Класкоўскі: Месэдж уладаў можна перафразаваць так: не будзеце ісці на дыялог – пачнем расстрэльваць вашую пятую калону

У Беларусі могуць прызначаць смяротнае пакаранне за замах на тэракт — адпаведныя папраўкі, падпісаныя Лукашэнкам, набудуць сілу з 29 траўня. У прыватнасці, як цвердзіць дзяржпрапаганда, найвышэйшая мера можа быць прымененая па адным з артыкулаў, інкрымінаваных Мікалаю Аўтуховічу. Ды і «тэрарыстычны» спіс КДБ папаўняецца ўсё новымі імёнамі.
Што стаіць за ўзмацненнем рэпрэсіўнага заканадаўства, акрамя жадання рэжыму захаваць уладу і запалохаць грамадзян? Ці толькі для ўнутранага карыстання новыя змены ў Крымінальным кодэксе, альбо пагрозай пашыранага прымянення смяротнага пакарання беларускія ўлады спадзяюцца схіліць Захад да дыялогу? Гэтыя пытанні Філін абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.

— У беларускай рэальнасці гэтыя паняткі — экстрэмізм, тэрарызм — трактуюцца па-вычварэнску скажона, — зазначае аналітык. — Ва ўсім цывілізаваным свеце ў такіх выпадках маецца на ўвазе асабліва адвязаная злачыннасць, якая замахваецца на асновы нармальнага чалавечага, грамадскага жыцця. А ў сённяшняй Беларусі адбываецца абуральная падмена паняццяў, гэты ярлык лепяць найперш палітычным праціўнікам рэжыму.

І калі на Захадзе тэрарыстаў найчасцей уяўляюць як тых, хто трымае пісталет ля скроні закладніка ці накіроўвае захопленыя самалёты на хмарачосы, то ў нас «тэрарыст»— Ціханоўская, якая стала сімвалам мірнага паўстання мас у 2020 годзе.

Згадаем: летась увесну спаймалі чалавека нібыта пры спробе закласці самаробную выбуховую прыладу ў сметніцу на ўскраіне Мінска, у Чыжоўцы. Што само па сабе выклікае іронію: ага, самае прыдатнае месца, каб нанесці максімальны ўрон рэжыму. Але факт у тым, што гэтага чалавека звязалі з Ціханоўскай і іншымі замежнымі цэнтрамі, а яе залічылі ў тэрарысты. Канешне, тут відавочная палітычная замова —любым чынам крыміналізаваць дзейнасць апанентаў рэжыму, дэманізаваць іх.

Разам з тым, адзначае Аляксандр Класкоўскі, распрацоўка паправак, якія пашыраюць ужыванне расстрэльнага артыкула, супала па часе з актывізацыяй так званых рэйкавых партызан. Самі сілавікі сцвярджалі, што на чыгунцы ад пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне было зафіксавана больш як 80 «актаў тэрарызму і сабатажу». І спалох уладаў мог стаць імпульсам для зменаў у заканадаўстве, прынятых у пажарным парадку.

– Пачкамі наўрад ці пачнуць расстрэльваць — гэта было б занадта нават для беларускага рэжыму. Аднак не выключана, што цяпер, калі некага спаймаюць пры спробе дыверсіі (сапраўднай або ўяўнай) на чыгунцы ці нейкім іншым стратэгічна важным аб’екце, то могуць і падвесці пад так званую «вышку».

Дапускаю, што ўлады могуць пайсці на паказальны жорсткі прысуд, каб, з іх гледзішча, адбіць ахвоту дзейнічаць такімі метадамі супраць рэжыму.

Зрэшты, замах на тэракт пры цяперашніх парадках могуць трактаваць як заўгодна шырока. Мо нехта проста выкажацца рэзка ў чаце, а яму выкацяць прад’яву, што, вось, ты збіраўся здзейсніць тэракт, цяпер атрымаеш «вышку». Так што тут найперш разлік на запалохванне, — мяркуе эксперт.

— Наколькі верагодна, што вынясенне такіх прысудаў, напрыклад, у дачыненні да Мікалая Аўтуховіча, можа быць выкарыстана для палітычных гульняў з Захадам, каб там жахнуліся і пайшлі на дыялог?

— Што тычыцца канкрэтна Аўтуховіча, то незалежныя юрысты ўсё ж мяркуюць, што да яго нельга ўжываць новы закон, бо ягоныя дзеянні адбываліся раней, тут дзейнічае старажытны прынцып — закон зваротнай сілы не мае. Мяркую, што да яго наўрад ці ўжывуць гэты артыкул.

Але сёння мы жывем у такой фантасмагарычнай рэальнасці, якая пераўзыходзіць фантазіі таго ж Оруэла. Таму на сто адсоткаў выключаць, што заўтра будзе прыняты закон, які будзе даваць зваротную сілу нейкім іншым законам, я б не стаў.

Рэаліі такія: і беларускі, і расійскі рэжым ідуць шляхам таталітарызацыі. Тое, што сёння здаецца немагчымым, заўтра можа адбыцца, і ў гэтым плане Оруэл нервова курыць убаку.

Ці з’яўляецца прыняцце гэтага закона нейкай часткай гульні з Захадам ці супраць Захаду? Факт тое, што крыўда на Захад у беларускага кіраўніцтва ёсць. Бо ўсе месэджы Лукашэнкі пра тое, які ён голуб міру, на сённяшні дзень праігнараваныя. І нашумелы ліст міністра замежных спраў Макея у Еўропу тамтэйшыя дыпламаты, відаць, злілі ў медыі, каб паказаць, што не хочуць распачынаць закулісны торг.

Таму тут можа ў пэўнай ступені дзейнічаць логіка помсты: ах, вы не хочаце з намі гаварыць, дык мы будзем яшчэ горшыя — enfant terrible, як кажуць французы.

Памятаеце, яшчэ летась Макей казаў Захаду: калі працягнеце душыць нас санкцыямі, будзе знішчана грамадзянская супольнасць. Толькі цяпер гэта перайшло на новую стадыю, і месэдж можна перафразаваць як «не будзеце ісці з намі на дыялог — пачнем расстрэльваць вашую пятую калону».

Падобны шантаж, зрэшты, наўрад ці падштурхне Захад да дыялогу. Звыш таго, ад пачатку вайны ва Украіне менавіта тэма агрэсіі, яе жахлівых наступстваў найперш займае розумы заходніх палітыкаў і грамадства, і на фоне гібелі тысяч мірных жыхароў ва Украіне новыя рашэнні беларускіх уладаў пройдуць амаль незаўважанымі.

І ўвогуле, упэўнены аналітык, першаснае для рэжыму — нагнаць страху на ўласнае грамадства, псіхалагічна напружыць лідараў палітычнага пратэсту.

— Хоць яны моцныя, але ўсе жывыя людзі, і нават за мяжой ад такіх навінаў некаторым будзе не вельмі ўтульна. Зноў жа, днямі споўніцца гадавіна прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, калі Мінск паказаў, што ў яго доўгія рукі, — нагадвае Аляксандр Класкоўскі. —Для Лукашэнкі з самага пачатку кіравання страх быў адным з інструментаў захавання ўлады.

А пасля падзей 2020 года, калі высветлілася, што велізарная частка грамадства супраць яго, гвалт і страх для правадыра рэжыму сталі ці не адзінымі інструментамі.

Можна згадаць адлігу 2009–2010 гадоў (пастфактум Лукашэнка казаў, што яго нават ванітавала ад гэтай дэмакратыі) — тады на выбарах было 10 кандыдатаў у прэзідэнты, але ўсё гэта скончылася разгонам Плошчы і рэпрэсіямі. Потым была адліга 2015–2019 гадоў, нават з так званай мяккай беларусізацыяй.

А ў 2020-м, думаю, ён атрымаў такі псіхалагічны ўдар, такую траўму, што ўжо не здольны пачаць гульню нават у адносную лібералізацыю, каб не выпусціць джына з пляшкі. Застаецца толькі наганяць страху і закручваць гайкі.

— Але ж ёсць рызыка дасягнуць адваротнага эфекту і сарваць разьбу…

— Безумоўна, гэта вельмі кепскі, заганны і тупіковы з гістарычнага гледзішча шлях, які рана ці позна сапраўды прывядзе да нейкага выбуху. Можа, з-за рэзкага пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ці з-за таго, што Расія пацерпіць паразу ў вайне, пачне крышыцца пуцінскі рэжым, і гэта таксама адчыніць акно магчымасцяў для перамен у Беларусі. Тут могуць спрацаваць розныя чыннікі, і магчыма, нават хутчэй, чым мы думаем.

Але, па-першае, у Лукашэнкі няма практычнай альтэрнатывы. У яго такі менталітэт, што праблемы трэба вырашаць сілавым метадам, тонкіх метадаў ён проста не ведае.

І нават сваіх сілавікоў, якія не спыняюць канвеер рэпрэсій, ён увесь час тузае за нібыта слабую барацьбу супраць экстрэмізму. Ён нервуецца, бо разумее: як ні махай дручком, мазгі людзям не пераробіш, і настроі 2020 года нікуды не сышлі.

А па-другое, кладучы руку на сэрца, і гісторыя кіравання Лукашэнкі, і досвед іншых жорсткіх рэжымаў паказваюць, што можна даволі доўга трымаць грамадства ў падпарадкаванні і страху.

У Паўночнай Карэі людзі ядуць траву, але публічна стаяць навыцяжку і ўслаўляюць рэжым, бо калі ты будзеш слаба пляскаць у далоні, могуць і расстраляць.

Канешне, у нас іншыя рэаліі і наўпроставыя паралелі цяжка праводзіць. Але Лукашэнка ўжо шмат гадоў трымаецца і паказвае, што нават у цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі страх можа быць дастаткова эфектыўным інструментам утрымання ўлады на нейкі час.

На які час — адказ на гэтае пытанне дасць гісторыя, і ў прыватнасці тыя падзеі, якія разгортваюцца ў нашым рэгіёне. Вайна ва Украіне можа многае памяняць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: