Нацбанк схопіцца за галаву? Як Галоўчанка кажа пра эканоміку без лічбаў

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на нарадзе з Лукашэнкам казаў прыгожымі словамі пра беларускую эканоміку і высунуў шэраг прапаноў. Калі казаць пра гэтыя прапановы, не абапіраючыся на лічбы, то выглядае ўсё прыгожа. Але…

vystavka_vooruzheniy_20190207_zam_tutby_phsl_img_fo2a9666_e1629705406224.jpg


Найперш, Галоўчанка выступіў за тое, каб знізіць працэнтныя стаўкі ў эканоміцы для стымулявання попыту.

«Лічу, што час падысці да ўстанаўлення працэнтных ставак у эканоміцы на эфектыўным узроўні. Шокавы стан ужо прайшоў, і высокія працэнтныя стаўкі сваю ролю адыгралі. Высокія стаўкі, як мы ўсе выдатна разумеем, не могуць з'яўляцца элементам доўгатэрміновай грашова-крэдытнай палітыкі. Пры гэтым паводзіны фізічных асоб змянілася. На працягу першага паўгоддзя насельніцтва з'яўляецца ўстойлівым прадаўцом валюты. Больш за тое, насельніцтва стала больш зберагаць. З пачатку года тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва выраслі больш чым на 10%», — цытуе прэм’ера REFORM.by са спасылкай на БелТА.

Трэба адзначыць, што ў чэрвені фізасобы ўсё-ткі былі чыстымі пакупнікамі валюты, стаўшы імі ўпершыню амаль за два гады.

Прэм’ер выступае за зніжэнне працэнтных ставак.

«Неабходна істотнае зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы. Узровень працэнтнай стаўкі па крэдытах павінен арыентавацца на прагнозны параметр па інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве. Без даступных крэдытаў не будзе ні інвестыцый, ні спажывання, ні росту», — дадаў ён.

Нагадаем, цяпер стаўка рэфінансавання Нацбанка складае 12% гадавых. Яе паднялі пасля нападу Расіі на Украіну. З тых часоў стаўка не змянялася. Да гэтай стаўкі, як правіла, прывязаныя крэдыты, якія выдаюць банкі прадпрыемствам і насельніцтву.

Пры гэтым гадавая інфляцыя па выніках чэрвеня склала 17,6%. То-бок, інфляцыя ўжо перавышае стаўку рэфінансавання Нацбанка — і даволі нашмат.

Галоўчанка, маючы гадавую інфляцыю ў 17,6% не лічыць, што рост коштаў у краіне з'яўляецца крытычным.

«Інфляцыйныя працэсы ўдалося стрымаць у разумным калідоры перш за ўсё за кошт жорсткага адміністрацыйнага кіравання, і мы бачым запаволенне тэмпаў інфляцыі», — сказаў ён.

Трэба адзначыць, што такі высокі ўзровень інфляцыі ў Беларусі не адзначаўся на працягу многіх гадоў.

Лукашэнка сёння запатрабаваў ад чыноўнікаў паказаць ВУП не горш за леташні. Галоўчанка ў сваю чаргу заявіў, што беларуская эканоміка сціснулася, але дэманструе збалансаванасць.