«Камітэт нікому нічога даказваць не абавязаны і можа засяродзіцца на беларускіх справах»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» не збіраўся падводзіць якія-небудзь вынікі. Але ў дасціпнай іранічнай манеры разважае менавіта над імі.

51885616214_ae237821ce_b.jpg


Па выніках жанру трэба было б мне было б сёння падвесці якія-небудзь вынікі. Але не ляжыць у мяне нешта душа. Вось хіба адзін вынік кідаецца ў вочы. Калі два гады таму праблема беларускай улады была выключна нашай з табой унутранай праблемай, то за гэтыя два гады ўлада шмат зрабіла, каб стаць праблемай усяго цывілізаванага свету.

Улічваючы маштаб беларускай улады, гэта было не проста, але ў іх атрымалася. І галоўнае, што сам цывілізаваны свет усвядоміў гэтую сваю праблему. Ну, ён жа разумны. Не прайшло і два гады — і сам усё зразумеў.

Гэта значыць, беларускай апазіцыі ў эміграцыі можна ўжо больш цывілізаванаму свету пра беларускую ўладу нічога не даказваць. І можна засяродзіцца на людзях у Беларусі. Калі апазіцыя ў эміграцыі не хоча, вядома, быць апазіцыяй у эміграцыі. Таму што людзям у Беларусі не вельмі цікава было высвятляць, хто ў эміграцыі самы апазіцыйны лідар.

І вось трэба сказаць, што з канферэнцыяй у Вільні ўсё атрымалася даволі ўдала. Па-першае, замест расколу здарылася аб'яднанне (сёе-тое па дарозе, вядома, адкалолася, але яно ўсё роўна нямоцна трымалася).

Па-другое, удалося пазбегнуць пасткі пераходнага ўрада ў выгнанні. Таму што стварэнне ўрада ў выгнанні стварыла б праблемы толькі для самога ўрада ў выгнанні. Ураду ў выгнанні спачатку прыйшлося б пераконваць іншыя ўрады ў тым, што ўрад у выгнанні — адзіна правільны беларускі ўрад. А камітэт, які ўчора стварылі, нікому нічога даказваць не абавязаны і можа засяродзіцца на беларускіх справах.


Вось беларуская ўлада вырашыла засяродзіцца на эканоміцы, якая з кожным днём становіцца эканомней. Як сказаў учора прэм'ер Галоўчанка: «Эканоміка сціснулася, але, на наш погляд, дэманструе гістарычна высокія якасныя паказчыкі збалансаванасці». Гэта значыць, паказчыкі высокія, але лётаюць нызэнько-нызэнько. На ўсялякі выпадак. Каб падаць невысока і на мяккае.

Нядзіўна, што з такімі паказчыкамі, нехта ўжо не хоча хадзіць на Берлін, а хоча сябраваць з Еўрасаюзам, які яму нельга страціць. І ў мяне ёсць смутнае адчуванне, што жаданне сябраваць з Еўрасаюзам звязана не толькі з альтэрнатыўным трыццаціпрацэнтным ростам беларускага імпарту або дугападобнай траекторыяй палёту беларускай эканомікі. Тут яшчэ напэўна трошкі паўплываў планавы характар расійскай спецыяльнай аперацыі.

Паводле звестак брытанскай выведкі, на галоўным наступальным кірунку расійскія войскі за апошні месяц прасунуліся на 10 кіламетраў. Гэта значыць, яшчэ літаральна якіх-небудзь 207 месяцаў (ці 17 з малюсенькім хвосцікам гадоў), і яны выйдуць да Берліна. Як планавалі. Вядома, калі персанал ваенных складоў і аэрадромаў будзе менш паліць. Таму што як яны паляць, так ніякіх складоў не напасешся.