Пётр Кузняцоў: Як бы ні развіваліся падзеі, перамагае ўсё роўна імкненне да парадку, правілаў і закону
Палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў — пра тое, чаму не спраўдзіўся яго прагноз наконт прыходу перамен у Беларусь. І чаму ён усё роўна застаецца актуальным.
«Хочацца мне таго ці не, а сказаць некалькі слоў з нагоды другой гадавіны з пачатку памятных падзей 2020-га года проста неабходна, — піша Пётр Кузняцоў. — Ужо хоць бы таму, што вельмі многія людзі даволі доўга памяталі мой прагноз, што дзейнаму рэжыму застаецца існаваць не больш за два гады з пачатку пратэстаў, і перыядычна цікавіліся: ці не страціў прагноз актуальнасць.
Як сёння ясна відаць, страціў. Але гэта стала ясна нашмат
раней, я б сказаў, прыкладна з восені 2021-га, а канчаткова падобная
верагоднасць была пахавана 24-га лютага.
Мне, вядома, вельмі шкада, што мой сярэдне-аптымістычны
прагноз не апраўдаўся, але мне зусім не крыўдна ад таго, што я апынуўся дрэнным
прарокам. У вялікім свеце планеты Зямля і малым свеце асобных дзяржаў усе
працэсы падпарадкоўваюцца пэўнай логіцы. Логіку гэтую чалавецтва напрацоўвала
тысячагоддзямі, апранала ў фармалізаваныя і інстытуцыйныя рамкі, выбудоўвала на
яе падставе пэўныя правілы — адносін паміж чалавекам і чалавекам; паміж
грамадствам і кіраўнікамі; людзьмі і інстытуцыямі; паміж дзяржавамі.
Праз гэты доўгі шлях атрымалася пабудаваць сучасны свет,
які, у пэўных сваіх частках, бачыцца куды больш развітым, моцным, бяспечным,
камфортным, чым часы першабытна-абшчыннага ладу або цёмнага Сярэднявечча з
бязмежным правам сілы — «хто мацней, той і мае рацыю».
Развіваючыся, з цягам часу — дзесяцігоддзяў і стагоддзяў — чалавецтва перамолвала рэжымы і гульцоў, хто выходзіў за межы гэтай логікі і
спрабаваў вярнуцца да таго самага права сілы. Цывілізаваны свет вельмі
далікатны, ніякіх гарантый таго, што цывілізацыйныя дасягненні XIX–XX
стагоддзяў, якія прывялі да з'яўлення паняццяў правоў чалавека, міжнароднай
бяспекі і міжнароднага права, не будуць адкінутыя за непатрэбнасцю і чалавецтва
не вернецца назад — такія кульбіты ў гісторыі ўжо былі. Аднак практыка паказвае,
што як бы ні развіваліся падзеі, перамагае ўсё роўна імкненне да парадку,
правілаў і закону — інакш чалавеку, як сутнасці сацыяльнай, проста не жыць.
У 2020-м годзе ўлада, якая абвясціла ў сваёй краіне рэжым «не да законаў», бачылася асуджанай на паразу — у маленькіх мірах асобных
дзяржаў доўгатэрміновае і ўстойлівае існаванне ў такім фармаце немагчыма ўжо
тысячы гадоў. У тагачаснай сітуацыі гэта выглядала анамаліяй і была ўпэўненасць
(і ўсе фактары казалі за гэтую версію), што нязгоду паміж уладай і грамадствам
ўнутры, а так жа поўная ізаляцыя звонку, прывядуць сістэму да калапсу ў агляднай
будучыні.
Сёе-што пайшло не зусім так. Нязгода ўнутры было
нівелявана двума фактарамі: залімітавым узроўнем гвалту і прымусу і масавым
адтокам з краіны тых самых нязгодных. Пар выйшаў, градус знізіўся.
А вось звонку здарылася нешта, куды больш нечаканае і
парадаксальнае. Аказалася, што ў нашага рэжыму «не да законаў» нават у цяперашнім,
прагматычным, свеце, ёсць сябры і аднадумцы. 24-га лютага прыхільнікі
выключнага права сілы пазначыліся і прад'явілі свае прэтэнзіі на ўвесь рэгіён.
І атрымалася так, што наша праблема — яна не толькі наша, не лакальная зусім. У
яе ёсць саюзнікі і сатэліты, гатовыя ўжываць сілу па-за законам і без аглядкі, на ўзроўні, куды большым, чым наш мясцовы, і ў такім раскладзе шанцаў нешта
змяніць у існуючым статус-кво проста няма.
Мне не вельмі крыўдна, што я апынуўся дрэнным прарокам са
сваім сярэдняга аптымізму прагнозам. Многія з тых, хто казаў «да Новага
года» або «да траўня» цяпер у Вільні думаюць, што рабіць далей.
Проста таму, што ніхто на той момант не мог уявіць, што логіка працэсаў
разбураная не толькі ўнутры нашай дзяржавы, але ў рэгіёне ў цэлым. А яна — так,
была разбурана, і мы цяпер гэта бачым.
Мой жа прагноз застаецца актуальным у цэлым, з папраўкай на
прыватнасці. Прыватнасці складаюцца ў тым, што калі б «не да законаў»
заставалася актуальным выключна на нашым мясцовым узроўні, то працэсы ішлі б хутчэй.
У момант гісторыі, калі гэта стала рэгіянальнай (калі не глабальнай)
рэальнасцю, працэсы ідуць павольней, але куды больш маштабна. Гісторыя робіць
сваю справу. Што некалькі мяняе тэрміны, але не мяняе сутнасці».