БТ паразмаўляла з байцом-каліноўцам, які «прыехаў ва ўвальненне». Але ён сышоў з палка пасля праверкі СБУ

Прапагандысты падрыхтавалі інтэрв'ю з байцом палка Каліноўскага, які «прыехаў ва ўвальненне». Фрагмент гутаркі размясціла ў сваім тэлеграм-канале супрацоўніца «Беларусь 1» Лебедзева. У прэс-службе палка «З*ркалу» пацвердзілі: сапраўды ў іх быў такі вайсковец, але пасля праверкі СБУ, у чэрвені ён пакінуў фармаванне.

viktor_savich_1.jpg

На запісе, які выклала прапагандыстка, малады чалавек кажа, што ніякіх разрэкламаваных пяці палкоў беларусаў ва Украіне няма. Ёсць толькі полк Каліноўскага, і ў ім, паводле яго слоў, 160 чалавек.

У прэс-службе палка Каліноўскага распавялі, што хлопца ў кадры клічуць Віктар Савіч, ён з Гомеля. Да падраздзяленню далучыўся яшчэ ў пачатку вайны, а ў чэрвені пакінуў фарміраванне.

— У пошуках падвойных агентаў СБУ вывучае анкеты ўсіх байцоў і перыядычна выбарачна забірае людзей на праверку на паліграф. Запрасілі і Віктара. Пасля гэтага нам далі заключэнне, што ў дадзенага байца ёсць псіхічныя растройствы і праблемы з наркотыкамі, — распавялі ў прэс-службе фармавання. — Яшчэ да праверкі ён агучваў тэорыі загавара, казаў, што ў палку нібыта «круцяцца» мільёны і іх дзеляць. Маляваў у сябе ў галаве канспіралагічныя схемы. Улічваючы ўсё гэта і вынікі праверкі на паліграфе, кіраўніцтва запрасіла яго на размову. Падчас гутаркі ён заявіў, што ўжо ўсё нармальна і што не хоча ні ў чым разбірацца. Затым ён сказаў, што хацеў бы звольніцца і вярнуцца ў Польшчу. Яго спакойна адпусцілі.

Раней Віктар даваў інтэрв'ю блогеру Сяргею Бяспалаву, у якім распавядаў, што ў Беларусі ў яго была доля ў бізнэсе. Іх фірма займалася лесам. Пасля пратэстаў малады чалавек збег у Літву.

— Пасля таго, як ва Украіне пачалася вайна, палічыў, што мне таксама трэба дапамагчы ўкраінскаму народу. Асабліва таму, што напад рыхтаваўся з тэрыторыі маёй краіны, — тлумачыў Віктар, як анаказўся сярод байцоў.

Ва Украіну ён прыехаў яшчэ з чатырма добраахвотнікамі.

— Я думаю, чаму Украіна выйграе? Таму што ўмовы, трэніроўкі і стаўленне ў калектыве такія, што ты з малазнаёмымі людзьмі вельмі збліжаешся і гатовы жыццё аддаць, — разважаў Віктар. — І супраць нас стаіць Армія, у якой камандзір біў, адбіраў грошы. Для мяне стала нечаканасцю ў батальёне, што ты глядзіш на людзей, якія прыехалі і гатовыя рызыкаваць сваімі жыццямі. Гэта іншыя беларусы.

Паводле інфармацыі прэс-службы палка, пра тое, што Віктар стаў добраахвотнікам, сілавікі даведаліся яшчэ да гэтага відэа.

— Прыйшлі да яго бацькоў. Яны адмовіліся запісваць відэа, пасля чаго мама і тата апынуліся на «сутках», — распавядаюць у прэс-службе палка. — Для нас дзіўна, што на фоне гэтага чалавек вырашыў вярнуцца ў Беларусь і даваць інтэрв'ю прапагандзе.

Па беларускім заканадаўстве несанкцыянаваны ўладамі Беларусі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы (праўда, патрабуецца фактар атрымання матэрыяльнай выгады) лічыцца наёмніцтвам. Артыкул 133 КК Беларусі (наёмніцтва) прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, ёсць артыкул 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях) — да 5 гадоў пазбаўлення волі — пры ўмове, што не было факту атрымання матэрыяльнай выгады.