Gloria victis — Трыумф пераможаных. Два гады пасля 9 жніўня 2020-га

Беларусы вярнуліся да свайго прыроднага стану: татальнага ўзаемнага недаверу. Візуальна гэта суправаджаецца карцінкай максімальнай стыгматызацыі ўсяго беларускага. Беларусь = пакута. Застацца ў краіне стала формай барацьбы і пазіцыяй, разважае Алесь Кіркевіч на «Будзьме»

Карціна Вольгі Якубоўскай «Я выхожу!»

Карціна Вольгі Якубоўскай «Я выхожу!»

Два гады мінула пасля падзеяў 9 жніўня 2020-га ў Беларусі. Алесь Кіркевіч напісаў эсэ з гэтай нагоды, у якім яскрава малюе карціну таго, што зараз адбываецца ў нашым грамадстве, праводзіць гістарычныя паралелі ды спрабуе адказаць на адвечныя пытанні, у чым сэнс і калі будзе месца подзвігу.

Карціна Вольгі Якубоўскай «Я выхожу!»

Карціна Вольгі Якубоўскай «Я выхожу!»

Едзем днямі па Беластоку. Слухаем радыё. Беларускае. Там жаночы голас кіраўніцы нейкага фонду па-расійску распавядае пра новы праект: «Встречи женщин. Арт-терапия. Психологическая терапия. Чтобы быть вместе. Приходите, будет очень интересно!..»

Пасля гэтага «будет очень интересно», сказанага без аніякай іроніі, усе ў нашым аўто дружна зарагаталі. Я таксама. Прадстаўніца фонду, які некаму дапамагае, рэабілітуе і гуртуе, размаўляе фразамі таго, з-за каго ёсць патрэба рэабілітаваць, дапамагаць, гуртаваць. Кола замкнулася. Змяя ўкусіла сябе за хвост.

Падобных ініцыятываў, якія дапамагаюць, гуртуюць і рэабілітуюць, бездань. Усе яны недзе па-за Беларуссю. Іх кіраўнікі часта ненавідзяць адно аднаго. Падазраюць у крадзяжах, агентурнай працы, няшчырасці. Іх удзельнікі падазраюць у тым самым кіраўнікоў канкуруючых ініцыятываў і трошку сваіх уласных. Фэйсбук падазрае ўсіх ва ўсім.

Беларусы вярнуліся да свайго прыроднага стану: татальнага ўзаемнага недаверу.

Візуальна гэта суправаджаецца карцінкай максімальнай стыгматызацыі ўсяго беларускага. Беларусь = пакута. На арт-выставах, у кліпах і кіно. Эстэтыка белага-прыгожага-чыстага на пару з чорным-потным-злым, спавітым калючым дротам з дубінкай у руцэ. Анёл і яго цень: істота ў чорным, якая берцамі топча сцяг. «Вось сымбаль твой, забыты краю родны!».

Карціна «Пад небам Беларусі». Фота: cemra.art

Карціна «Пад небам Беларусі». Фота: cemra.art

Ці не ўпершыню за гісторыю незалежнай Беларусі застацца ў краіне стала формай барацьбы і пазіцыяй. Прынамсі, у рэальнасці тых, хто застаўся. Хаваць сцяг у падвале, падпісвацца і аператыўна выпісвацца з каналаў, размаўляць на мове. У тых, хто застаўся, апроч рэжыму з’явіўся яшчэ адзін вораг — тыя, хто з’ехаў. І не кажыце, што гэта фантазіі. Сам быў, бачыў.

Ці не ўпершыню за гісторыю незалежнай Беларусі з’ехаць з краіны стала формай барацьбы і пазіцыяй. Прынамсі, у рэальнасці тых, хто з’ехаў. Хадзіць на бяспечныя мітынгі, падпісвацца і пісаць у каналах, размаўляць на мове. У тых, хто з’ехаў, апроч рэжыму таксама ёсць вораг: тыя, хто застаўся. І не кажыце, што гэта фантазіі. Сам быў, бачыў.

«Халадок» паміж тымі, хто з’ехаў і хто застаўся, нікуды не знікне нават у будучыні. Нават пры самых аптымістычных раскладах. «Чаму ты з’ехаў?»/ «А чаму ты не з’ехаў?»/ «А колькі табе заплацілі?» / «А хто цябе завербаваў?» / «Добра вам там, у бяспецы…» / «Добра вам там… у родным доме». Не трэба пра тое, што мы радасна некалі сустрэнемся і пачнем з усмешкай будаваць беларускі дом.

А яшчэ ёсць катэгорыя, якую ненавідзяць і тыя, і іншыя. Па той і па гэты бок. І гэта не «аліўкі» з «чорнымі». Гэта тыя, хто кажа, што ўсё было дарэмна. Бо любая гісторыя павінна мець сэнс, праўда? Калі яго няма — варта прыдумаць. Як мараль да казкі. Хто лепш прыдумае, у таго і казка цікавейшая.

А яшчэ ёсць тысячы вязняў. Хто сёння скажа наўскідку, колькі? Хто на памяць агучыць хаця б паўсотні імёнаў? «О, Вася, а я думаў, яго пасадзілі. Ужо выйшаў?.. Хм. Дзіўна».

Пасадзілі — не дзіўна. Не пасадзілі — дзіўна. Так і жывем. У нармальных краінах перад знаёмымі апраўдваюцца людзі, якіх за нешта садзяць. У нашай гісторыі — тыя, каго не садзяць.

 Карціна «Анёл Смутку». Фота: cemra.art

 Карціна «Анёл Смутку». Фота: cemra.art

Раней, калі цябе садзілі за палітыку, ты быў упэўнены, што вернешся раней тэрміну. Будзеш чытаць пра сябе ў газетах, атрымліваць лісты і думаць пра лепшае заўтра. Зараз, калі цябе садзяць за палітыку, лепш наогул не думаць. Лепш рэагаваць. І своечасова закрываць жыццёва важныя органы рукамі. І ведаць, што вернешся няхутка. Калі наагул вернешся. Жывым.

А яшчэ ёсць усе мы, і па той, і па гэты бок мяжы, хто спрабуе неяк жыць. Гадаваць дзяцей. Любіць. Рабіць рамонты і адкладаць грошы. Але хутчэй па інерцыі. Навошта ў Беларусі адкладаць грошы, калі заўтра іх могуць забраць? Навошта гадаваць па-беларуску дзяцей у Польшчы? Навошта ствараць ці захоўваць сям'ю, калі твой свет складаецца з татальных «навошта?».

Welcome Фота: www.instagram.com/vovatsesler

Welcome Фота: www.instagram.com/vovatsesler

«Жыву адным днём. Сотку «балантайнса» будзеш? — кажа сябар, — Ну, а што?». У Беларусі на яго і жонку крыміналка, а дом, які ён будаваў апошнія 10 год, укладаючы туды ўсе грошы (сума з пяццю нулямі), ды так і не паспеў заехаць, застаўся на «нічыёй зямлі». На іхнай зямлі. На роднай, не сваёй зямлі. Праўда, ну, а што?

Мы наўрад ці даведаемся, што адчувалі паўстанцы 1863-га пасля паразы. Злосць. Нянавісць. Скруху. Адчай. Рэлігійны экстаз. Усё гэта прыйшло на змену трыумфу, натхнёнасці і гонару на самым пачатку. І вярнулася да трыумфу, натхнёнасці і гонару роўна тады, калі апошнія сведкі падзеяў адышлі ў нябыт. У гісторыі так бывае. Амаль заўжды.

Яшчэ ў верасні 2020-га сябар-гісторык так і казаў: «З асабістага пункту гледжання ўсё, што адбываецца — гэта п*****ц. Але з гістарычнага — трыумф». Трыумф пераможаных. Добрая траціна польскай гісторыі складаецца з няўдалых паўстанняў. І што? Імёнамі тых паўстанцаў названыя вуліцы і плошчы. І ніхто не ўзгадвае, ці было тое паўстанне інспіраванае французамі. Ці было яно своечасовым. Ці мела сэнс. Варта было толькі дачакацца, пакуль асабістыя перажыванні стануць гісторыяй. Пакуль хто-небудзь гэтую гісторыю напіша.

Новая карціна Вольгі Якубоўскай «Счэпка» з нагоды 2 год пасля падзеяў 2020

Новая карціна Вольгі Якубоўскай «Счэпка» з нагоды 2 год пасля падзеяў 2020

У турме кажуць: «Не думай, за што сядзіш. Думай, для чаго». У нашым выпадку гэтае «для чаго», з вялікай верагоднасцю, сфармулюе нехта іншы. Калі тыя, хто разважаў над пытаннем «за што?», знікнуць з далягляду. У жыцці мае быць месца для подзвігу. Але подзвіг стане подзвігам толькі тады, калі гэтае месца зарасце палыном. Там будзе ляжаць камень з надпісам Gloria victis. Над ім будуць прабягаць абыякавыя веснавыя аблокі, а небу, якое бачыла ўжо тысячы падобных гісторый, будзе абсалютна ўсё роўна.



Алесь Кіркевіч, budzma.org