Аляксандр Фрыдман: Жыццё ў Еўропе пагоршылася, але ніякай панікі няма, а час працуе супраць Пуціна

Беларуская і расійская прапаганда захлынаюцца ў штодзённых расповедах пра тое, як голая і босая Еўропа пакутуе ад уласных санкцый. Дапамога Украіне спусташае бюджэты заходніх краін, скарачэнне гандлю з Расіяй правакуе галапуючы рост цэн — на паліва, камунальныя паслугі, прадукты харчавання... Здаецца, яшчэ крыху — і выпешчаныя еўрапейцы пачнуць галадаць і папаўзуць на каленях да Пуціна, каб той прадаў нафты-газу танней.

59662651_101.jpg


Зразумела, што прапагандысты хлусяць як дыхаюць. Не беларусам, якія раз’ехаліся па свеце пасля падзей 2020-га, расказваць пра кепскае жыццё на Захадзе. І не і х сваякам ды суседзям, якія засталіся ў лукашэнкаўскай стабільнасці. Але ўсё ж: наколькі сапраўды панізіўся ўровень жыцця ў ЕС? Наколькі гэта адчувальна ў той жа Германіі — вядучай эканоміцы Еўрасаюза? Бо ўзрастанне коштаў праз вайну і іншыя прычыны — факт, які не аспрэчыш.
«НЧ» паразмаўляў пра гэта з гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам, які шмат гадоў жыве ў Нямеччыне.
— Наколькі пагоршылася жыццё ў Германіі ў апошнія месяцы?
— Узровень жыцця — паняцце адноснае. Ён вызначаецца рознымі паказчыкамі — гэта і інфляцыя, і рост коштаў на харчаванне, і падаражэнне паліва, і іншае.
Канечне, інфляцыя ёсць — напрыклад, у ліпені яна склала 7,5%. І кошты падвышаюцца, прычым фактычна на ўсё. На прадукты харчавання цэны ў параўнанні з мінулым годам узраслі на 12,7%, на энерганосьбіты — на 58%. Чалавек ідзе ў краму, заязджае на запраўку, атрымлівае рахунак з камунальнымі плацяжамі — і бачыць гэта.
Зараз сітуацыя трохі стабілізавалася, але, думаю, увосень і ўзімку зноў пагоршыцца. Асабліва гэта адчуюць тыя немцы, якія спажываюць шмат газу. З газам у краіне становішча ўвогуле складанае — незразумела, ці працягнуцца пастаўкі з Расіі, ці спыняцца.
Канечне, для грамадства гэта дыскамфортна. Немцы за шмат гадоў прызвычаіліся да таго, што прадукты на паліцах адносна танныя, што паліва на запраўках таксама недарагое. І раптам усё мяняецца. Гэта выклікае пэўную незадаволенасць. Цяпер трэба думаць, ці выдаткоўваць грошы на тое, аб чым раней пытанне не стаяла — на рэстараны, на нейкія паездкі. Ці лепей нешта ашчадзіць, бо ці мала што будзе далей.
З іншага боку, нічога фатальнага ў Нямеччыне не адбываецца. Больш уважліва ставіцца да сваіх расходаў — гэта зусім не тое, пра што распавядаюць беларускія і расійскія дзяржаўныя медыя. Іх карцінка і прагнозы не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю.
— Вы сказалі пра незадаволенасць немцаў. У чым яна бачная?
— Як я ўжо адзначыў, доўгі час жыхары Германіі жылі з адчуваннем непарушнай стабільнасці. Эканоміка моцная, грошай шмат, будучыня прадказальная. Што б ні адбылося, мы захаваем свой дабрабыт.
Гэтую стабільнасць не пахіснуў нават каронавірус. Эканоміка вытрымала пандэмію, пры тым што дзяржава выдаткоўвала вялікія грошы на падтрымку насельніцтва — прадпрымальнікаў, рэстаратараў і гэтак далей.Пасля каронавіруснай эпохі пачалася вайна. Вайна, якая можа пераўтварыцца ў еўрапейскую і нават сусветную. Менавіта падзеі ва Украіне спарадзілі ў нямецкім грамадстве вось гэтае новае пачуццё. Цяпер упэўненасці ў заўтрашнім дні, у захаванні жыццёвага камфорту стала менш. Рэстараны, нейкія забаўляльныя мерапрыемствы — многія думаюць, ці не варта тут расходы скараціць. Бо ніхто не ведае, калі і чым вайна скончыцца.


— Вы некалькі разоў згадалі рэстараны. Ці правільна разумець, што пагаршэнне дабрабыту немцаў тычыцца найперш гэтага сегменту, а базавым патрэбам нічога не пагражае?
— Канечне. Так, многае залежыць ад таго, колькі чалавек зарабляе. Але наогул наконт харчавання і іншых элементарных рэчаў пытання не ўзнікае. Усе прагнозы пра голад і іншыя катаклізмы — гэта лухта.Раней беспрацоўны ў Германіі, зразумела, па рэстаранах кожны дзень не хадзіў, але кубак кавы ў кафэ спакойна мог сабе дазволіць. Сёння ён бачыць кошты ў супермаркеце і яшчэ падумае, ці варта марнаваць дзяржаўную дапамогу на тое капучына.
Гэта адзін прыклад. Іншы — у Германіі дагэтуль хапае людзей з такімі добрымі заробкамі, што яны ўвогуле не звяртаюць увагі на цэны. Купляюць усё, што ім падабаецца. Праўда, такіх немцаў, згодна з апытаннямі, за апошнія месяцы стала менш.

kakaya_sitatsiya_s_tsenami_na_prodkty_i_toplivo_v_germanii.jpg


Магу згадаць тут выпадак з уласнага досведу. Па працы я досыць часта карыстаюся паслугамі таксі. Нямецкія таксісты не такія, як у постсавецкіх краінах, — больш стрыманыя, не імкнуцца размаўляць з пасажырамі пра жыццё. Але з адным кіроўцам я нядаўна разгаварыўся.
Ён расказаў, што ў яго дзве машыны — таксуюць удвох з жонкай. Нягледзячы на пандэмію, грошай яны зарабілі дастаткова і збіраліся паехаць у доўгі адпачынак — ці ў Іспанію, ці ў Партугалію. Але ў выніку адмовіліся ад гэтага. Грошы ёсць — аднак будучыня непрадказальная. Выраслі цэны на паліва, кліентаў стала менш — бо зноў жа, шмат людзей аддаюць перавагу грамадскаму транспарту, каб ашчадзіць гэтыя 30-50 еўра. То і гэты таксіст вырашыў пакуль нікуды не ехаць. Ці мала што будзе, лепш не рызыкаваць.
— Эканамічныя цяжкасці змяняюць стаўленне немцаў да вайны?
— Што нейкае выйсце трэба знайсці, і нават за кошт Украіны, — такія настроі ёсць. Яны прысутнічаюць ад самага пачатку вайны. Што нам гэтыя ўкраінцы? Пуцін робіць непрымальныя рэчы, але мы жадаем далей добра жыць. Хай Расія адбярэ кавалак Украіны, але вайна скончыцца. Нам патрэбны танны газ, а ўкраінцам, ну, проста не пашанцавала… Вось такія погляды існуюць.
Рознае стаўленне і да санкцый. У заходняй частцы Германіі сталая большасць іх падтрымлівае. На Усходзе ўсё па-іншаму, што даволі дзіўна на фоне неверагоднай салідарнасці з Украінай посткамуністычных краін Еўропы.
Тым не менш апошнія апытанні паказваюць, што галоўнай каштоўнасцю для жыхароў Германіі сёння з’яўляецца свабода. Але як будзе змяняцца грамадская думка, калі эканамічная сітуацыя працягне пагаршацца, зараз сказаць цяжка.
І яшчэ важны момант. Стратэгія пуцінскай Расіі датычна краін Еўропы палягае ў тым, каб праз пагаршэнне ўласнага дабрабыту людзі пачалі выступаць за спыненне вайны і паляпшэнне адносін з Масквой. Дык вось прынамсі ў Германіі гэта так не працуе. Немцы не дурныя, як лічыць расійская прапаганда. Яны разумеюць, хто насамрэч вінаваты ў такім становішчы. І ў выпадку далейшых цяжкасцей людзі будуць найперш незадаволеныя Расіяй. Антырасійскія настроі могуць узрасці.
— Людзі ў Германіі стаміліся ад вайны?
— Так, стомленасць прысутнічае. Грамадства нібыта прызвычаілася да новай рэальнасці. На пачатку вайны немцы былі ў шоку — а цяпер жывуць разам з вайной. Стала менш тых, хто адсочвае сітуацыю ва Украіне. Дапамогі раней было болей, чым зараз.
Разам з тым людзі па-ранейшаму падтрымліваюць і санкцыі супраць Расіі, і пастаўкі зброі Украіне. Нядаўняе апытанне паказала, што траціна немцаў выступае за павелічэнне паставак, яшчэ траціна — за захаванне аб'ёмаў на цяперашнім узроўні. Адпаведна, толькі астатняя траціна хоча скараціць альбо прыпыніць гэтую дапамогу.
— Вядома, што ў Германіі сярод мігрантаў з постсавецкіх краін нямала прыхільнікаў Пуціна і развязанай імі вайны. Здараюцца і канфлікты на гэтай глебе.
— Канфлікты ёсць. І ўжо заведзены сотні крымінальных спраў у кантэксце вайны. За напады на ўкраінцаў, за літары Z. Літаральна на гэтым тыдні пачаўся суд над былым афіцэрам бундэсвера, якога вінавацяць у шпіянажы на карысць Расіі.


Варта разумець, што людзей з постсавецкім бэкграўндам у Германіі вельмі шмат — як ні ў якой іншай краіне ЕС. Іх па розных падліках ад трох да пяці мільёнаў, не лічачы недзе 900 000 украінцаў, якія прыехалі пасля 24 лютага. Зразумела, што яны вайну абмяркоўваюць, выказваюць розныя думкі. Паміж імі здараюцца сутычкі.Тут праходзяць акцыі салідарнасці з Украінай, даволі шматлікія. У пачатку вайны былі і прарасійскія мітынгі, але ўжо летам яны зніклі. Чаму? Справа ў тым, што ўрад і нямецкае грамадства занялі выразную праўкраінскую пазіцыю. На гэтым фоне прапуцінскія актывісты сышлі з публічнай прасторы. Перакачавалі ў інтэрнэт, у групы ў тэлеграме. Засяродзіліся на праглядзе расійскіх тэлеканалаў, якія хоць і выключылі з кабельных сетак, але пры жаданні можна знайсці.
Гэтыя людзі разумеюць, што падтрымка вайны можа мець наступствы. Яны лічаць, што іх пераследуюць па палітычнай прыкмеце. Але насамрэч праблемы могуць узнікнуць перш за ўсе не з паліцыяй ці юстыцыяй, а на побытавым узроўні. На той жа працы, дзе калегі не будуць вітаць твае погляды.

medium_24.jpg


— Апошняе пытанне да вас як да палітычнага аглядальніка. Што будзе далей з Еўропай?
— У розных краінах можа быць па-рознаму. У Італіі, напрыклад, чакаюцца выбары, невядома, хто прыйдзе да ўлады. Але агулам сітуацыя будзе пагаршацца, зіма будзе вельмі складаная. Расія працягне выкарыстоўваць газ як палітычны інструмент.
Але важна тое, што зіма — гэта апошняя эканамічная магчымасць Пуціна паўплываць на палітычнае жыццё ў Еўропе. Час працуе супраць яго. Краіны ЕС прынялі прынцыповае рашэнне паступова адмовіцца ад расійскіх энерганосьбітаў. І залежнасць ад іх памяншаецца з кожным месяцам. Таму цяпер трэба проста вытрымаць гэты перыяд. Зрабіць гэта будзе лягчэй, калі зіма не акажацца халоднай.
Калі ж казаць менавіта пра Германію, то звярну ўвагу яшчэ на адну асаблівасць немцаў. Я адзначаў, што рост коштаў і інфляцыя выклікаюць незадаволенасць у насельніцтва, але тут ёсць і іншы бок, за якім цікава назіраць.
Я жыву ў Германіі ўжо 22 гады, і за гэты час грамадства не сутыкалася з такім выклікам, як сёння. Дык вось адказваюць на выклік немцы досыць спакойна і крэатыўна. Дыскусіі ў медыя вядуцца ўзважана, прафесійна. А звычайныя людзі нібыта спаборнічаюць у тым, як лепей сэканоміць на электрычнасці, газе ці нечым іншым. Творчая энергія такая, што складваецца ўражанне, быццам немцам гэта нават падабаецца.
Для іх гэта новая сітуацыя. Цяпер трэба вучыцца жыць у новых умовах, і насельніцтва гэта робіць. І аніякай панікі няма. Ужо таму мне падаецца, што Германія пройдзе цяжкі перыяд з годнасцю. Так, магчыма, прымуць новыя захады для эканоміі — напрыклад, будуць выключаць ноччу рэкламу на вуліцах. Магчыма, на нейкім этапе людзі выйдуць на вуліцы, але пратэсты — звычайная справа для Германіі. Але ў цэлым аніякай катастрофы не здарыцца.