Як так? Рускіх спалохаў не ядзерны тэрарызм іх кіраўніцтва, не тысячы трунаў, а страта камфорту!
Чаму расіянам патрэбна на нейкі час «жалезная заслона»? Пра гэта разважае на сваёй старонцы ў фэйсбуку Галіна Янчанка — украінская народная дэпутатка ад «Слугаў народа».
«На сёння ўжо 12 краін змянілі парадак выдачы віз жыхарам Расіі. Цалкам спынілі выдаваць візы Эстонія, Латвія, Літва і Чэхія. Данія, Нідэрланды, Бельгія і Японія ўвялі абмежаванні па тыпе віз, а Нарвегія і Балгарыя ўскладнілі працэдуру.
Тыдзень таму Балгарыя дадаткова спыніла выдачу турыстычных віз расіянам нягледзячы на тое, што турыстычны сезон у краіне ў поўным разгары.
Дыскусія наконт забароны ўезду расіянам у ЕС, у прыватнасці, аб адмене для іх Шэнгена, афіцыйна распачатая на самым высокім узроўні ў ЕС.
Ведаеце, больш за ўсё мяне ўразіла рэакцыя на гэтую прапанову ад так званых расійскіх лідараў і «добрых рускіх». Таму што гэта іх сапраўды напалохала. Не ядзерны тэрарызм, да якога адкрыта звяртаецца кіраўніцтва іх краіны. Не дзясяткі тысяч трунаў, якія штодня ідуць у РФ. Не навіны аб мільёнах зламаных лёсаў ва Украіне з-за агрэсіі РФ.
А магчымасць страціць права на ўезд у Еўропу. Не мець магчымасці забаўляцца на еўрапейскіх курортах, хадзіць на шопінг і прыгожа бавіць час. Гэта іх сапраўды напалохала!
Ваша краіна ўжо паўгода знішчае Украіну, штодня забівае нявінных людзей і разрывае сем'і. А расіян турбуе тое, што яны не змогуць пагрэць пуза дзесьці на Блакітным узбярэжжы Францыі.
Гэтак жа, памятаецца, у пачатку вайны расіяне бурна рэагавалі на забарону Інстаграму і сыход "Макдональдса". Страта камфорту — вось што сапраўды палохае рускіх больш за ўсё».
Галіна Янчанка прыходзіць да высновы, што расійскі народ хворы. І менавіта таму яго варта было б «ізаляваць да поўнага выздараўлення краіны ад хваробы».