Віталь Цыганкоў: Усё можа абмежавацца толькі дэманстрацыяй сілы і гатоўнасці яе прымяніць

Адным з самых праблемных і супярэчлівых пытанняў на канферэнцыі «Новая Беларусь» было пытанне аб «сілавым блоку» у камандзе Святланы Ціханоўскай. Гэты блок усё ж узнік. Але пакуль што перспектывы яго дзейнасці не вельмі ўяўныя.

b8b530bfa39d6b31f359eacb97527499_1.jpg


Журналіст Віталь Цыганкоў у сваім тэлеграм-канале паразважаў пра перспектыву «сілавога варыянту» супраць рэжыму Лукашэнкі.

1. Па-першае, уражвае, як хутка размовы пра яго сталі фактычна мэйнстрымам. Яшчэ паўгода таму любога, хто толькі заікаўся на гэтую тэму, маглі запісаць у правакатары і неадэкваты. Натуральна, што галоўны зрух адбыўся і таму, што «два гады прайшло, а дзе вынікі», і таму што «мы паспрабавалі па-добраму, па мірнаму, — не атрымалася. Давайце паспрабуем па-іншаму» і таму, што вайна.

2. Важна паўтарыць тое, што было сказана на канферэнцыі. «Сілавы варыянт» — гэта зусім не абавязкова рэкі крыві і грамадзянская вайна. Гэта для прапаганды. Усё можа абмежавацца толькі дэманстрацыяй сілы і гатоўнасці яе прымяніць.


3. Наконт ахвяраў. Калі б рэжым спыніў свае рэпрэсіі, напрыклад, зімой 2020-21-га, і пачаў бы традыцыйны для сябе варыянт «разгром-адліга», то мала ў каго б узнікалі думкі пра «сілавы варыянт». А так людзі задаюцца лагічным пытаннем: «Мы ўзорна мірна сябе паводзілі — нас за гэта саджаюць. Які сэнс узорна мірна паводзіць?» І так, гэта ад адчаю, у тым ліку.

4. Калі мудрыя аналітыкі кажуць пра нерэалістычнасць «сілавога варыянта» з міжнароднага гледзішча — то з усім можна пагадзіцца, з адной агаворкай — «на сённяшні дзень». Бо сітуацыя можа памяняцца ў любы момант.

Адзін прыклад.

Калі Масква ўсё ж прымусіць Лукашэнку ўвесці войскі ў вайну супраць Украіны — як тады будзе выглядаць рэалістычнасць і прывабнасць «сілавога варыянта» для суседзяў Беларусі? Падазраю, што пры такім развіцці падзеяў гэта можа стаць для іх галоўным і ці не адзіным варыянтам.

Яны самі прыйдуць да Азарава і Сахашчыка і будуць пытацца: «Гаварыце, чаго не хапае палку Каліноўскага?»