Ігар Ільяш: цяпер у беларускага грамадства больш шанцаў на перамены, чым у 2020-м

Журналіст Ігар Ільяш з нагоды 9 жніўня напісаў пост у фэйсбуку, у якім паразважаў аб нядаўнім мінулым і будучыні Беларусі. 

ilyash_1000x562.jpg

«Надыходзіць другая гадавіна жнівеньскіх падзей 2020 года і гэта добрая нагода прызнаць тое, што ў рэчаіснасці стала відавочна пасля 24 лютага, але пры гэтым належным чынам да гэтага часу не было прагаворана, — піша Ігар Ільяш. — Замест спрэчак пра тое, хто і якія памылкі здзейсніў два гады таму (а іх, безумоўна, было нямала), мы павінны сумленна прызнаць: у 2020-м у беларусаў не было ніводнага шанцу. Абсалютна. Таму што побач была пуцінская Расія, якая рыхтавалася да Вялікай вайны.

Поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну ўбудавала падзеі ў Беларусі 2020-га ў той глабальны кантэкст, якога ў поўнай меры ніхто два гады таму разумець не мог. Мы думалі, што масавыя пратэсты і беспрэцэдэнтны тэрор — гэта ўсё ж такі асабліва беларуская гісторыя. Так, зразумела, фактар Расіі ніхто з рахункаў не скідаў. Любы, хто разбіраўся ў палітыцы, разумеў, што пагроза прамой расійскай інтэрвенцыі ў Беларусь цалкам рэальная. Тым больш, што Лукашэнка яшчэ 15 жніўня дамовіўся з Пуціным аб аказанні сілавой дапамогі "пры першым запыце", а той адразу сфармаваў для гэтай мэты рэзерв сілавікоў.

Але ўсё ж мы разважалі аб такой пагрозе ў катэгорыях верагоднасці, а не непазбежнасці. Гэта значыць, мы спрабавалі аналізаваць, у якім выпадку гэта можа адбыцца, што можа ўтрымаць Пуціна ад такой пастановы і якую цану ён гатовы заплаціць за захаванне Лукашэнкі ва ўладзе.

24 лютага дало адназначны адказ на гэтае пытанне: у 2020-м, з улікам прамога запыту Лукашэнкі, Пуцін бы пайшоў на гэта ў любым выпадку і заплаціў бы за падобнае рашэнне любую цану. Чалавек на той момант ужо сур'ёзна рыхтаваўся да наступу "Новага свету", ён планаваў развязаць найбуйнейшую на кантыненце вайну з часоў Другой сусветнай — перад тварам такіх задач кошт пытання наогул не меў значэнне.

Калі ў жніўні 2020 года Пуцін казаў пра рэзерв сілавікоў, ён падкрэсліваў, што ў Беларусь іх накіруюць толькі калі пратэстоўцы пяройдуць "пэўныя межы", пачнуць "падпальваць дамы, банкі, спрабаваць захопліваць адміністрацыйныя будынкі". Але на самай справе гэта б адбылося, нават калі б перамог выключна мірны пратэст (такая перамога ў перыяд з 14 па 23 жніўня была цалкам рэальная). У гэтым выпадку Масква рэалізавала б сцэнар Чэхаславакіі-68, але толькі са значна большай колькасцю ахвяр. Ну а калі б пратэст быў не мірным, то была б Венгрыя-56 з тысячамі забітых у вулічных баях і пакараных пасля іх завяршэння.

У 2020-2021 гадах звышасцярожная рыторыка лідараў дэмакратычных сіл у дачыненні да Расіі будавалася менавіта на ілюзіі, што Пуцін не стане абараняць Лукашэнку любой цаной. Здавалася, што калі не злаваць Крэмль, калі паабяцаць захаванне геапалітычнага статус-кво, калі выглядаць досыць лаяльнымі, то Крэмль яшчэ можа стаць на бок апанентаў рэжыму. Але гэта быў наіўны зман. Праўда заключаецца ў тым, што Крамлю не быў патрэбны тут лаяльны лідар. Крамлю не патрэбны быў у Беларусі нават адкрыта прарасійскі лідар. Яму патрэбна была тут выпаленая зямля, па якой пойдуць танкі. А гэта мог забяспечыць адзін і толькі адзін чалавек. Так што тут варыянтаў проста не было.

Ці значыць гэта, што масавыя пратэсты былі бессэнсоўныя? Я не стану зараз разважаць пра ўплыў 2020 года на фарміраванне палітычнай нацыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі (а ўплыў гэты велізарны). Я толькі нагадаю адну простую ісціну: калі чалавек адстойвае свой маральны выбар, калі ён паступае па сумленні, то такі ўчынак апрыёры не можа бессэнсоўным. Ён самакаштоўны.

Якія з усяго гэтага варта зрабіць высновы? Роўна дзве, але вельмі важныя.

Па-першае, варта пакінуць любыя спрэчкі аб тым, хто і якія памылкі здзейсніў у 2020-м годзе. Памылак у 2020-м было шмат, але не яны завялі краіну туды, дзе яна знаходзіцца цяпер. Яе завялі сюды памылкі 90-х і 2000-х.

Па-другое, як бы гэта парадаксальна не гучала, цяпер у беларускага грамадства больш шанцаў на перамены, чым у 2020-м. Вайна супраць Украіны высільвае Расію, а значыць у Крамля становіцца ўсё менш магчымасцяў трымаць Беларусь пад кантролем. А значыць Беларусь у хуткім часе апынецца перад гістарычным акном магчымасцяў, якога ў 2020-м, як постфактум высветлілася, у краіны не было».