У Крыме на ваенным аэрадроме прагрымелі выбухі, людзі ў паніцы бягуць з курортаў (фота, відэа)

У анэксаваным Крыме прагрымелі моцныя выбухі ў раёне вайсковага аэрадрома каля горада Сакі, пачаўся пажар. У пасёлку Новафёдараўка гарэла ўзлётная паласа і склады з боепрыпасамі. Што вядома на гэты час?

1660050631_6496.webp

Першы выбух прагучаў каля 15:20, усяго паведамляюць аб дзесяці. Папярэдне, пашкоджаныя суседнія дамы, — паведамляюць тэлеграм-каналы.

1660050660_1780.webp

Мясцовыя жыхары паведамілі аб вялікай колькасці аўто хуткай дапамогі, якія ехалі ў бок Новафёдараўкі з Еўпаторыі. Да месца выбуху адправілі санавіяцыю.

З пляжаў каля Сакаў уцякалі турысты. Памагатыя акупантаў патрабавалі, каб людзі хаваліся ў хованках.

З Новафёдараўкі масава пачалі выязджаць турысты, а таксама мясцовыя жыхары, на выездзе ўтварыліся коркі.

У Мінабароны РФ паведамілі РІА «Новости», на ваенным аэрадроме адбылася дэтанацыя некалькіх авіяцыйных боепрыпасаў. Аднак далёка не факт, што гэта праўда.

Вакол месца пажару ўсталяваны пяцікіламетровы перыметр, «з мэтай выключэння раненняў мясцовых жыхароў», паведаміў кіраўнік прызначанай Крамлём адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў.

Грамадзянскія асобы пры выбухах у Новофедоровке не пацярпелі, паведаміў дарадца Аксёнава Кручкоў. «Эвакуявана каля 30 чалавек з бліжэйшых дамоў. Людзі будуць расселеныя ў пансіянатах і гатэлях. Забяспечаны харчаваннем. Па перыметры аэрадрома выстаўлена ачапленне".

 У той жа час іншыя крыніцы паведамляюць, што ад выбухаў пацярпелі пяць чалавек, у тым ліку дзіця.

UPD. Пазней акупацыйныя ўлады Крыма паведамілі, што ў выніку ўдара загінуў адзін чалавек.

Украіна пакуль афіцыйна ніяк не пракаментавала выбухі. Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ўкраінскі поўдзень асабліва выдатны ў жніўні.

Украінскія медыя адзначаюць, што выбухі ў Крыме адбыліся на авіябазе расійцаў, з якой самалёты ляцелі бамбіць Запарожскую, Мікалаеўскую і Херсонскую вобласці.

Нагадаем, расійскія акупанты захапілі ўкраінскі Крым вясной 2014 года і ператварылі паўвыспу ў велізарную вайсковую базу. Кіеў і шэраг краін Захаду не прызналі анэксію Крыма Расіяй законнай.