«Не спыніць, не стрымаць». Гадавая інфляцыя ў Беларусі ў ліпені разагналася да 18,1%
Інфляцыя ў Беларусі працягвае расці. І хоць яе месячныя тэмпы замарудзіліся ў ліпені, у гадавым выражэнні яна зноў вырасла. Кошты ў Беларусі працягваюць расці рэкорднымі тэмпамі за апошнія гады.
У ліпені індэкс спажывецкіх коштаў вырас на 0,5%, што значна ніжэй за чэрвеньскі паказчык, калі цэны на месяц павялічыліся на 1,1%, піша REFORM.by.
Разам з тым гадавая інфляцыя ў ліпені склала 18,1%, што яшчэ на 0,5 п.п. больш, чым паводле вынікаў чэрвеня, калі яна дасягнула 17,6%. Больш высокая інфляцыя ў ліпені апошні раз фіксавалася Белстатам у 2014 годзе.
У параўнанні са снежнем 2021 года індэкс спажывецкіх цэн павялічыўся на 13,7%.
Базавая інфляцыя, без уліку змены коштаў на асобныя тавары і паслугі, што падвяргаюцца ўплыву фактараў адміністрацыйнага і сезоннага характару, у ліпені склала 1,3% у параўнанні з чэрвенем, а са снежнем 2021-га — 15,5%.
У ліпені ў параўнанні з чэрвенем індэкс спажывецкіх цэн (ІСЦ) на харчовыя тавары знізіўся на 0,2%, на нехарчовыя тавары — на 1,2%, на паслугі — на 0,8%.
У параўнанні са снежнем 2021 года цэны на харчовыя тавары выраслі на 13,5%, на нехарчовыя тавары — на 17,2%, на паслугі — на 9,5%.
У параўнанні з ліпенем мінулага года ІСЦ на харчовыя тавары павялічыўся на 19,6, на нехарчовыя тавары — на 20,7%, на паслугі — на 12%.