Расійцы пачынаюць «пазычаць» у беларускага войска БМП-2?
На шосты месяц вайны ў расійскіх войскаў не хапае баявых машын пяхоты для камплектацыі сваіх падраздзяленняў. Яны пачынаюць «пазычаць» іх у Беларусі.
Прынамсі, пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале Упраўленне стратэгічных камунікацый УСУ. Па іх звестках, з Беларусі рыхтуецца вываз не менш за 32 БМП-2 з 969-й базы рэзерву танкаў ва Урэччы (РБ) на 22 ЦБРТ у г. Буй (РФ).
Раней шмат паведамлялася пра тое, што з Беларусі вывозяцца боепрыпасы. «Уласна, вываз боепрыпасаў з Беларусі зразумелы ў сувязі са скарачэннем лагістыкі падвозу, але дэфіцыт БМП-2? Сур'ёзна? Так, сур'ёзна», — піша СтратКом УСУ.
Справа ў тым, што перад пачаткам уварвання ва Украіну ў складзе рускай арміі налічвалася да 3,5 тысяч БМП-2. Прычым 1,5 тыс. з іх знаходзіліся на захоўванні.
Ужо цяпер мы бачым, што практычна ўся адкрытая інфармацыя пра баяздольную тэхніку, што знаходзіцца ў наяўнасці, не адпавядала рэчаіснасці. Прычым на горшы бок.
Расія не мела 2.700 баяздольных танкаў, 2.000 БПЛА, тысяч ракет Х-22 і гэтак далей. Атрымліваецца, няма і заяўленай колькасці БМП-2.
На сёння дакументальна (фота/відэа) пацверджана знішчэнне больш за 400 БМП-2. Агульная агучаная колькасць перавышае 1 тысячу спаленых БМП-2.
І, калі супаставіць лічбы, якія фігуравалі ў адкрытых крыніцах гадамі і рэальныя, а таксама страты расійскіх войскаў, то больш чым відавочна, што ў «другой арміі свету» сапраўды ўзнікаюць праблемы нават з шматлікай колькасцю БМП-2, якая на самай справе на ўзбраенні УС РФ аказалася не такая ўжо і шматлікая. У расійскіх акупацыйных войскаў адзначаецца дэфіцыт БМП-2.