Навошта Святлана Ціханоўская склікала канферэнцыю ў Вільні?

Адказы на запыты грамадства — так вынікі віленскай канферэнцыі ацэньвае палітолаг Валерый Карбалевіч. І прызначэнне міністра абароны — гэта адказ на запыт палітызаванай публікі, якая радыкалізавалася і мае спадзяванні на сілавое вырашэнне беларускага канфлікту. Але Ціханоўская застаецца галоўнай фігурай апазіцыі з вялізнымі паўнамоцтвамі.

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

«Ёсць розныя адказы на пытанне: навошта Святлана Ціханоўская склікала канферэнцыю ў Вільні 8–9 жніўня. Відавочна, найперш гэта была спроба задаволіць попыт апазіцыйнага электарату. Ціханоўская абвясціла перамены ў сваёй дзейнасці, стварыла новую структуру — Аб'яднаны пераходны кабінет»,— разважае на «Свабодзе» Валерый Карбалевіч.

«Многія ў сацыяльных сетках, а таксама некаторыя выступоўцы на гэтым форуме казалі, што трэба нарэшце сабрацца, каб супольна выпрацаваць стратэгію, план перамогі. Павел Латушка казаў пра «гістарычныя рашэнні», якія павінна прыняць канферэнцыя.

У пэўным сэнсе канферэнцыя стала адказам на запыт апазіцыйнага электарату. Было шмат прэтэнзій на адрас Офіса Ціханоўскай. Маўляў, варта нешта рабіць, дзейнічаць больш рашуча, ладзіць нейкія перамены ў палітыцы. Ну вось сама канферэнцыя, стварэнне новай структуры — Аб'яднанага пераходнага кабінету — стала спосабам задавальнення гэтага попыту.

Відавочна, вялікая нарада ў Вільні стала адказам на прэтэнзіі з боку Валера Цапкалы і ягоных паплечнікаў, іншых крытыкаў Ціханоўскай. На канферэнцыі шмат гаварылася пра адзінства апазіцыі. Была нават сфармулявана задача з дапамогай гэтага форуму спыніць канфлікты і разлад. І дзеля гэтага, маўляў, якраз і трэба стварыць новыя структуры.


На мой погляд, сама задача спыніць канфлікты нерэальная ў прынцыпе. Бо ў жывым палітычным працэсе без канфліктаў не бывае, палітыка — гэта канфліктная сфера паводле вызначэння. Хутчэй, варта ставіць задачу стварэння механізму легальнага, легітымнага вырашэння канфліктаў і пошуку кампрамісу. Менавіта гэтую ролю і павінен выканаць Аб'яднаны пераходны кабінет (АПК). У яго ў якасці намесніка Ціханоўскай уключаны Павел Латушка. Магчыма, такім чынам ён задаволіць свае палітычныя амбіцыі. Часткова ў гэтым і палягае сэнс і змест цяперашняй канферэнцыі.

Праўда, поўнага аб'яднання дасягнуць не ўдалося. Каманда мужа і жонкі Цапкалаў не далучылася да Святланы Ціханоўскай, а значыць, аказалася па-за межамі апазіцыйнага мэйнстрыму.

Ціханоўская ў заключным слове абвясціла пра стварэнне АПК. З яе выступу вынікае, што кабінет узначальвае яна. І менавіта Святлана прызначае чальцоў ураду. Ва ўсялякім разе, да таго часу, пакуль не пачне працаваць Каардынацыйная Рада. А значыць, у любы момант можа любога ўрадоўца вызваліць ад пасады. То бок Ціханоўская застаецца галоўнай фігурай апазіцыі з вялізнымі паўнамоцтвамі. Гэтая мадэль у нечым нагадвае амерыканскую сістэму дзяржаўнага кіравання, дзе прэзідэнт — адначасова і кіраўнік ураду.


Вялікі рэзананс на канферэнцыі выклікала прызначэнне адказным за абарону былога вайскоўца Валерыя Сахашчыка. Былі бурныя воплескі, доўгі выступ самога Сахашчыка. Гэта быў адказ яшчэ на адзін запыт палітызаванай публікі, якая радыкалізавалася і мае спадзяванні на сілавое вырашэнне беларускага канфлікту. І дарэчы, першая панэль была прысвечаная якраз гэтай тэме. Калі ёсць запыт, то вось вам адказ — прызначэнне міністра абароны кабінету. Якое ўжо там войска зможа ён арганізаваць — гэта іншае пытанне. Але Офіс Ціханоўскай рэагуе на запыты. Можа, у гэтым і палягае сэнс дэмакратычнай палітыкі».