайце фотаздымак «плюшавага дэсанту». Хлопца затрымалі 13 ліпеня 2012 года ў мінскай кватэры, у якой пражываў. Папярэдне ў яго быў праведзены ператрус. Журналіста змясцілі ў СІЗА КДБ.
17 жніўня Сяргей Башарымаў і Антон Сурапін былі вызваленыя з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Неўзабаве справу закрылі.
Андрэй Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада 2012 года ў Віцебску — паводле афіцыйнай інфармацыі, нібыта «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы». На працягу амаль 9 месяцаў Гайдукова ўтрымлівалі то ў мінскім следчым ізалятары КДБ, то ў СІЗА КДБ у Віцебску.
Судовыя слуханні па справе Гайдукова праходзілі з 12 чэрвеня 2013 г. у Віцебскім абласным судзе пры зачыненых дзвярах.
Вядома, што першапачаткова Гайдукова абвінавачвалі па двух артыкулах: замах на злачынства і здрада дзяржаве.
1 ліпеня 2013 года Андрэя Гайдукова прызналі вінаватым у спробе ўстанаўлення кантактаў з супрацоўнікам замежнай спецслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве. Андрэй Гайдукоў быў асуджаны на паўтара года калоніі агульнага рэжыму.
2015 год
Падчас акцыі «Чарнобыльскі шлях -2014» у Мінску 26 красавіка Юрый Рубцоў звярнуў на сябе ўвагу яскравай майкай з надпісам «Лукашенко, уходи!». Пасля акцыі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
28 красавіка яго прывезлі ў суд Савецкага раёна Мінска для разгляду адміністрацыйных пратаколаў па артыкулах «дробнае хуліганства» і «непадпарадкаванне законным патрабаванням службовых асобаў». Пры гэтым яшчэ пасля затрымання з Юрыя знялі майку, цэлы дзень трымалі ў судзе з голым торсам, у такім выглядзе яго прывялі і да суддзі, пры гэтым амаль нікога не пусцілі на разгляд справы. У адказ Юрый Рубцоў назваў падобныя судовыя працэсы «судзілішчам», а суддзяў, якія выносяць незаконныя судовыя рашэнні, «падонкамі». У выніку ён атрымаў максімальны тэрмін арышту ў 25 сутак (цягам якіх трымаў галадоўку ў ЦІПе), а пасля была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Абраза суддзі або народнага засядацеля».
6 кастрычніка 2014 года Юрый Рубцоў быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытыга тыпу.
Новая крымінальная справа на Юрыя была заведзеная 18 сакавіка 2015 года па артыкуле «Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Пад варту яго ўзялі 6 красавіка, з 13 красавіка этапавалі ў СІЗА Баранавіч. 8-9 жніўня этапаваны ў калонію №2 у Бабруйск.
На гэтым мы завяршаем цыкл публікацый пра беларускіх палітвязняў да 2020 года, хоць гэты спіс, насамрэч, далёка не поўны. На жаль, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года палітычны пераслед у Беларусі дасягнуў нечуваных дагэтуль маштабаў і не збіраецца спыняцца. Як бачна з гісторыі, трапіць пад яго можа любы, хто думае не так, як таго хочуць улады.
Амаль паўтары тысячы чалавек у Беларусі знаходзяцца за кратамі па палітычных прычынах, на сайце праваабаронцаў ёсць інфармацыя пра 1200 палітвязняў. Памятаць пра іх — наш абавязак. Як мінімум, мы можам падтрымаць гэтых людзей лістамі салідарнасці.