Юрый Дракахруст: Лукашэнка стварае ў Беларусі атмасферу «мы ў хатцы»

Ультыматум Зяленскага, ядзерны шантаж Крамля — гэтыя і іншыя тэмы «Филин» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

— Уладзімір Зяленскі агучыў ультыматум Маскве: калі на акупаваных тэрыторыях адбудуцца «рэферэндумы» аб далучэнні іх да Расіі, то гэта будзе азначаць канец любым перамовам. Што Крамлю сёння важней — «рэферэндумы» або перамовы?

— Я думаю, што расійцы гэты «рэферэндум» правядуць. Калі толькі да гэтага часу, калі ён запланаваны, яны не пацерпяць катастрафічнае паражэнне.

Зяленскі сам сказаў, што войны рана ці позна заканчваюцца перамовамі. Рускія ж лічаць, што перамовы будуць праходзіць зыходзячы з таго, якія пазіцыі зоймуць яны. І калі Зяленскі кажа, што «мы не пойдзем на перамовы», то на што вы пойдзеце калі-небудзь?

Крэмль не тое каб дамагаецца перамоваў. І Пяскоў, і Лаўроў, і той жа Слуцкі, удзельнік перамоўнай групы, кажуць, што яны не супраць. Але, маўляў, ёсць іх стамбульскія ўмовы і няхай украінцы іх падпісваюць. А ад нейкіх сваіх пазіцый яны адступаць не збіраюцца.

Акрамя таго, такі крок як «рэферэндум» — гэта прыём гандлю, калі ты сам сябе пазбаўляеш альтэрнатывы. Калі ты ствараеш факт альбо незваротнай сілы, альбо які патрабуе велізарных намаганняў, каб адыграць назад, каб цябе збілі з гэтай пазіцыі.

Расійцы ідуць менавіта такім шляхам, fatal complete. Умоўна кажучы, калі пройдуць гэтыя «рэферэндумы» — уся гэтая працэдура далучэння захопленых тэрыторый да Расіі, то любыя спробы вяртання гэтых тэрыторый расійцы будуць разглядаць як напад на Расійскую Федэрацыю.

У іх ваеннай дактрыне прапісана, што ядзерная зброя можа прымяняцца ў выпадку прамой агрэсіі супраць РФ. Паўтаруся, ёсць такі прыём у перамовах, дзе адзін з бакоў пазбаўляе сябе магчымасці саступіць другім баку.

Расійцы самі сябе ставяць у такую сітуацыю: калі гэтыя «рэферэндумы» адбудуцца, то мы ўжо не зможам адступіць, нават калі б і захацелі.

— Усвядомленае спаленне мастоў.

— Так, калі проста растлумачыць — мы спальваем за сабой масты і нам няма куды адступаць. Але іншая справа — «рэферэндум» яшчэ не адбыўся. Магчыма, пройдуць нейкія перамовы праз пасярэднікаў, на якіх Маскве параяць так не рабіць. Як мы бачым, пасля перамоваў у Стамбуле Крэмль паказаў: «Мы можам у чымсьці саступаць».

Акрамя таго, нядаўна адбылася гутарка дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым — упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. А потым была заява Джо Байдэна, які зусім нядаўна казаў пра неабходнасць сыходу Уладзіміра Пуціна, пра гатоўнасць весці перамовы аб стратэгічнай бяспецы, аб стратэгічных наступальных узбраеннях з тым самым Пуціным.

Такім чынам, перамоўны працэс ідзе. Магчыма, гэта стане прадметам для перамоваў. Бо калі «рэферэндумы» адбудуцца, адкаціць назад будзе складана ўсім бакам.

Тым больш калі цяпер мы можам гадаць, ці ўжывуць расійцы ядзерную зброю, то ў іх вайсковай дактрыне напісана чорным па белым: легітымны адказ на напад на Расію — ядзерная зброя.

— Працягнем ядзерную тэму. Украінскія ўлады заяўляюць аб абстрэле Запарожскай АЭС расійскімі войскамі. Акрамя таго, паступаюць паведамленні аб тым, што расійцы нібыта замініравалі тэрыторыю станцыі. Мы памятаем, што адбывалася на Чарнобыльскай АЭС у першыя дні вайны. Для чаго патрэбен гэты вобраз малпы з ядзернай гранатай?

— Я б зрабіў невялікае ўдакладненне, як гэта робяць СМІ: звесткі ваюючых бакоў не могуць быць аб'ектыўна правераныя ва ўмовах вайны. У рэшце рэшт, ніхто не адмяняў ваенную прапаганду.

Тое,што нарабілі расійцы на ЧАЭС, — вядома. Што адбываецца ў Запарожжы, хто ў каго страляў, думаю, пытанне досыць складанае. На вайне ўсё страляюць. Хтосьці наўмысна, а хтосьці выпадкова.

Калі казаць пра гэты вобраз малпы з гранатай, то з тэорый гульняў гэта вядомая тактыка вар'ята. Часам быць вар'ятам — вельмі рацыянальная тактыка. Вось мы станцыю замінуем. Вы хочаце выбух на Запарожскай АЭС? Не? Тады не чапайце нас, не страляйце.

У нейкім сэнсе гэтая тактыка вельмі падобная на рашэнне праводзіць «рэферэндумы». Маўляў, нам усё роўна, мы нічога не баімся. А вы рызыкуйце.

— У Беларусі тым часам свая бітва. Бітва за ўраджай, якой, як і ў ранейшыя часы, надаецца павышаная ўвага дзяржСМІ. Аляксандр Лукашэнка звыкла кажа аб неабходнасці ўзмацніць дысцыпліну, ратуе прадпрыемства. Пры гэтым ваяўнічая рыторыка практычна знікла, нібы і няма вайны. Чым выклікана гэта зацішша?

— На мой погляд, гэта лішні раз падкрэслівае, што ваяваць Лукашэнка не хоча. Пра гэта, дарэчы, нядаўна казаў і расійскі палітолаг Максім Самарукаў. Ён кажа, што і Лукашэнка адпіраецца, але і рускім, з другога боку, не вельмі і трэба.

І вось яны кажуць, што было б нядрэнна, калі б вы паўдзельнічалі. А ён ім у адказ: «А нам неахвота». І яны тады: «Раз неахвота, то можа і не трэба тады». Такая вось гульня на паўтанах.

Я думаю, што яму відавочна гэтага не хочацца. Ён разумее, якімі будуць наступствы ў любым выпадку —выйграюць рускія ці прайграюць. Усё роўна будзе дрэнна, і народ стане любіць яго яшчэ менш.

Адпаведна, паколькі ён верыць у тое, што яму ўдасца з гэтага ўсяго выскачыць, у Беларусі не ствараецца атмасфера ваеннага псіхозу, свайго ўласнага. Маўляў, мы павінны разграміць фашыстаў. Наадварот, ствараецца іншы лад: «Мы ў хатцы».

Вайна дзесьці там — на Марсе, у іншай галактыцы. А ў нас усё традыцыйна: надоі, укосы, ротарная жняярка. І давайце мы падзякуем Аляксандру Рыгоравічу за тое, што мы можам займацца ротарнымі жняяркамі, а не танкамі.

А тое, што рускія дзесьці там з нашай тэрыторыі страляюць, гэта з'ява прыроды. Птушкі ляцяць у цёплыя краі, ракеты — ва Украіну. А мы тут стаім сабе, ураджай збіраем.

Зразумела, што ёсць Азаронак, некаторыя тэлеграм-каналы, у якіх рускія войскі — нашы, яны перамагаюць. Але калі ўзяць агульны тон дзяржаўных СМІ, там пануе спакой.

Нядаўна з'явіўся адзін рэсурс, які паказвае пэўныя поспехі. Асноўны кантэнт — коцікі, адпачынак, грыбы, агарод. І такі паход не пазбаўлены пэўнай рацыянальнасці. Апытанні паказваюць, што беларусы стаміліся. Стаміліся і ад 2020-га, стаміліся ад вайны.

Зразумела, што гаворка не пра ўсіх. І вось гэтая танальнасць — ціха, спакойна, займайцеся сваёй гаспадаркай — камусьці яна і кладзецца на душу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: