Ці ёсць каму забіраць грошы з банкаў?
Увесь час пры любым крызісе кажуць, што беларусы здымаюць грошы з банкаўскіх дэпазітаў і пераводзяць іх у цвёрдую валюту. Але ці насамрэч гэта так? Падаецца, гэта ўсё ж толькі ўстойлівы міф.
Некалькі разоў на год Нацбанк публікуе інфармацыю аб тым, што з сябе ўяўляе структура банкаўскіх дэпазітаў у краіне. Дзякуючы гэтаму можна лёгка ўявіць партрэт тыповага беларускага ўкладчыка, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Звычайна кажуць, колькі людзі захоўваюць грошай і ў якой валюце. А мы для пачатку вывучым гендарны аспект. Калі мы паглядзім на графік, то ўбачым, што 61,1% укладаў размясцілі ў беларускіх банках жанчыны, і толькі 39,9% — мужчыны.
Пра што гэта кажа? Напрыклад, можна меркаваць, што беларускія жанчыны больш ашчадныя, часцей адказваюць за фінансы ў сям’і, магчыма, у іх больш высокая фінансавая пісьменнасць. У той жа час, мужчыны больш давяраюць або жывым грошам, або часцей імкнуцца пусціць іх у абарот.
Пры гэтым як жанчыны, так і мужчыны значна часцей размяшчаюць безадкліекальныя ўклады. Логіка зразумелая: працэнтныя стаўкі па іх адчувальна вышэй, хоць неабходнасць зняць грошы ў тэрміновым парадку ставіць чалавека ў складанае становішча. Цяпер 77% зберажэнняў ляжаць на безадклікальных укладах, і ўсяго 23% — на аклікальных. Пры гэтым сярод жанчын 19% размясцілі грошы на адклікальныя ўклады, у той час як сярод мужчын — толькі 4%.
Уласна кажучы, ужо на гэтым этапе пачынае станавіцца зразумела, што байка пра тое, што пры любым крызісе беларусы бягуць у банк і адразу здымаюць усе свае зберажэнні, не зусім рэалістычная. Вельмі многія або наогул не маюць магчымасці зняць уклад, або не хочуць пазбаўляцца адсоткаў, якія згараюць пры датэрміновым скасаванні дагавора з банкам.
Яшчэ больш цікавую карціну дае нам узрост укладчыкаў. Асноўны аб’ём укладаў зроблены беларусамі, старэйшымі за 64 гады. Гэта менавіта тая частка грамадства, якая найбольш цяжка мяняе звычкі, схільная давяраць банкаўскай сістэме і, апасродкавана — дзяржаве. У той жа час, можна сказаць, што гэтая катэгорыя мае кансерватыўныя погляды на зберажэнні і не давярае сучасным інструментам інвестыцый. Важна абмовіцца, што сёння ў прынцыпе праца з іншымі відамі інвестыцый, напрыклад, аблігацыямі прыватных кампаній, звязаная з вельмі вялікімі рызыкамі.
Тое, што асноўны працэнт укладчыкаў — людзі сталага ўзросту, лагічна. Чым больш ты жывеш, тым больш у цябе назапашваецца свабодных фінансавых рэсурсаў і магчымасцяў.
У частцы ўкладаў, зробленых мужчынамі, 42% прыпадае на ўзроставую групу 64+, 38% — на ўзроставую групу 46 — 63 года і толькі 19% на ўзроставую групу 26 — 45 гадоў. Па ўкладах, зробленых жанчынамі, карціна адрозніваецца: на групу 64+ прыходзіцца 38% укладаў, на 46 — 63 года — 28%, а на 26 — 45 гадоў — 33%.
Пра што кажа гэтая інфармацыя? Пра тое, што прэваляванне «жаночых» укладаў над «мужчынскімі» у дэпазітным партфелі банкаў у цэлым забяспечана за кошт жанчын ва ўзросце да 45 гадоў. Падобна на тое, што жанчыны пачынаюць адкладаць значна раней мужчын і робяць гэта больш стабільна на працягу ўсяго жыцця, графік выразна паказвае, што доля ашчадных жанчын размеркавалася па ўзростам досыць роўна. У той жа час мужчыны да 45 гадоў жывуць досыць бестурботна, але пасля наступлення крызісу сярэдняга ўзросту пачынаюць інтэнсіўна збіраць і несці грошы ў банк.
Яшчэ адна важная і характэрная лічба — укладчыкаў да 26 гадоў сярод мужчын і жанчын мізэрны 1%. Гэта значыць, людзі ў гэтым узросце або практычна не маюць зберажэнняў, або выкарыстоўваюць іншага роду інвестыцыі.
Падводзячы вынік, вернемся да таго, з чаго пачыналі. Калі надыходзіць чарговы калапс, эканамічныя і палітычныя ўзрушэнні, многія чакаюць, што ўмоўны «народ» паваліць масава здымаць уклады з рахункаў у банках і здыме ўсё да апошняй капейкі. Цяпер мы можам дастаткова дакладна сказаць, што гэта будуць за ўкладчыкі: людзі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту, трымальнікі безадклікальных дэпазітаў. Як вы лічыце, ці такое магчыма?