Выбухі ў Крыме. Украіна ці не?

У Крыме 9 жніўня адбыліся выбухі на авіябазе «Сакі» ў Новафёдараўцы. Там дыслакаваліся расійскія знішчальнікі і бамбавікі, якія ўчыняюць налёты на мацерыковую Украіну.


Мінабароны РФ выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды сітуацыі. Ведамства заявіла, што на тэрыторыі аэрадрома дэтанавала некалькі боепрыпасаў. Расійцы адмаўляюць, што па тэрыторыі авіябазы былі нанесеныя ўдары.

«У выніку выбуху ніхто не пацярпеў. Авіяцыйная тэхніка на аэрадроме не пашкоджаная. Прымаюцца меры па тушэнні пажару і высвятленні прычын выбуху», — заявілі ў Мінабароны РФ.

Між тым грамадзянскія ўлады акупаванага Крыма заявілі, што пацярпелі 7 чалавек, у тым ліку двое дзяцей — па дадзеных на раніцу 10 жніўня.

Мінабароны Украіны ў сваёй заяве не ўзяло на сябе адказнасць за гэтую аперацыю. Намеснік міністра абароны Ганна Маляр сказала, што ведамства не можа ўсталяваць прычыну ўзгарання на тэрыторыі аэрадрома «Сакі» ў раёне Новафёдараўцы ў часова акупаваным Расіяй Крыме.

«Мінабароны Украіны не можа ўсталяваць прычыну ўзгарання, аднак у які раз нагадвае аб правілах пажарнай бяспекі і забароне курэння ў неўстаноўленых месцах», — сказала яна.

Ганна Маляр


Расія не абвінавачвае Украіну ва ўдарах па авіябазе ў Новафёдараўцы, таму што гэта стане яшчэ адным сведчаннем неэфектыўнасці яе сістэмы супрацьпаветранай абароны, як ужо было з крэйсерам «Масква», лічаць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW).

«Адначасовасць выбухаў на двух розных аб'ектах, імаверна, выключае афіцыйную расійскую версію выпадковага пажару, але не выключае ні дыверсіі, ні дальнабойнага ракетнага ўдару», — адзначылі ў ISW.

Эксперты выказалі здагадку, што Украіна магла мадыфікаваць свае ракеты «Нептун» для ўдараў па наземных мэтах (як гэта зрабілі расіяне супрацькарабельнымі і зенітнымі ракетамі). Аднак пакуль няма ніякіх доказаў, якія пацвярджаюць гэтую гіпотэзу.


Удар па аэрадроме ў Новафёдараўцы ў Крыме 9 жніўня мог быць нанесены ўкраінскай зброяй, напісала The New York Times. Высокапастаўлены ўкраінскі вайсковец, які знаёмы з сітуацыяй, сказаў выданню, што за атакай па аэрадроме расійцаў стаяць украінскія сілы.

Чыноўнік не стаў выдаваць тып зброі, які быў выкарыстаны для абстрэлу, адзначыўшы толькі, што «прылада выкарыстоўвалася выключна ўкраінскай вытворчасці».

Адзіная ўкраінская зброя, якая можа даляцець да Сакскага раёна, — гэта аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Гром». «Гром» прызначаны для паражэння адзіночных і групавых стацыянарных мэтаў на далёкасцях ад 50 да 280 км. Пры гэтым далёкасць стральбы можа быць павялічана да 450-500 км.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: