Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні пераходнага кабінета. У яго ўвайшоў падпалкоўнік ПДВ Сахашчык
Напрыканцы канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіла ў Вільні 8 і 9 жніўня, Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета.
«Я прыняла рашэнне стварыць Аб'яднаны пераходны
кабінет — калектыўны выканаўчы орган, які будзе кожны дзень працаваць на галоўныя
мэты:
абараняць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь,
прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ажыццяўляць фактычную дэакупацыю
Беларусі;
аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак;
распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненні незаконнага
ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць
умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў;
распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для
дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
У выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні», — сказала Святлана Ціханоўская.
У кабінет Ціханоўскай увайшлі кіраўнік НАУ Павел Латушка (прадстаўнік па транзіце улады), чалец B*POL Аляксандр Азараў (прадстаўнік па аднаўленні правапарадку), супрацоўнік Офіса і былы дыпламат Валерый Кавалеўскі (прадстаўнік па замежных справах) і падпалкоўнік ПДВ у адстаўцы Валерый Сахашчык (прадстаўнік абароны і нацыянальнай бяспекі).
«Зараз гэта наша агульная каманда. У выпадку маёй адсутнасці
маімі намеснікамі будуць Павел Латушка і Валерый Кавалеўскі. Таксама ў кабінеце
павінны з'явіцца прадстаўнікі па сацыяльнай палітыцы, па эканоміцы і фінансах,
па нацыянальным адраджэнні. Кабінет можа і будзе пашырацца», — падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Валерый Сахашчык — найбольш інтрыгуючая і новая фігура ў шэрагах беларускіх дэмакратычных сіл.
Ён стаў вядомы сваім зваротам да беларускіх вайскоўцаў пасля пачатку вайны ва Украіне.
Сахашчык — былы камандзір брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады, заснавальнік руху «Чорны арол». Лічыцца, ён карыстаецца аўтарытэтам сярод беларускіх вайскоўцаў. Пасля сыходу ў адстаўку падпалкоўнік Паветрана-дэсантных войск жыве ў Польшчы.