Хто яны — тыя сілавікі, якія перайшлі на бок народу?

Партал «М*дыязона» расказвае, як склаліся лёсы супрацоўнікаў сілавых органаў, якія падтрымалі беларускі пратэст.

cihi_supraciu._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas6_logo.jpg


У артыкуле сабраныя гісторыі сілавікоў з розных рэгіёнаў. Там ёсць былы гродзенскі ДАІшнік, капітан міліцыі з Наваполацка, маёр з Іўя і нават былы «губазавец». Прыводзім вытрымкі з іх гісторый.
Кірыл Бубноў працаваў у ДАІ, але вымушаны быў назіраць за выбарамі. На яго ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская, але афіцыйныя вынікі былі іншымі. У тую ж ноч Бубнова адправілі перакрываць дарогі ў Гродне. Пасля таго, як у краіне з'явіўся інтэрнэт і стала вядома, што адбывалася ў Мінску і іншых гарадах, з Кірылам здарыўся гіпертанічны крыз, ён трапіў у лякарню.
Рапарт аб звальненні Бубноў падаў 17 жніўня — сказаў, што сыходзіць па стане здароўя. Ён мяркуе, што начальства ведала аб рэальнай прычыне такога рашэння.
«Начальнік ДАІ спытаў: "Дакладна па стане здароўя?" Мяне загадзя пазбавілі прэміі. Як толькі я аддаў рапарт, мне адразу ж сказалі, каб я аддаў жэтон і пасведчанне, хоць гэта няправільна. Рапарт абавязаны ўзгадніць, і толькі пасля гэтага павінна быць звальненне», — расказвае ён. Пасля звальнення Бубноў выходзіў на пратэсты, хаця сцвярджае, што рабіў гэта з 2011 года — з моманту, калі судзілі журналіста Анджэя Пачобута.
Як кажа была ДАІшнік, бывала, што пратэсты разганялі з сабакамі, даводзілася ўцякаць ад АМАПаўцаў. Пасля таго, як яго «папярэдзілі», ён з'ехаў у Польшчу.
«Я не герой, мне страшна. Героі — гэта нашы людзі, якія сядзяць у турмах і пацярпелі ад дзеянняў рэжыму. Я баюся сесці ў турму і баюся, што ў турму пасадзяць маіх блізкіх», — прызнаецца Бубноў.
Цяпер ён жыве ў Гданьску, працуе таксоўцам і вывучае JavaScript.
З'ехаў за мяжу і былы капітан міліцыі Ягор Емяльянаў. Ён адмовіўся ўдзельнічаць у разгонах на вуліцах Наваполацка, хацеў звольніцца, але начальства не дазваляла. Емяльянаў пакінуў службовае пасведчанне на працоўным стале. Ціску як такога не было, кажа былы міліцыянт, — да таго моманту, пакуль ён не даў інтэрв'ю тэлеканалу «Б*лсат». Пасля гэтага з Акрэсціна ён не выходзіў 33 дні, але на гэтым ціск не скончыўся: у яго здымнай кватэры прайшоў ператрус і ўжо была заведзеная новая крымінальная справа. Емяльянаў па лясах і балотах уцякаў ва Украіну, дзе яго чакала сям'я.
Потым яны папрасілі палітычнага прытулку ў Германіі.
«Дзеці ходзяць у школу, у садок. Усё добра. Жонка таксама на курсы хутка пойдзе. Увогуле, з’явіўся, вядома, спакой нейкі і цікавасць да жыцця. Праўда, падзеі і ў краіне, і ў суседніх дзяржавах па-ранейшаму не даюць спакойна жыць», — кажа Ягор Емяльянаў.
20 гадоў жыцця аддаў працы ў органах маёр міліцыі Сяргей Курачкін. Ён расказвае, што яшчэ да выбараў ад іх патрабавалі галасаваць за Лукашэнку. У ноч з 9 на 10 жніўня іўеўскіх міліцыянтаў бралі на разгон у Лідзе, але Курачкін, паводле яго слоў, заставаўся ў «дзяжурцы». Праз некалькі дзён, 12 жніўня, у Лідзе ён пабачыў шмат збітых і расфарбаваных балончыкам людзей.
«Ніхто нікога не шкадаваў. Гэта было 10-11 [жніўня], калі з іншых РАУСаў даслалі супрацоўнікаў для падтрымкі, бо людзі не супакоіліся. Прыйшлі міліцыянты, ПВК, назавём іх. Яны ўжо бясчынствавалі ў Лідзе і проста збівалі людзей і пакавалі», — кажа ён.
У Мінску ў гэтыя дні быў затрыманы стрыечны брат Сяргея, а ў жонкі здарыўся нервовы зрыў. Ён запісаў відэазварот супраць гвалту і звольніўся з працы. Неўзабаве Курачкін з сям'ёй з'ехаў у Польшчу. На яго заведзеная справа за «акт тэрарызму», КДБ унёс былога міліцыянта ў «Тэрарыстычны спіс».
У гэтым жа спісе ёсць і былы супрацоўнік ГУБАЗіКа Станіслаў Лупаносаў, у чые службовыя абавязкі ўваходзіла карупцыя ў медыцыне. У першыя ж дні пасля пераводу ў гэтае ўпраўленне, гаворыць Лупаносаў, пачалася «апрацоўка»:
«У кабінеце знаходзіўся Бедункевіч. Ён увесь час маўчаў, а Карпянкоў прамову выдаваў. Казаў, што Расія — вялікая краіна, Пуцін — вялікі лідар. У свеце больш няма такіх лідараў, як Лукашэнка, Пуцін, Трамп».
9 жніўня Станіслаў Лупаносаў разам з іншымі супрацоўнікамі правяраў машыны на ўездзе ў Мінск з брэсцкага кірунку. Паводле яго слоў, яны не затрымалі тады ні аднаго чалавека. Ён гаворыць, што ўвогуле практычна не працаваў з карупцыяй у медыцыне, а павінен быў праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненні да «людзей, не звязаных з эканомікай».
Былы «губазавец» кажа, што не браў удзел у рэпрэсіях. Паводле яго слоў, ён мае дачыненне да гучных «зліваў» даных сілавікоў.
Пасля забойства Рамана Бандарэнкі Лупаносаў з'ехаў з краіны — нібыта на адпачынак ва Украіну, адкуль не вярнуўся. Каля пяці разоў у яго бацькоў праходзілі ператрусы, а брата адправілі на 2,5 гады «хіміі».
«Брату казалі, што яго затрымалі праз мяне. 10 месяцаў прайшло з моманту затрымання да вынясення прысуду. Гэта сведчыць пра тое, што яны не ведалі, што яму прышыць. Вось у выніку прышылі нейкую "шляпу". Гэта цалкам палітычная справа», — упэўнены былы сілавік.
На яго самога заведзена дзве крымінальныя справы — у тым ліку за акт тэрарызму.
Але гэта толькі чатыры гісторыі. Насамрэч іх нашмат больш. Многія з былых сілавікоў зараз за кратамі, шмат хто з'ехаў.
«Наогул катастрофа зараз у сістэме МУС, мы ж атрымліваем сігналы знутры. Людзі, у якіх ёсць выслуга, імкнуцца пад любой падставай не працягваць кантракт. Магчымасцю закасіць па хваробе ўсе вельмі класна карыстаюцца», — кажа Станіслаў Лупаносаў.