Валерый Карбалевіч: З'яўленне ў пераходным кабінеце Латушкі — важны крок да аб'яднання дэмакратычных сіл

Палітолаг Валерый Карбалевіч падзяліўся з «Филином» першымі ўражаннямі і высновамі аб канферэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла ў Вільні.

forum0908.jpg

— Калі офіс Святланы Ціханоўскай абвясціў аб правядзенні канферэнцыі ў Вільні, загучалі галасы, што гэта будзе фактычна адказ Валерыю Цапкалу, які арганізаваў ужо два форумы. Што новая апазіцыя пераймае традыцыі старой, спаборнічаючы, хто больш правядзе з'ездаў. Віленская канферэнцыя стала чымсьці большым, чым проста мерапрыемства для галачкі?

— Бываюць форумы аднолькавыя па форме, але розныя па змесце. Думаю, асноўная мэта гэтай канферэнцыі — паспрабаваць стварыць механізм легальнага вырашэння канфлікту. Стварыць нейкія інстытуцыі, якія дазволілі б знізіць маштаб канфліктаў, уключыць у гэтыя структуры людзей, якія з чымсьці не згаджаліся, спрачаліся, каб дасягнуць аб'яднання.

Легальны механізм вырашэння канфліктаў — гэта і стварэнне пераходнага кабінета, гэта і рэарганізацыя Каардынацыйнага савета. Таму, як мне здаецца, галоўны сэнс у гэтым.

— Ціханоўская абвясціла аб стварэнні пераходнага кабінета. Улічваючы тое, хто ўжо прапанаваны ў яго склад, ці можна сказаць, што агучаныя вамі мэты дасягнуты?

— Па-першае, трэба сказаць, што поўнага аб'яднання не атрымалася. Каманда Валерыя Цапкалы не далучылася да агульнага апазіцыйнаму мэйнстрыму.

Тое, што Павел Латушка ўвайшоў у пераходны кабінет, мне здаецца важным крокам да аб'яднання. І пакуль на сённяшні дзень мы можам казаць, што ў пэўным сэнсе рознагалоссі не тое каб пераадолены, але прыняты нейкі механізм іх вырашэння.

Як яно будзе працаваць далей, паглядзім. Але на сёння асноўны сэнс гэтай канферэнцыі рэалізаваны, ён ёсць.

— Пра што кажа з'яўленне ў кабінеце падпалкоўніка ПДВ у запасе Валерыя Сахашчыка?

— Калі мы гаворым аб пераходным кабінеце, пераходным урадзе, то там павінен быць і міністр абароны, і міністр замежных спраў, і кіраўнік МУС. Таму тут усе фармальныя патрабаванні выкананыя. Іншая справа, што менавіта на гэтым рабіўся акцэнт. І самой Ціханоўскай, і доўгай прамовай Сахашчыка, калі ён распавядаў пра сябе і пра свае задачы. Ды і першая панэль фактычна была прысвечана пытанням сілавога блока.

Па сутнасці, гэта проста даніна таму запыту, які існуе ў палітызаванай публікі. А раз трэба сілавое рашэнне, то вось вам чалавек з вопытам ваеннай працы.

Але я пакуль што не бачу якога-небудзь спосабу вырашэння беларускай праблемы сілавым шляхам. Таму гэта прызначэнне я разглядаў бы хутчэй як сімвалічнае.

— Ці можаце вы вылучыць нейкі асаблівы момант у заявах Святланы Ціханоўскай?

— Першае, на што я звярнуў увагу. Калі Ціханоўская сказала, што яе намеснікамі будуць Павел Латушка і Валерый Кавалеўскі, гэта значыць, што гэты пераходны кабінет яна і ўзначаліць.

Трэба звярнуць увагу і на тое, што менавіта яна прызначае гэтых людзей. Не канферэнцыя іх вылучыла, а менавіта яна прызначыла. Гэта нагадвае амерыканскую мадэль, калі прэзідэнт адначасова з'яўляецца і кіраўніком урада.

У прынцыпе ў выпадку ўзнікнення канфліктаў у гэтым пераходным урадзе Ціханоўская як увяла гэтых людзей у кабінет, так можа іх і вывесці.

— Якое агульнае ўражанне ў вас ад яе выступаў на канферэнцыі?

— Уступнае слова было добра падрыхтавана, яно было тэхналагічным. Калі яна расставіла акцэнты, заклікала да яднання. У іншых выпадках, яна рэагавала дзе больш удала, дзе менш.

Сваю функцыю яна выканала на гэтым мерапрыемстве, задачы, якія перад ёй стаялі, у прынцыпе, выкананы. Рознагалоссі, ва ўсякім выпадку сярод тых, хто гатовы працаваць з Ціханоўскай, знятыя. А хто не гатовы супрацоўнічаць апрыёры, то што з імі зробіш?