У Расіі цэны пачалі падаць, а ў Беларусі працягваюць расці. Чаму?

Ці адрозніваецца ўздзеянне сітуацыі, у якой мы аказаліся, на эканомікі дзвюх краін — Расіі і Беларусі?

minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Чаму сітуацыя мяняецца не на карысць Беларусі? Тэлеграм-канал «Нашы грошы» прапануе вывучыць, як мяняліся кошты ў Беларусі і Расіі ў 2022 годзе.

Першае, што кідаецца ў вочы, калі паглядзець на графік — мы з Расіяй сапраўды знаходзімся ў адной эканамічнай запрэжцы. Любыя значныя ваганні ўмоў на рынку хіляць абедзве эканомікі аднолькавы бок. Прычым прысцяжны конь у гэтым выпадку — Беларусь, бо гэта мы рэагуем на тое, што адбываецца ў вялікага суседа, а не наадварот.

photo_2022_08_12_12_37_46.jpg

Таксама мы бачым, што пасля пачатку вайны ў канцы лютага інфляцыя ў Расіі рэзка падскочыла, а следам тое ж самае адбылося і ў нас. У сакавіку расійская эканоміка пачала рабіць спробы адаптавацца да новых умоў, рост інфляцыі запаволіўся — і ў нас намецілася падобная тэндэнцыя... А вось далей сітуацыя пачала мяняцца, прычым, відавочна, не на карысць Беларусі.

Абедзве краіны цяпер знаходзяцца пад моцным санкцыйным ціскам, аднак, нягледзячы на гэта, ужо з красавіка паказчыкі інфляцыі ў Расіі стабільна змяншаюцца (з 17,8% у дачыненні да аналагічнага месяца мінулага года ў красавіку — і да 15,5% у чэрвені), а ў нас наадварот — працягваюць расці (з 16,8% у красавіку да 17,6% у чэрвені). Чаму ж так адбываецца?

Паспрабуем сказаць мякка: ёсць нюансы, якія адрозніваюць беларускую эканоміку ад расійскай. Так, у абедзвюх прысутнічае вялікая доля дзяржпрадпрыемстваў, пратэкцыянізм і на ўсю моц выкарыстоўваецца дырэктыўны механізм цэнаўтварэння. Але ўсё ж расійская эканоміка значна бліжэй да рынкавай. І менавіта гэта цяпер дапамагае стабілізаваць цэны ў Расіі.

На расійскім рынку многія цэны ўжо дасягнулі сваёй столі, вытворцы і прадаўцы, арыентуючыся на попыт, вымушаныя іх зніжаць, каб заставацца канкурэнтаздольнымі. У іншым выпадку яны проста збанкрутуюць. Для гэтага шукаюцца новыя лагістычныя ланцужкі і пастаўшчыкі, прадумваюцца магчымасці зэканоміць, зрабіць сваю прадукцыю больш прывабнай.

А яшчэ ў Расіі ёсць нафтавы і газавы брандспойт, з якіх у краіну цяпер магутным патокам льюцца долары і еўра.

У Беларусі ж многія прадпрыемствы як былі датаванымі і стратнымі, так і засталіся. Яны ніколі не ўмелі канкураваць, і для іх у прынцыпе мала што памянялася: вывучаная бездапаможнасць дае свой плён. Неэфектыўныя вытворчасці працягваюць працаваць на склад, нягледзячы на ўгаворванні ўрада праявіць цуды наватарства і аптымізацыі. А навошта? Бо да гэтага 20 гадоў «пракатвала», ды і не ўмеюць яны працаваць інакш…

У выніку мы бачым, як урад пастаянна пагражае «жэстачайша зарэгуляваць» цэны так, каб яны не зварухнуліся, але нягледзячы на пагрозы, тыя працягваюць актыўна расці. У Расіі, дарэчы, такіх заяў практычна не відаць. Там да гэтага часу разумеюць каштоўнасць рынку, які функцыянуе, і спрабуюць яго хоць бы часткова захаваць.

Ну і, вядома, у Беларусі няма свайго нафтадоларавага «брандспойта» — мала таго, яе практычна пазбавілі нават калійнага краніка, адкуль хоць трохі, але капала.

Адна з галоўных прычын таго, што ўзровень жыцця беларусаў працягвае падаць, — нізкая якасць дзяржкіравання, якое гадамі будаваў эканоміку зомбі-прадпрыемстваў і якое аказалася няздольным адэкватна зрэагаваць на сур'ёзныя перамены.

Прэм'ер-міністр можа колькі заўгодна распавядаць, што беларуская эканоміка пад уздзеяннем заходніх санкцый дэманструе «гістарычна высокія якасныя паказчыкі збалансаванасці». Але калі прыгледзецца, прыкмет «якаснай збалансаванасці», у параўнанні нават з Расіяй, ва ўпор не заўважна. Затое мы бачым, што ў Беларусі падае занятасць насельніцтва (як за кошт скарачэння працоўных месцаў, так і таму, што ідзе вялікі адток кваліфікаваных кадраў за мяжу). А яшчэ — у тым ліку і за кошт інфляцыі — у некаторых галінах рэальныя заробкі ўжо знізіліся на 10 працэнтаў і больш.

Дарэчы, у ліпені гадавая інфляцыя склала ўжо 18,1 працэнта, гэта значыць, яна працягвае расці. Калі гэта тыя высокія якасці збалансаванасці, пра якія ідзе гаворка, то становіцца яшчэ больш горка за перспектывы.