Хто такі падпалкоўнік Валерый Сахашчык, які ўвайшоў у кабінет Ціханоўскай
Былы камандзір найбольшай дэсантнай брыгады, бацька трох сыноў, адзін з якіх — дзейны афіцэр, а ў мірным жыцці — стваральнік кампаніі з 900 работнікамі, піша «Н*ша Ніва».
Валерый Сахашчык нарадзіўся ў Гошаве Драгічынскага раёна ў
1964 годзе ў сям'і работнікаў калгаса.
Гошава — гэта не Палессе, а такі раён, які некалі называлі
Загароддзе. Багатая, урадлівая раўніна. Побач з Гошавым — такія старажытныя, з
традыцыямі, мястэчкі і колішнія гарады, як Здзітаў, Хомск, Жабер, Опаль.
Калі Сахашчыку было 7 гадоў, сям'я перабралася ў Драгічын, дзе ён
пайшоў у школу №3, якую скончыў з залатым медалём. У тыя гады медалі ў раённых
школах былі рэдкасцю, яны даставаліся толькі тым, хто сапраўды вылучаўся
ведамі.
Ніякіх неардынарных падзей з хлопцам у дзяцінстве не
здаралася: ён жыў жыццём звычайнага падлетка з простай сям'і, добра вучыўся, і
бацькам здавалася, што іх малы зможа зрабіць сабе добрую кар'еру ў якой-небудзь
прэстыжнай сферы. Бацькі хацелі, каб ён паступаў у Маскву, у МГУ.
Але выйшла іначай. Вялікі ўплыў на лёс юнага Сахашчыка
аказалі савецкія фільмы пра дэсантнікаў, ён натхніўся ваеннай рамантыкай і
захацеў быць афіцэрам.
«Сімпатычныя мне гістарычныя фігуры — стваральнік і
шматгадовы кіраўнік савецкіх дэсантных войскаў Маргелаў, а таксама Ягайла.
Ягайла павярнуў ход гісторыі ў нашых краях. У цэлым я фанат сусветнай гісторыі
і гісторыі Беларусі, Вялікага Княства Літоўскага. Усё жыццё купляю і чытаю
кнігі. І не толькі па гісторыі», — кажа Сахашчык.
Найлепшае дэсантнае вучылішча ў СССР, як лічылася, было ў
Разані. Але яго туды не ўзялі — не прайшоў па росце, бо дарос да сваіх
цяперашніх 176 толькі курсантам, а на момант сканчэння школы недацягваў да
патрэбных 170.
Таму хлопец у пагоні за марай пайшоў у абыход — паступіў у
Маскоўскае агульнавайсковае вучылішча з разлікам, каб адвучыцца там, а потым
усё адно пайсці служыць у дэсант.
Маскоўская агульнавайсковая вучэльня таксама лічылася
элітнай — да 1939 года яе корпусы ўвогуле стаялі ў Крамлі.
«Там была добрая база, якасная школа, выдатны склад
выкладчыкаў. Вучыцца было няпроста, але якасць падрыхтоўкі я ацаніў на зборах
лейтэнантаў ужо пасля выпуску, калі ўбачыў, што мой узровень значна
адрозніваецца ад выпускнікоў іншых вайсковых універсітэтаў», — сказаў
журналісту Сахашчык у кулуарах.
Пасля заканчэння лейтэнант Сахашчык трапіў служыць, як і
хацеў, у дэсантную брыгаду. З 1985-га тры гады служыў у Забайкальскай вайсковай
акрузе, потым — у Германіі.
З вывадам савецкіх войскаў трапіў на радзіму, у Брэсцкую
дэсантную брыгаду. І служыў там з 1992 па верасень 2002. Апошнія чатыры гады —
кіраваў.
Сахашчык — стваральнік сістэмы ацэнкі дэсантнікаў «Чорны
арол». Гэта, калі груба, аналаг крапавага берэта ў спецназе.
«НН» гаварыла з афіцэрамі, яны лічаць, што Сахашчыка
з войска, фактычна, «сышлі», што ён не рэалізаваў свой патэнцыял.
Сахашчыка выжыў з арміі тагачасны начальнік генеральнага
штаба Гурулёў. Сам Сахашчык не любіць расказваць падрабязнасці гэтай гісторыі і
адмовіўся штосьці казаць пра гэта.
Але дэталі вядомыя ад іншых суразмоўцаў у войсках.
У тыя часы паскоранымі тэмпамі адбывалася скарачэнне ваенных
часцей у Брэсце, якія дасталіся ў спадчыну ад СССР і ў якіх не было патрэбы.
Ліквідацыя прадугледжвала і спісанне вялікай колькасці матэрыяльных
каштоўнасцяў, транспарту, нерухомасці.
Вакол гэтых працэсаў пасвіліся рознага роду хабарнікі і
дзялкі. І некаторыя людзі наверсе лічылі, што прынцыповы Сахашчык, кіраўнік
цэлай брыгады, самай вялікай, на той момант, дэсантнай адзінкі ў краіне, будзе
блытацца пад нагамі і наробіць праблем.
Яму прапанавалі пайсці служыць у Генштаб, але дэсантнік
адмовіўся ад кабінетнай работы і сышоў.
У выніку на брэсцкую брыгаду паставілі Вадзіма Дзенісенку
(на дадзены момант — кіраўнік ССА), які прыйшоў кіраваць дэсантнай брыгадай, ні
разу ў жыцці не скакаўшы з парашутам.
«Армія — зрэз грамадства. Што, ёсць інстытут дзяржавы, дзе ў
2020-м кіраўнікі праявілі характар, грамадзянскую спеласць, гатоўнасць да
самаахвяравання? У нас цягам 20 з лішкам год такім чынам адбывалася селекцыя
кіруючых кадраў, каб гэтыя паняцці ў іх душах не рэзаніравалі», — сказаў
Сахашчык у адказ на філасофскае пытанне, чаму ў 2020-м войска не абараніла
выбар народа.
Пасля войска Сахашчык пайшоў у вытворчасць.
Тады ў Брэсце адкрываўся «Інкафуд» — брэнд, які цяпер знаёмы
многім. У Сахашчыка ўдалося зрабіць там кар'еру — ён пачаў са спецыяліста
аддзела маркетынгу і даслужыўся да выканаўчага дырэктара.
«Сапраўды шмат зрабіў для завода як менеджар, за ім потым
многія палявалі, каб перавабіць, але ён сышоў у свой бізнес», — кажуць былыя
калегі.
На «Інкафудзе» адстаўному падпалкоўніку давялося займацца
будаўніцтвам, бо новая вытворчасць расла. Там ён пачаў улаўліваць, як можна
зарабляць і самому. Купіў стары заводзік, дзе пачаў вырабляць будматэрыялы.
«Ён шмат куды спрабаваў улезці. І ў Афрыцы нешта спрабаваў
будаваць, і ў Эміратах, але найлепш бізнес пайшоў у Польшчы з яе эканамічным
бумам», — кажуць знаёмыя.
Сябры ягонага сына займаліся заліваннем бетону, шукалі грошы
на пашырэнне, але ім, маладым, ніхто не даваў, бо не давяраў.
Яны папрасілі бацьку сябра паручыцца, увайсці ў долю — так
Сахашчык апынуўся за Бугам спачатку ў ролі паручальніка, а потым уцягнуўся і
сам.
Бізнес-поспех Сахашчыка — гэта сапраўды гісторыя ў сваім
родзе ўнікальная. Кампанія, створаная беларусамі, дзе працуюць яшчэ 900
беларусаў, стала лідарам росту на будаўнічым рынку Польшчы.
Цяпер пытанне, ці зможа вайсковец і менеджар праявіць сябе ў
палітыцы. Сахашчык лічыць, што, калі будзе альтэрнатыўная арганізацыя, да якой
будуць далучацца афіцэры, то да крыві не дойдзе, бо «часам хапае толькі
дэманстрацыі сілы».
Зварот падпалкоўніка Сахашчыка да афіцэраў пасля нападу
Расіі на Украіну, размешчаны ў дзясятках каналаў, стаў адным з самых прагляданых
ролікаў у ютубе за апошні год.
Трэба сказаць, што напаўтаемная структура «Пагоня»,
брэндфэйсам якой выступае Вадзім Пракоп'еў, была натхнёная падпалкоўнікам
Сахашчыкам. Яе касцяк складаюць былыя афіцэры беларускіх сілаў спецыяльных
аперацый, яны ўжо ваююць на «перадку» ва Украіне.
Афіцыйна імя камандзіра «Пагоні» яшчэ ні разу нідзе не
гучала, ёсць падставы меркаваць, што гэтае імя — Валерый Сахашчык.
Камунікацыя з палком Каліноўскага, праўда, у Сахашчыка не
заладзілася — камандзіры каліноўцаў пайшлі сваёй дарогай.
«Ён ганарлівы, выдатнік, па жыцці заўсёды першы, пачынаючы
ад школы. Упарты ў сваіх мэтах, вельмі патрабавальны да сябе і тых, хто побач»,
— даюць цяпер яму характарыстыку знаёмыя з ім афіцэры.
У Сахашчыка трое сыноў. Адзін з сыноў — афіцэр беларускага
войска.
Сам Валерый жанаты трэцім шлюбам. Пра першую жонку мы нічога
не ведаем, другая была экстрэмалка і парашутыстка, з трэцяй жонкай пазнаёміўся
на бацькоўскіх сходах у школе.
На пытанне пра свой топ кніг, які аказалі на
яго ўплыў, Сахашчык адказаў, што гэта Once an Eagle амерыканскага марпеха
Энтана Майрэра — Сахашчык чытае па-англійску, а таксама «Валакаламская шаша»
Аляксандра Бека.
У 2020-м Валерый Сахашчык блізка да сэрца прыняў народнае
жаданне свабоды і ў 10-х днях жніўня прыехаў з Польшчы прасіць кіраўніцтва
брэсцкай міліцыі выпусціць людзей з ізалятараў. Людзей выпусцілі, праўда, тады
гэта быў агульнарэспубліканскі трэнд — падзеі супалі.
Дзейныя вайскоўцы лічаць, што ў палітыку Сахашчыка прывялі
некалькі момантаў: нязгода з фашызацыяй рэжыму і адчуванне місіі абаронцы,
недарэалізаванасць у прафесійнай сферы, а таксама ўплыў Вадзіма Пракоп'ева, які
здолеў унушыць Сахашчыку, што ён — магчымае выратаванне для Радзімы.
Што выйдзе — пабачым.